Польшча заявіла аб посьпеху ў барацьбе зь нелегальнай міграцыяй зь Беларусі, але дзеяньне буфэрнай зоны падоўжыла

На мяжы Беларусі і Польшчы, архіўнае фота
На мяжы Беларусі і Польшчы, архіўнае фота

Улады Польшчы яшчэ на 90 дзён працягнулі дзеяньне буфэрнай зоны на мяжы зь Беларусьсю.

Аб рашэньні паведамляецца на афіцыйным сайце МУС Польшчы. Рашэньне тлумачыцца «пастаянным міграцыйным ціскам» на польска-беларускай мяжы.

Многія мігранты, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Эўрапейскі Зьвяз празь Беларусь, хочуць дасягнуць Заходняй Эўропы.

Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы назвала яшчэ адну прычыну падаўжэньня рэжыму буфэрнай зоны: апошнімі тыднямі ў паветранай прасторы Польшчы пабольшала інцыдэнтаў з мэтэаралягічнымі балёнамі, якія перавозілі кантрабандныя цыгарэты.

У 2022 годзе Польшча засьцерагла сваю мяжу зь Беларусьсю плотам вышынёй 5,5 мэтра і электроннай сыстэмай назіраньня. Але, нягледзячы на ўмацаваньні, нелегальныя мігранты зь беларускага боку надалей штодня спрабуюць перасекчы мяжу.

Урад прэм’ер-міністра Дональда Туска ўвёў буфэрную зону ў чэрвені 2024 году, каб ускладніць кантрабандыстам перамяшчэньне мігрантаў церазь мяжу і палепшыць умовы працы памежнікаў, вайскоўцаў і паліцыі. Буфэрная зона мае шырыню 200 мэтраў ад мяжы, хоць у некаторых раёнах дасягае 4 кілямэтраў.

Паводле МУС Польшчы, зь 5 сьнежня 2025 году Памежная служба краіны зафіксавала больш за 280 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы з тэрыторыі Беларусі. Гэта на 80% менш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2025 году (больш за 1400 спробаў).

«Мы радыя бачыць зьніжэньне міграцыйнага ціску, але пакуль ня лічым гэта трывалым працэсам і таму будзем выкарыстоўваць усе захады, якія дазволілі б нам спыніць незаконную міграцыю на гэтым маршруце. У 2023 годзе гэтую мяжу перасеклі і накіраваліся да заходняй мяжы 12 000 чалавек, у 2024 годзе — 5000, а ў 2025 годзе — больш за 1700. Гэта сьведчыць пра маштаб посьпеху польскіх службаў і польскай дзяржавы ў спыненьні незаконнай міграцыі», — заявіў намесьнік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочэк.

За апошнія два гады ўрад Польшчы вылучыў амаль 3 мільярды злотых (700 мільёнаў эўра) на ўзмацненьне аховы польска-беларускай мяжы, Польшча падоўжыла фізычны барʼер да 190 км і ўсталявала электронны барʼер на ўчастках памежных рэк агульнай працягласьцю амаль 220 км.

  • Польшча і ЭЗ абвінавачваюць Аляксандра Лукашэнку ў арганізацыі перамяшчэньня мігрантаў з рэгіёнаў Блізкага Ўсходу і Афганістану да вонкавай мяжы ЭЗ з мэтай аказаць ціск на Захад.
  • Польскі ўрад вырашыў стварыць буфэрную зону на некаторых участках польска-беларускай мяжы пасьля таго, як на мяжы пры спыненьні спробы групы мігрантаў прарвацца зь беларускага боку праз сталёвую загароду быў паранены нажом шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, які пазьней памёр.
  • Забарона на знаходжаньне ў памежнай зоне Польшчы, прылеглай да дзяржаўнае мяжы з Рэспублікай Беларусь, дзейнічае з 13 чэрвеня 2024 году і падаўжаецца кожныя 90 дзён.
  • Даўжыня буфэрнай зоны складае 60,67 км, шырыня — ад 200 м да 4 км. На працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы.
  • Заезд у буфэрную зону забаронены. Абмежаваньні на перамяшчэньне і знаходжаньне ўнутры буфэрнай зоны ўведзеныя ў 27 паселішчаах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю.
  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
​
XS
SM
MD
LG