Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве назвалі лік узятых у палон беларусаў і паведамілі дэталі перамоваў пра абмен Іны Кардаш

Абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй, кастрычнік 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй, кастрычнік 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.

«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніны Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.

Багдан Ахрыменка
Багдан Ахрыменка

У той жа час Багдан Ахрыменка не адказаў на пытаньне, ці зьвярталіся ўлады Беларусі да Ўкраіны наконт вызваленьня беларусаў і ў якім фармаце.

Раней грамадзян Беларусі абменьвалі ў межах расейска-ўкраінскіх абменаў, што адбываліся на беларускай тэрыторыі. Украінскі бок кожны раз зьвяртаў увагу, што беларусаў перадавалі Расеі, аднак вядомы прынамсі адзін факт, калі перададзенага палоннага — былога байца Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі Максіма Зязюльчыка — пасьля вызваленьня з украінскага палону асудзілі паводле артыкулаў 133 і 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі (найміцтва і здрада дзяржаве адпаведна). Пакараньне Зязюльчык адбывае ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове (Магілёўская вобласьць).

Свабода раней ідэнтыфікавала 17 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.

Кіеў прапанаваў перадаць беларуску Кардаш ня толькі Менску

Як вынікае з адказу на запыт Свабоды, Кіеў прапаноўваў і Беларусі, і Расеі абмяняць грамадзянку Беларусі Іну Кардаш, затрыманую сёлета ў студзені паводле падазрэньня ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Багдан Ахрыменка падкрэсьліў, што ўкраінская дзяржава адкрытая да абмеркаваньня якіх-хаця спосабаў вяртаньня ўкраінскіх грамадзян, пазбаўленых асабістай свабоды, у тым ліку перадачы Расеі і Беларусі іхных грамадзян, якіх ва Ўкраіне абвінавачваюць у шпіянажы або якія ўжо адбываюць пакараньне паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу краіны.

«І расейская ўлада, і ўлада Беларусі паінфармаваныя аб магчымасьці і гатоўнасьці Ўкраіны да такога працэсу. Але не першыя, ні другія не сьпяшаюцца забіраць сваіх „праваленых“ агентаў, пра што сьведчыць статыстыка дзяржаўнага праекту „Хачу да сваіх“, — адзначыў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі.

Багдан Ахрыменка ўдакладніў, што ў пералік праекту «Хачу да сваіх» уключылі больш за 400 прозьвішчаў калябарантаў і шпіёнаў. Большасьць іх чакаюць такога абмену 6–8 месяцаў, а ў некаторых выпадках — амаль два гады.

У той жа час прадстаўнік Каардынацыйнага штабу не адказаў на пытаньне аб агульным ліку грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі і частку якіх перадавалі Кіеву разам з ваеннапалоннымі ці беларускімі палітвязьнямі.

«У мэтах бясьпекі ўсіх удзельнікаў працэсу мы не камэнтуем гэтае пытаньне, бо гэта можа пашкодзіць арганізацыі будучых падобных захадаў», — падкрэсьліў Багдан Ахрыменка.

Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».

Дасудовае расьсьледаваньне яе справы завяршылі. Пасьля судовага разгляду абвінаваўчага акту на адпаведнасьць украінскаму заканадаўству суд павінен пачаць разглядаць справу зьмястоўна. Цяпер Іна Кардаш знаходзіцца ў Кіеўскім СІЗА.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG