Паводле сьледзтва, беларус плянаваў падпаліць вялікі складзкі комплекс у горадзе Холм Люблінскага ваяводзтва, недалёка ад мяжы з Украінай.
Як паведаміў Яцэк Дабжынскі на сваёй старонцы на плятформе Х, дывэрсію перадухілілі супрацоўнікі Польскага агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW). Паводле яго, абвінавачаны правёў выведку канкрэтнага аб’екта на выкананьне даручэньня замежнай выведкі. У прыватнасьці, ён зрабіў відэа складу і перадаў сабраныя матэрыялы сваім курʼерам.
Польскія спэцслужбы выявілі падрыхтоўку да дывэрсіі яшчэ да яе рэалізацыі. Беларуса затрымалі 13 жніўня 2025 году. З таго часу ён знаходзіцца пад вартай. Да гэтага беларус працаваў бармэнам у адным з рэстаранаў Любліна.
Справу расьсьледавалі ў Люблінскім аддзеле па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй пад працэсуальным кіраўніцтвам Люблінскай філіі Дэпартамэнту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.
Грамадзяніну Беларусі пагражае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі.
У якіх справах у Польшчы затрымлівалі беларусаў
Польскія спэцслужбы неаднаразова заяўлялі аб спробах расейскіх і беларускіх спэцслужбаў ажыцьцяўляць дывэрсіі і сабатажныя акты на тэрыторыі Польшчы, у першую чаргу супраць абʼектаў крытычна важнай інфраструктуры і лягістычных цэнтраў, у тым ліку тых, што выкарыстоўваюцца для падтрымкі Ўкраіны.
Сёлета ў ліпені сталі вядомыя пэўныя падрабязнасьці новага шпіёнскага скандалу, зьвязаным зь дзейнасьцю КДБ у Польшчы. У справе фігуруюць грамадзянін Беларусі Аляксей Б. і Рафал Г. Беларус у 19 гадоў, у Польшчы ён знаходзіўся легальна і працаваў у Варшаве. Затрыманым выставілі абвінавачаньні ў дзеяньнях у інтарэсах замежнай выведкі ў 2024–2025 гадах у Варшаве і іншых месцах краіны.
25–26 лістапада 2025 году ў Варшаве і Беластоку былі затрыманыя пяць падазраваных: грамадзяне Ўкраіны Аляксандар С. і непаўналетняя Сафія Ч., а таксама грамадзяне Беларусі Вікторыя М., Антон М. і Ўладзімер У. Паводле сьледзтва, падазраваных завэрбавалі праз мэсэнджар Telegram, яны фатаграфавалі аб’екты і атрымлівалі інфармацыю аб крытычна важнай інфраструктуры, сыстэмах і аб’ектах, «якія маюць вырашальнае значэньне для бясьпекі Рэспублікі Польшча і яе грамадзян», а таксама разьмяшчалі плякаты і стваралі графіці.
Сярод шэрагу шпіёнскіх скандалаў, якія страсянулі Польшчу апошнімі гадамі, ёсьць разбурэньне чыгуначных каляінаў, спробы перасыланьня асабістай інфармацыі ў Беларусь, перадача зьвестак пра польскія стратэгічныя і вайсковыя абʼекты. А нядаўна зьявіўся і подкуп дэманстрантаў з мэтай маніпуляцыі грамадзкай думкай.
У канцы чэрвеня 2026 году стала вядома, што ў Варшаве, Кракаве, Быдгашчы, Закапаным і Ўроцлаве затрымалі двух грамадзян Беларусі і дзевяцярых — Украіны, каб неадкладна выслаць іх з Польшчы. Яны зь мінулай восені вэрбавалі за атрыманыя з Расеі грошы людзей для ўдзелу ў дэманстрацыях, арганізаваных між украінскіх уцекачоў у Польшчы. Гэтак Расея імкнулася займець уплыў на ўкраінскіх уцекачоў, каб выкарыстоўваць іх для папулярызацыі палітычных лёзунгаў, сьцьвярджае Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.
Чаму гэта важна
За апошні час адбыліся выпадкі выяўленьня і затрыманьня беларускіх шпіёнаў, у прыватнасьці, ва Ўкраіне, Польшчы і Малдове, а таксама зьнікненьні актывістаў, які пэўны час жылі за межамі Беларусі.
Сёлета 28 красавіка ў рамках абмену паміж Беларусьсю і Польшчай беларускаму боку перадалі Александру Бэляна, які працаваў на беларускі КДБ.
Форум