Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачалі больш жорстка кантраляваць іншаземцаў у памежнай зоне

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі 6 жніўня пачынаюць дзейнічаць больш жорсткія патрабаваньні да іншаземцаў, якія стала пражываюць за межамі Беларусі і хочуць трапіць у памежную зону.

Цяпер гэта можна будзе зрабіць толькі на падставе адмысловага дазволу на права ўезду (уваходу), часовага знаходжаньня і перамяшчэньня ў памежнай зоне. Для яго атрыманьня іншаземцы павінны зьвярнуцца з адпаведнай заявай на Адзіны партал электронных паслуг (e-pasluga.by). Код паслугі 200.14.1.1. Пропускі выдаюць органы памежнай службы.

У той жа час улады пашырылі пералік дакумэнтаў, на падставе якіх грамадзяне Беларусі, асобы без грамадзянства і іншаземцы, якія стала жывуць на беларускай тэрыторыі, змогуць наведваць памежную зону. Цяпер гэта можна зрабіць ня толькі на падставе пашпарту, вайсковага білету, пасьведчаньня кіроўцы і службовага пасьведчаньня, а і на падставе пэнсійнага пасьведчаньня, пасьведчаньня інваліда, студэнцкага білета і білета навучэнца.

Што папярэднічала

Новыя правілы наведваньня або перамяшчэнья праз памежную тэрыторыю для іншаземцаў прадугледжваюць зьмены ў закон аб дзяржаўнай мяжы Беларусі, ухваленыя 2 лютага 2026 году.

Гэтыя зьмены ўхвалілі ў адным пакеце зь зьменамі у іншыя законы, паводле якіх для беларусаў і замежнікаў пры ўезьдзе ў Беларусь увялі абавязковую дактыляскапічную рэгістрацыю.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG