Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіўся разглядаць справу затрыманай у Кіеве беларускай журналісткі Кардаш. У чым прычына

Іна Кардаш. Архіўнае фота
Іна Кардаш. Архіўнае фота

Падрыхтоўчае паседжаньне суду ў справе Іны Кардаш адбылося, але статус абвінаваўчага акту ня вызначылі.

Як стала вядома Свабодзе, падрыхтоўчае паседжаньне суду, на якім мусілі разгледзець адпаведнасьць абвінаваўчага акту ўкраінскаму заканадаўству, адбылося 18 чэрвеня, аднак судзьдзя, які атрымаў справу шляхам аўтаматычнага разьмеркаваньня, ня змог пачаць працэс.

Як высьветлілася, у справе Іны Кардаш шмат матэрыялаў, пазначаных грыфам «таемна» і не рассакрэчаных у вызначаным заканадаўствам парадку. Судзьдзя, які атрымаў справу, ня мае адпаведнага доступу да такіх матэрыялаў і зьвярнуўся да свайго кіраўніка з просьбай прызначыць іншага судзьдзю або склад судзьдзяў, якія такі доступ маюць.

У той жа час суд падтрымаў хадайніцтва пракуратуры аб працягу ўтрыманьня Іны Кардаш у Кіеўскім сьледчым ізалятары да 16 жніўня 2026 году. Яе адвакатка настойвала, каб яе вызвалілі пад цэладзённы хатні арышт, але суд не пабачыў для гэтага падставаў.

Што папярэднічала

Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».

20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іны Кардаш, каб забясьпечыць вядзеньне крымінальнай справы.

Расьсьледаваньне справы мела закончыцца 20 чэрвеня.

У пачатку траўня кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка паведаміў, што Менск зьвяртаўся да Кіева наконт абмену Іны Кардаш.

«Такі сыгнал быў, але, акрамя размоваў, пакуль нічога няма. Мы адкрытыя для прапановаў. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў у нашай краіне, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі ў камунікацыі зьявяцца практычныя прапановы, мы іх разгледзім», — сказаў Багдан Ахрыменка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».

22 чэрвеня стала вядома аб завяршэньні расьсьледаваньня справы Іны Кардаш і перадачы абвінаваўчага акту ў суд.

Пасьля ацэнкі яго адпаведнасьці патрабаваньням украінскага заканадаўства павінны пачаць зьмястоўны разгляд справы.

Згодна з працэдурай, вызначанай Крымінальным працэсуальным кодэксам Украіны, на папярэднім этапе, то бок у выніку разгляду абвінаваўчага акту, калі ёсьць падставы, судзьдзя можа нават закрыць справу. Калі абвінаваўчы акт будзе адпавядаць законным патрабаваньням, суд павінен прызначыць дату пачатку разгляду.

Кваліфікацыю злачынства, учыненага Інай Кардаш, не зьмянілі — Іну Кардаш абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнаю таямніцаю). Ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG