Папярэдне, у сьпісах палонных, якіх Украіна перадала Расеі, грамадзян Беларусі няма.
Уладзімір Зяленскі паведаміў, што 26 чэрвеня з палону былі вызваленыя 160 украінскіх вайскоўцаў. Усе яны знаходзіліся ў палоне з 2022 году.
Як і раней, абмен ажыцьцяўляўся на мяжы Беларусі і Ўкраіны.
«Большасьць з перададзеных сёньня Расеі ваеннапалонных — 87 з 160 — былі знойдзеныя сваякамі праз праект „Хачу знайсьці“. [...] Масква ў чарговы раз забрала з палону тых, каго прасьцей зноў адправіць ваяваць», — сказаў Свабодзе прадстаўнік украінскага праекту Аляксандар Семянцоў.
Прадстаўніца расейскага праекту «Наш выход» Ірына Крыніна адзначыла, што 131 расейскі вайсковец знаходзіліся ў палоне ад некалькіх месяцаў да году. Іншыя, паводле яе, чакаюць абмену больш за два гады.
Пазьней інфармацыю аб абмене пацьвердзіла ўпаўнаважаная Расеі Яна Лантратава. Паводле яе, расейскім вайскоўцам нададуць мэдычную дапамогу ў Беларусі, а потым перавязуць у Расею «для лекаваньня і рэабілітацыі».
Чаму гэта важна
Расея і Ўкраіны праводзяць абмены палоннымі на беларуска-ўкраінскай мяжы з 2024 году, калі гэта стала немагчыма рабіць на ўкраінска-расейскай мяжы праз пачатак украінскімі войскамі апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі.
Грамадзяне Беларусі ваююць на баку Расеі і Ўкраіны, і ў абедзьвюх краінах ёсьць ваеннапалонныя беларусы.
Згодна зь неафіцыйнай інфармацыяй, у расейскім палоне знаходзяцца прынамсі двое грамадзян Беларусі, а ва ўкраінскім — ня менш за 17 беларусаў.
З пачатку вайны Ўкраіна перадала Расеі некалькіх палонных беларусаў.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум