Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бабарыка спрабуе змадэляваць 2020 год у новай рэчаіснасьці», — Карбалевіч

Віктар Бабарыка на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, 8 жніўня 2026 года. Фота: lookby.media
Віктар Бабарыка на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, 8 жніўня 2026 года. Фота: lookby.media

Сьцісла

  • Грамадзкая незапатрабаванасьць — драма больш чым аднаго пакаленьня таленавітых беларусаў, якія не змаглі рэалізаваць сябе праз дыктатуру.
  • Віктар Бабарыка ўступіў у палітычнае змаганьне, кіруючыся лёгікай бізнэс-мэнэджэра.
  • Спроба змадэляваць электаральную сытуацыю 2020 года ў новых умовах выклікае шмат пытаньняў.

Віктар Бабарыка даволі крытычна ставіцца да дзейнасьці цяперашняй беларускай апазыцыі. Ён імкнецца апэляваць да сваёй электаральнай базы 2020 году. Якія недахопы мае такі мэнэджэрскі падыход да палітычнай барацьбы ў беларускіх умовах?

Драма незапатрабаванасьці

Напярэдадні вызваленьня зь вязьніц знакавых фігур беларускай апазыцыі пэўная частка грамадзтва мела завышаныя чаканьні. Маўляў, вось выйдзе на свабоду Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі — і нешта памяняецца. Яны ўзначаляць, павядуць, зрынуць. Паколькі чаканьні не спраўджваліся, наступала лёгкае расчараваньне. Мусіць, асобы Віктара Бабарыкі гэта тычылася больш за іншых. Бо шэсьць гадоў таму ў яго зьявілася найбольш прыхільнікаў.

Расчараваньне аказалася ўзаемным. У апошнім інтэрвію Бабарыкі Свабодзе ён паскардзіўся на сваю незапатрабаванасьць. «Як і ў 2020-м годзе, я зразумеў, што нікому не патрэбны… Я не патрэбны дзейным гульцам ні ў якой якасьці», — канстатаваў былы прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду.

Прафэсія палітыка манапалізаваная адным чалавекам — Аляксандрам Лукашэнкам

Грамадзкая незапатрабаванасьць — гэта праблема ня толькі асобных таленавітых і амбіцыйных людзей. Гэта драма краіны. Вось адышоў у лепшы сьвет Аляксандр Мілінкевіч, — адзін з волатаў беларускага апазыцыйнага руху, таксама былы кандыдат у прэзыдэнты, чалавек з нерэалізаваным палітычным патэнцыялам.

Маем драму больш чым аднаго пакаленьня таленавітых людзей, якія маглі б прынесьці карысьць Беларусі. Але прафэсія палітыка выкрасьлена з грамадзкага рэестру або, дакладней, манапалізаваная адным чалавекам — Аляксандрам Лукашэнкам. А там, дзе няма палітыкі, ня можа быць і палітыкаў. Адначасова гэта і трагедыя грамадзтва, якое страціла сваю палітычную эліту.

Рэфлексія наконт досьведу 2020 году

Віктар Бабарыка даволі крытычна ставіцца да дзейнасьці цяперашняй беларускай апазыцыі. Ён кажа: «Шлях нашых дэмакратычных сілаў — гэта клясычны шлях эміграцыі… Мы працуем самі для сябе. То бок як апазыцыя ў 2016-м, 2018-м працавала сама для сябе, выбудоўвала той сьвет, які яна лічыла патрэбным, асабліва не цікавячыся, а які сьвет, уласна, патрэбны беларусам».

Тут пытаньне ракурсу, зь якога можна глядзець на сытуацыю. Сам Бабарыка ня ёсьць традыцыйным апазыцыйным палітыкам. Ён перадусім мэнэджэр, які ўступіў у палітычнае змаганьне зь лёгікай бізнэсоўца, дзейнічаў паводле добра распрацаванага бізнэс-пляну. Гэты вобраз эфэктыўнага мэнэджэра прыйшоўся да спадобы беларусам, а ягоная папулярнасьць вельмі хутка вырасла.

З гледзішча мэнэджэра, Віктар Бабарыка павінен быў перамагчы ў прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. І ня варта вінаваціць яго ў тым, што не перамог, бо недакладна пралічыў. Усё пралічыць немагчыма, як у бізнэсе, так і ў палітыцы.

Мэнэджэрскі праект разьбіўся аб такую ступень брутальнасьці, на якую Бабарыка не разьлічваў

На што ён разьлічваў, калі ўсім вядома, што выбараў у Беларусі не існуе? Часткова на гэтае пытаньне адказаў сам Віктар Бабарыка, канстатаваўшы «абмежаванасьць любой неэфэктыўнай сыстэмы» і «магчымасьці, якія даюць новыя інструмэнты на базе сучасных тэхналёгій». Ён казаў, што калі нейкі альтэрнатыўны Лукашэнку кандыдат атрымае пераважную большасьць галасоў выбарнікаў, то ўся выбарчая машына зламаецца, бо фальсыфікацыю такіх маштабаў зладзіць немагчыма.

Лёгіка бізнэсоўца мела як свае перавагі, так і недахопы. Мінус палягаў у тым, што палітычныя працэсы разьвіваюцца паводле іншых правілаў, чым бізнэс. Выбарчая машына не развалілася, бо яна зьяўляецца часткай дзяржапарату. Мэнэджэрскі праект разьбіўся аб такую ступень брутальнасьці, на якую ён не разьлічваў. Зь іншага боку, ніхто (і сам Аляксандр Лукашэнка) не разьлічваў на такое маштабнае паўстаньне народу.

Ня варта забывацца, што ў 2020 годзе Бабарыка праявіў асабістую мужнасьць. Яго затрымалі толькі праз тыдзень пасьля атакі на Белгазпрамбанк. Разгром банку, які нядаўна ўзначальваў Бабарыка, стаў сыгналам, што кампанія ідзе паводле жорсткага сцэнару. Гэта была празрыстая прапанова яму зьехаць за мяжу, пазьбегнуўшы турмы. Але ён выбраў іншы лёс і заплаціў (працягвае плаціць, бо ягоны сын Эдуард усё яшчэ за кратамі) за свой выбар звышвялікую цану — 5,5 года за кратамі, зь якіх амаль тры ў рэжыме поўнай ізаляцыі.

Рацыянальны мэнэджмэнт ва ўмовах эміграцыі

Выкінуты ў эміграцыю Віктар Бабарыка як дасьведчаны мэнэджэр хацеў бы працаваць на вынік, а не на працэс. Ён імкнецца атрымаць канкрэтны здабытак, які можна памераць, а ня нейкі эфэмэрны, што хаваецца за гарызонтам часу (калі адчыніцца «акно магчымасьцяў»).

Кіруючыся такой лёгікай, Бабарыка хацеў бы вярнуцца ў 2020 год, штучна змадэляваць тагачасную сытуацыю, калі ягоны вобраз дакладна трапіў у фокус грамадзкіх настрояў. Таму ён і кажа, што варта арыентавацца на запыт большасьці, які, як сьведчыць сацыялёгія, не зусім супадае з тым, што прапануе апазыцыя. «І пачынаць трэба з таго, каб дакладна зразумець і размаўляць зь беларусамі пра тое, што іх насамрэч хвалюе», — кажа Бабарыка. У якасьці адказу ён прапанаваў праект Belarus Network, які мусіць стаць мостам паміж беларусамі, якія жывуць унутры краіны і за яе межамі.

Цяжка ўвайсьці ў адну раку праз столькі часу, бо шмат што памянялася

З гледзішча клясычнай паліттэхналёгіі, рацыянальнага мэнэджмэнту, імкненьне Бабарыкі захаваць сваю электаральную базу 2020 году выглядае разумна. Аднак тут ёсьць праблемы. Справа нават ня ў тым, што цяжка ўвайсьці ў адну раку праз столькі часу, бо шмат што памянялася.

Калі ўзяць той жа праект Belarus Network. Апавядаючы пра ягоны зьмест, Бабарыка кажа: «У нас ёсьць партнэр, які ўмее і робіць сыстэму камунікацыі, то бок сеткавую інфраструктуру для таго, каб людзі бясьпечна працавалі і ўзаемадзейнічалі паміж сабой. Адразу скажу, што асноўная праблема і адно з самых важных пытаньняў — гэта бясьпека».

То бок ладзіць камунікацыю з людзьмі ў Беларусі трэба схавана, падпольна, замаскавана, каб не падставіць іх. Але з дапамогай кансьпірацыі цяжка выйсьці на публічную палітыку, без якой немагчыма разьлічваць на электаральны эфэкт.

Ці вось яшчэ, напрыклад, шэсьць гадоў таму ўхіленьне ад геапалітычнага выбару (адмова адказваць на пытаньне «Ты за саюз з Расеяй ці за інтэграцыю ў Эўропу?») моцна пашырыла для Бабарыкі электаральную базу. Але немагчымасьць ухіляцца ад такога выбару, знаходзячыся ў эміграцыі ў Эўропе, ён зразумеў толькі празь нейкі час. Памятаеце ягоныя няпэўныя адказы на пытаньні наконт вайны ва Ўкраіне адразу пасьля вызваленьня?

Ці магчымая «трэцяя сіла»?

Падобная арыентацыя на запыт большасьці мела б сэнс, калі б бліжэйшым часам Беларусь чакалі рэальныя выбары. Але ніякая сапраўдная электаральная кампанія ў Беларусі не праглядваецца на даляглядзе. Адпаведна, ці не выглядаюць у такім разе дзеяньні Віктара Бабарыкі больш адарванымі ад рэальнасьці, чым шлях мэйстрымнай апазыцыі?

І крытычнае стаўленьне Бабарыкі да дзейнасьці існых апазыцыйных цэнтраў, і прэзэнтацыя свайго праекту Belarus Network, які сьведчыць пра асобны падыход, і адмова ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду ў пэўным сэнсе азначаюць, што былы кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду прэтэндуе на статус „трэцяй сілы“, якая пазыцыянуе сябе паміж рэжымам у Беларусі і дзейнымі апазыцыйнымі цэнтрамі ў эміграцыі.

Павел Севярынец, Арцём Брухан і Віктар Бабарыка на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, 8 жніўня 2026 года. Фота: lookby.media
Павел Севярынец, Арцём Брухан і Віктар Бабарыка на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, 8 жніўня 2026 года. Фота: lookby.media

За 32 гады кіраваньня Лукашэнкі такіх спроб было безьліч. І ўсе бяз посьпеху.

У межах створанай у Беларусі сыстэмы — двухполюснай, біпалярнай — усе, хто супраць Лукашэнкі, аўтаматычна выпіхваюцца ў апазыцыю лёгікай палітычнага працэсу. Магнітная сіла гэтых двух палітычных полюсаў (улада-апазыцыя) аказалася настолькі магутнай, што любы суб’ект, які зьяўляецца ў беларускай палітычнай прасторы, акрамя сваёй волі вымушаны альбо прымыкаць да аднаго з гэтых полюсаў, альбо апынуцца па-за гульнёй. Адценьні шэрага абывацеля не цікавяць.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG