Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заявіла, што ў яе ў палоне грамадзяне 51 краіны, якія ваявалі за Расею. Ёсьць там і беларусы

Дзьмітры Лубінец
Дзьмітры Лубінец

Масква працягвае вэрбаваць на вайну грамадзянаў іншых краінаў. Лік ідзе на дзясяткі розных дзяржаў.

Грамадзяне 51 краіны, якія ваявалі на баку Расеі, трапілі ва ўкраінскі палон, заявіў 4 жніўня на сустрэчы кіраўнікоў замежных дыпляматычных устаноў Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітры Лубінец.

«Замежнікі з 51 краіны былі захопленыя ўва Ўкраіне ў час баявых дзеяньняў у складзе войска расейскіх акупантаў. Таму важна сумленна і адкрыта сказаць сьвету, што ўдзел у вайне на баку Расеі мае рэальныя юрыдычныя наступствы», — сказаў Лубінец, словы якога падае ўкраінская служба Радыё Свабода.

У канцы траўня Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла, што ў палоне ў яе ёсьць сотні замежнікаў з больш як 48 краінаў сьвету, якіх Расея завабіла ў вайну шляхам падману і фінансавых маніпуляцый.

Паводле зьвестак BBC, па стане на пачатак ліпеня 2026 году ў змаганьні за маскоўскія інтарэсы загінулі ня менш за 3589 замежнікаў.

Паведамленьні аб вэрбаваньні Расеяй замежнікаў зьявіліся ў СМІ два гады таму, калі гаворка ішла пра байцоў з Нэпалу. Затым паступілі паведамленьні аб вэрбаваньні ўва Ўгандзе, Этыёпіі, Нігерыі, Руандзе, Паўднёвай Афрыцы, Батсване і Кеніі.

У пачатку 2026 году амэрыканскі аналітычны цэнтар Foundation for Defense of Democracies (FDD) апублікаваў справаздачу аб праграме «Алабуга Старт» у Татарстане. Паводле зьвестак дасьледнікаў, менавіта празь яе маладыя жанчыны з Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі вэрбуюцца ў Расею.

Сёлета ў сакавіку Эўрапейскі парлямэнт абвінаваціў Расею ў гандлі людзьмі праз вэрбоўку для вайны супраць Украіны. Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі Эўрапейскі Зьвяз, дзяржавы і ўрады краін паходжаньня завэрбаваных людзей больш актыўна супрацоўнічаць у расьсьледаваньні такіх схемаў, іх прадухіленьні і спрыяньні вяртаньню наймітаў дадому.

Колькі беларусаў знаходзяцца ва ўкраінскім палоне

Сёлета ў ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.

«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніны Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.

30 ліпеня сёлета стала вядома яшчэ пра аднаго — бабруйчаніна Сяргея Тарасава, які ваяваў за расейскіх акупантаў з 2024 году. Тарасаў ня змог абгрунтаваць сваю матывацыю пайсьці ваяваць, толькі адзначыў, што нарадзіўся ў СССР і дагэтуль лічыць Украіну, Беларусь і Расею адзінай краінай — Савецкім Саюзам. Сьцвярджаў, што нібыта нікога не забіў.

Да гэтага былі вядомыя прозьвішчы 17 беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон. З улікам Тарасава цяпер вядомыя 18 прозьвішчаў.

У шэрагу выпадкаў, як гаворыць укранскі бок, палонныя беларусы сядзелі ў расейскіх турмах за розныя злачынствы або прыяжджалі ў Расею ў пошуках грошай і ў выніку наймаліся на вайну з ідэйных або чыста мэркантыльных меркаваньняў.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.

За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG