4 жніўня літоўскія памежнікі непадалёк ад Друскенікаў выявілі яшчэ адзін падземны тунэль пад мяжой зь Беларусьсю. Знайсьці яго дапамаглі польскія памежнікі, у якіх ёсьць адмысловае абсталяваньне для пошуку падкопаў, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Глыбіня тунэля была паўтара мэтра, а пралаз — умацаваны бярвеньнем і дошкамі. На тэрыторыю Літвы тунэль зайшоў на 4 мэтры ад лініі мяжы, але дакапаць яго не пасьпелі. Зь беларускага боку ўваход прыкрыты маскавальнай тканінай, разгледзелі памежнікі.
Пасьля правядзеньня працэсуальных дзеяньняў тунэль засыпалі зямлёй.
Гэта ўжо трэці тунэль, выяўлены за апошнія тыдні на мяжы з Гарадзенскім раёнам Беларусі
23 ліпеня знайшлі незавершаны 5-мэтровы падкоп. А 26 ліпеня — 11 мэтровы. Усяго ж сёлета Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавала 12 выпадкаў, калі ў мігранты спрабавалі прабрацца ў Літоўскую Рэспубліку пад зямлёй.
Найдаўжэйшы знойдзены ўчастак тунэлю на тэрыторыі Літвы склаў каля 25 м, а агульная даўжыня магла дасягаць 30-40 мэтраў. Некаторыя тунэлі пракладваюцца на глыбіні да 8 мэтраў і ўмацоўваюцца бярвеньнямі.
Чаму гэта важна
Улады Літвы лічаць, што мігранты не маглі б будаваць тунэлі пад мяжой без спрыяньня падначаленых Лукашэнкі.
Начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў заявіў, што будаўніцтва такіх тунэляў — «складаная работа, якая патрабуе пэўных навыкаў і пэўнай лягістыкі».
Паводле яго, «гэта яшчэ раз даводзіць, што ў такой дзейнасьці ўдзельнічаюць ня толькі самыя мігранты, але й беларускі бок таксама актыўна да гэтага далучаецца, магчыма, забясьпечваючы лягістыку або дазваляючы мігрантам дзейнічаць у памежнай зоне».
На думку Любаева, гэта паказвае, што «палітычны рэжым суседняй краіны не адмаўляецца ад сваіх намераў захоўваць напружанасьць на нашай мяжы».
Форум