Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з самых яскравых і годных палітыкаў Беларусі. Вядомыя людзі згадваюць пра Аляксандра Мілінкевіча

абноўлена

11 жніўня на 80-м годзе жыцьця памёр беларускі палітык і грамадзкі дзеяч Аляксандар Мілінкевіч. Шмат людзей выказалі спачуваньні ягонай сям’і.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што для яе Аляксандар Мілінкевіч быў надзейнай апорай і чалавекам, да думкі якога яна заўсёды прыслухоўвалася зь вялікай павагай.

«Чалавек выключнай годнасьці, сьветлай душы і сьветлага розуму, які стаў для многіх з нас сапраўдным арыенцірам. [...] Ён быў адным з самых яскравых і годных палітыкаў свайго часу. У 2006 годзе змог аб’яднаць вельмі шмат розных партый і рухаў, каб выкарыстаць выбары для актывізацыі нацыянальных сілаў. Яго адданасьць Беларусі, нашай мове і культуры натхняла кожнага, каму выпаў гонар працаваць зь ім побач», — напісала Сьвятлана Ціханоўская.

Паводле яе, Мілінкевіч умеў аб’ядноўваць, слухаць і падтрымліваць у самыя складаныя моманты. «Гэта велізарная і горкая страта для ўсіх нас», — падкрэсьліла яна.

Павал Латушка: няўтомна змагаўся за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі

Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка заявіў аб яскравым сьледзе Аляксандра Мілінкевіча ў гісторыі Беларусі.

«Пайшоў з жыцьця Аляксандр Мілінкевіч. Выбітны беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч. Чалавек, які, безумоўна, пакідае яскравы сьлед у гісторыі Беларусі як той, хто няўтомна змагаўся за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Для мяне было велізарным гонарам быць асабіста знаёмым з Аляксандрам Мілінкевічам, мець магчымасьць шчырых размоў зь ім і карыстацца ягонымі мудрымі парадамі», — паведаміў Павал Латушка ў сваім Telegram-канале.

Арцём Брухан: сапраўдны маральны арыенцір

Сьпікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан заявіў, што для яго асабіста Аляксандар Мілінкевіч быў прыкладам сапраўды беларускага палітыка, які заўсёды ставіў Беларусь на першае месца і заставаўся пры гэтым сапраўдным дэмакратам.

«Ён быў інтэлектуалам, інтэлігентам і для многіх — сапраўдным маральным арыенцірам. [...] Аляксандр Мілінкевіч прыйшоў у палітыку, калі беларуская апазыцыя яшчэ знаходзілася ў меншасьці. У 2006 годзе ён аб’яднаў вакол сябе розныя партыі і рухі і зрабіў вялікі ўклад у тую легендарную Плошчу-2006. Ён быў адукаваны, эмпатычны, сьмелы і рашучы. Сёньня Беларусь і беларусы страцілі неверагоднага, выбітнага Чалавека», — адзначыў Арцём Брухан.

Аляксандар Мілінкевіч быў першай несавецкай альтэрнатывай Лукашэнку

Беларускі палітычны аналітык Юры Дракахруст мяркуе, што Аляксандр Мілінкевіч адыграў вялікую ролю ў найноўшай гісторыі Беларусі.

«Па-першае, ён быў, можна сказаць, скажам так, першай не савецкай альтэрнатывай дзейнай уладзе Аляксандру Лукашэнку вот у найноўшай гісторыі. Усё ж такі і Ганчарык, і Домаш у 2001 годзе былі яшчэ шмат у чым савецкія людзі, а Мілінкевіч ужо ім ня быў і прынамсі гэта ўвасаблялася ў тым, што Мілінкевіч хіба ці не ўпершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі, 20 гадоў таму сфармуляваў эўрапейскую альтэрнатыву, эўрапейскі выбар Беларусі», — сказаў Свабодзе Юры Дракахруст.

Паводле яго, іншымі важнымі момантам, зьвязанымі зь Мілінкевічам, ёсьць плошча 2006 году, якая стала ўзор рашучага, але мірнага пратэсту, а таксама праграма Каліноўскага для тагачасных студэнтаў, якія вымушаныя былі ўцякаць зь Беларусі праз палітычны перасьлед.

«Тады маштаб рэпрэсій быў ну абсалютна несувымерны з тым, што адбыўся пасьля 2020 году, але пачыналася ўжо тады, вось, і ў гэтым сэнсе праект праграмы Каліноўскага быў удалым адказам Захаду, адказам Польшчы, арганізаваным менавіта Мілінкевічам, і гэта таксама вельмі важны быў крок, дзеяньне, якое ён зрабіў», — адзначыў Дракахруст.

Журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч мяркуе, што Аляксандар Мілінкевіч быў эталёнам беларуса ў рамантычнай нацыянальнай літаратуры.

«Мудры, адважны, але і памяркоўны, адукаваны, эмпатычны, вельмі ўважлівы, працавіты і энэргічны чалавек. Менавіта такім быў Аляксандар Мілінкевіч. У ім не было нічога, што б адштурхоўвала. Чалавек са шляхетнай душой, але пры гэтым неверагодна сьціплы. Яго самай запамінальнай рысай для мяне застанецца незвычайны вайб спакою. Пасьля размовы зь ім заўсёды было адчуваньне як пасьля наведваньня канцэрту сымфанічнай музыкі або царквы. Ніякага напружаньня. Лёгкасьць і спакой. Няхай яго душы так будзе ў вечнасьці. Дзякуй Вам за ўсё, сп. Аляксандар», — напісаў Дзьмітры Гурневіч.

Журналіст Ягор Марціновіч назваў Аляксандра Мілінкевіча найлепшым кандыдатам у прэзыдэнты цягам усёй незалежнай гісторыі Беларусі.

«Найлепшы кандыдат за ўсе беларускія прэзыдэнцкія выбары. І палітык, за якога ніколі не было сорамна. Было страшна крыўдна, што мне не хапіла паўгоду, каб атрымаць выбарчае права і аддаць свой голас Мілінкевічу», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Ягор Марціновіч.

Павал Севярынец: чалавек, які слухаў

Колішні палітзьняволены Павал Севярынец згадаў, як у Малое Сітна, дзе ён адбываў палітычную «хімію» і валіў лес, прыехаў Аляксандар Мілінкевіч.

«Прыехаў цэлы картэж, штаб з журналістамі. Начальства разьбеглася. Хтосьці схаваўся. На эстакадзе, дзе расьпілоўвалі бярвеньні, сабраліся рабочыя. І вось я прадстаўляю Мілінкевіча — з адчуваньнем бездані пад нагамі: як ён, інтэлектуал, паліглёт, „заходнік“, будзе гаманіць зь вяскоўцамі ды лесавікамі з глыбінкі, на самай мяжы з Расеяй. А Мілінкевіч прапанаваў выказацца людзям — і проста слухае. Паўгадзіны. Гадзіну. Дзьве. Правал, думаю. Капец. Нічога не гаворыць. Ніякай праграмнай прамовы. Слухае і слухае, зрэдку ківае. Як я ўсё гэта патлумачу мужыкам пасьля ягонага ад’езду — не ўяўляю», — напісаў Павал Севярынец на сваёй старонцы ў Facebook.

«І вось мы разьвітваемся. Мілінкевіч цісьне рукі, сядае ў машыну. Картэж зьнікае ў лясах на грунтовай дарозе. Вяртаюся на эстакаду, халадок пад уздыхам, а там гурма захопленых маіх сіценцаў:

— Паша, які чалавек!..

— Вось гэта моц!

— Вось такога ў прэзыдэнты!!..

А я ў шоку.

— Э-эээ... што вам спадабалася? Ён жа... нічога не казаў.

— Паш!.. ЁН НАС ВЫСЛУХАЎ», — згадаў Павал Севярынец.

Франак Вячорка: яго мудрасьці і аптымізму нам усім будзе вельмі не хапаць

Франак Вячорка, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, адзначыў, што Аляксандар Мілінкевіч быў палітыкам агульнаэўрапейскага маштабу і ўвасабляў той шлях, якім магла б пайсьці Беларусь.

«Ён быў бы цудоўным прэзыдэнтам. І я перакананы: калі б гісторыя склалася інакш, Беларусь зь ім даўно была б пасьпяховай, заможнай, незалежнай эўрапейскай краінай. Для мяне Мілінкевіч — прыклад і ўзор беларускага палітыка. Дзякуючы яму, тысячы людзей прыйшлі ў беларускую справу, у грамадзкае і палітычнае жыцьцё. Яшчэ падчас яго працы ў Горадні, потым падчас выбарчай кампаніі 2006 году, у наступныя гады палітычнай і грамадзкай дзейнасьці і, урэшце, дзякуючы яго ўнівэрсытэту. Ён умеў ня проста весьці за сабой, але і яднаць вакол сябе новых людзей», — сказаў Свабодзе Франак Вячорка.

Паводле яго, гэты палітык вельмі моцна паўплываў і на яго асабіста. «Я працаваў у ягонай камандзе падчас кампаніі 2006 году. Стаяў разам зь ім на Плошчы. Ён падтрымліваў нашыя ідэі, заўсёды знаходзіў словы, каб натхніць і падбадзёрыць. Ён вельмі шмат укладаў у беларускую моладзь — дзяліўся досьведам, ведамі, кантактамі, даваў магчымасьць расьці і спрабаваць», — згадаў ён.

«У 2020-м спадар Аляксандр падтрымаў і Сьвятлану Ціханоўскую. Я ўпэўнены, што ён паўплываў і на яе як на палітыка, і на яе беларускасьць. Ён без ваганьняў пагадзіўся далучыцца да каманды ў якасьці пазаштатнага дарадцы. Дапамагаў усюды, дзе мог: парадай, досьведам, сваім аўтарытэтам і проста чалавечай падтрымкай. Аляксандр Мілінкевіч заўжды быў прынцыповым, але і не бракавала яму гумару. Яго мудрасьці і яго аптымізму нам усім, усёй Беларусі, будзе вельмі не хапаць», — мяркуе Франак Вячорка.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG