Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У памежных з Украінай раёнах Гомельшчыны падоўжылі асаблівы памежны рэжым


Нароўля. Ілюстрацыйнае фота
Нароўля. Ілюстрацыйнае фота

У васьмі раёнах Гомельскай вобласьці ўвялі асаблівы памежны рэжым, і цяпер папярэджваюць мясцовых жыхароў аб адміністрацыйнай адказнасьці за яго парушэньні.

Як паведаміла выданьне BraginInfo, прадстаўнікі кіраўніцтва Гомельскай памежнай групы і Брагінскага райвыканкаму правялі сустрэчу зь мясцовымі жыхарамі, на якой папярэдзілі аб адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньні ў памежнай зоне.

У прыватнасьці, першы намесьнік Гомельскай памежнай групы Сяргей Антанюк нагадаў, што за парушэньне парадку ўезду, часовага знаходжаньня і перамяшчэньня ў памежнай зоне або паласе пагражае штраф у памеры ад 10 да 100 базавых велічынь (з 1 студзеня базавая велічыня складае 45 рублёў. — РС).

Сярод тэм, якія асабліва цікавілі мясцовых жыхароў, выданьне назвала толькі адну праблему — беспрытульныя сабакі.

Гомельскі абласны выканкам зацьвердзіў межы памежнай зоны і паласы на тэрыторыі Гомельскай вобласьці 22 сьнежня 2025 году. З 2020 году, калі ўпершыню прымалі аналягічнае рашэньне зоны павялічыліся.

Памежная зона дзейнічае на тэрыторыях Брагінскага, Гомельскага, Добрускага, Ельскага, Лельчыцкага, Лоеўскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў.

З зоны асаблівага памежнага кантролю выключаюцца толькі тэрыторыі санаторыяў, будынкаў адпачынку, іншых аздараўленчых устаноў, а таксама месцы для рэлігійных абрадаў і турыстычныя маршруты, што праходзяць на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка і ўзгодненыя з тэрытарыяльнымі органамі памежнай службы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG