Як стала Свабодзе з інфармаваных крыніц, справу ў пачатку жніўня перадалі ў Пячэрскі раённы суд Кіева. Аднак дату пасяджэньня яшчэ не прызначылі.
Раней сьледзтва накіроўвала абвінаваўчы акт на разгляд Падольскага раённага суду Кіева. Выбар гэтага суда быў абумоўлены раёнам затрыманьня Іны Кардаш. Гэта адбылося ў рэстаране грузінскай кухні Khachapuri Ta Vyno ў Падольскім раёне ўкраінскай сталіцы.
Аднак судзьдзі Падольскага раённага суда не змаглі нават пачаць разгляд нават абвінаваўчага акту, бо яны ня мелі доступу да сакрэтнай інфармацыі. Раней і Кацярына Юсупава, адвакатка Іны Кардаш, скардзілася на немагчымасьць азнаёміцца з усімі матэрыяламі справы, паколькі шмат зь іх пазначаныя грыфам «таемна» і не рассакрэчаныя ў вызначаным заканадаўствам парадку.
Тады Кіеўскі апэляцыйны суд ухваліў рашэньне аб вяртаньні справы Іны Кардаш на разгляд у Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева, які, уласна, ухвальваў усе рашэньні на стадыі дасудовага расьсьледваньня, у тым ліку аб працягу трыманьня яе пад вартай, арышце маёмасьці і гэтак далей.
Што папярэднічала
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».
Дасудовае расьсьледаваньне яе справы завяршылі. Пасьля судовага разгляду абвінаваўчага акту на адпаведнасьць украінскаму заканадаўству суд павінен пачаць разглядаць справу зьмястоўна. Цяпер Іна Кардаш знаходзіцца ў Кіеўскім СІЗА.
У ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Свабодзе паведамілі, што Кіеў прапаноўваў і Беларусі, і Расеі абмяняць грамадзянку Беларусі Іну Кардаш.
Кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка падкрэсьліў, што ўкраінская дзяржава адкрытая да абмеркаваньня якіх-хаця спосабаў вяртаньня ўкраінскіх грамадзян, пазбаўленых асабістай свабоды, у тым ліку перадачы Расеі і Беларусі іхных грамадзян, якіх ва Ўкраіне абвінавачваюць у шпіянажы або якія ўжо адбываюць пакараньне паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу краіны.
«І расейская ўлада, і ўлада Беларусі паінфармаваныя аб магчымасьці і гатоўнасьці Ўкраіны да такога працэсу. Але не першыя, ні другія не сьпяшаюцца забіраць сваіх «праваленых» агентаў, пра што сьведчыць статыстыка дзяржаўнага праекту «Хачу да сваіх», — адзначыў ён у адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
13 жніўня стала вядома, што Ўкраіна можа абмяняць беларуску Кардаш на ўкраінскіх журналістаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне.
Форум