16 ліпеня на фэстываль пачалі прыяжджаць першыя ўдзельнікі. Асноўная праграма пачынаецца ў пятніцу, 17 ліпеня. Упершыню сёлета на фэст прадаюць білеты. Калі ў папярэднія гады ўваход на падзею быў бясплатны, то цяпер квіток для дарослага каштуе 150 злотых (каля 35 эўра).
На фэсьце выступіць беларускамоўны рок-гурт RIMA з падляскага Гарадка, які летась вярнуўся на сцэну пасьля 13 гадоў перапынку. Сярод музыкаў фэсту — таксама рэпэр Vinsent, Анастасія Рыдлеўская, гурты Dzieciuki, B: N:, «Разьбітае сэрца пацана».
У праграме — нефармальная сустрэча зь Сьвятланай Ціханоўскай, а таксама з Паўлам Севярынцам, Максімам Знакам і музыкамі — удзельнікамі фэсту. Пакажуць фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, натхнёны гісторыяй палітзьняволеных журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільляша.
Аматарам хэнд-мэйд рэчаў прапануюць скруціць традыцыйных ляльку-жаданіцу і саламяных конікаў, расьпісаць фарбамі шопэры і драўляныя закладкі. Музыка Вольга Барышнікава правядзе майстар-клясу прыпевак.
Псыхатэрапэўтка Ганна Матуляк правядзе размову пра страту, траўму і аднаўленьне, а праваслаўны сьвятар Аляксандар Кухта — пра месца Беларусі ў праваслаўным сьвеце і сувязь рэлігіі з палітыкай. Ахвотныя змогуць пабачыць адкрыты запіс падкасту «Каласы пад сярпом ШІ».
Філёзаф Уладзімер Мацкевіч раскажа пра нашумелую мэтадалягічную гульню, у якой увесну бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў і палітычных структураў. Кацярына Ваданосава павядзе гутарку пра моду эпохі Кастуся Каліноўскага, клюб гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 пакажа муштру касінераў.
Выдаўцы беларускіх кніг падыскутуюць пра тое, як іхная справа выжывае пасьля 2020 году. Але на кірмашы фэстывалю ня будзе ніводнага намёту з кнігамі, адрозна ад папярэдніх гадоў.
На фэсьце «Тутака» пройдзе другі футбольны турнір памяці Алеся Пушкіна.
Гэта толькі частка заплянаваных падзеяў фэсту. Поўную праграму можна паглядзець тут. Арганізатар фэстывалю — фундацыя TUTAKA.
Форум