Дырэктар «Славянскага базару» Глеб Лапіцкі выказаўся аб «чорных сьпісах» у інтэрвію блогеру Ягору Ермакову. Відэа апублікаванае ў ТыкТоку.
На пытаньне Ермакова пра тое, ці сапраўды існуе «чорны сьпіс» артыстаў, Лапіцкі пачаў ухіляцца ад простага адказу, але ўсё ж прызнаў, што некаторых артыстаў на фэстываль запрашаць арганізатары ня могуць.
«Ёсьць артысты, якіх мы не запросім на „Славянскі базар“. Мы не хаваем, вы ведаеце, 2020–2021 год паказаў вельмі многіх артыстаў, якія былі сябрамі, якія былі не сябрамі», — сказаў Лапіцкі.
Далей ён стаў гаварыць пра «вялікі крытэр этычнасьці, эстэтычнасьці артыста» і патлумачыў, што кожны маленькі «пралік» арганізатараў — гэта асацыяцыя аб краіне.
Што гэта значыць?
Пра існаваньне так званых «чорных сьпісаў» творцаў — музыкаў, мастакоў, іншых — было вядома даўно. Улады адмаўлялі ў выданьні «гастрольнага пасьведчаньня» тым музыкам, якія недзе выступілі супраць улады, або выконвалі «ненадзейныя» з палітычнага гледзішча песьні.
Нярэдка канцэрты гуртоў зрывалі праз яўныя «тэхнічныя прычыны», з чаго, напрыклад, у адным са сваіх альбомаў іранізаваў гурт N.R.M. У 2010-я нярэдка на канцэрты і фэстывалі «андэграўнднай» музыкі, як у найлепшых менскіх клюбах, так і на пляцоўках на прыродзе ўрываліся сілавікі, правяралі ва ўсіх дакумэнты, некаторых людзей затрымлівалі. Гэта стала прычынай абмежаваньня або спыненьня канцэртнае дзейнасьці шэрагу калектываў.
Улады ніколі не афішавалі наяўнасьць простых дырэктываў і асобных дакумэнтаў зь пералікам «забароненых» артыстаў, але ў друк раз-пораз праходзіла інфармацыя пра існаваньне падобных папераў. Сьвежы прыклад — сытуацыя ў студзені 2026 году, калі ў рэдакцыю CityDog патрапіў сьпіс выканаўцаў, чые песьні было забаронена выконваць у беларускіх караоке-барах у 2025 годзе. У ім 160 пазыцый: туды патрапілі беларускія, украінскія, заходнеэўрапейскія, амэрыканскія і расейскія артысты. Сапраўднасьць сьпісу пацьвердзілі яшчэ дзьве незалежныя адна ад адной крыніцы.
У сьпісе было вельмі шмат памылак у напісаньні назваў гуртоў. Гэта стала падставай для думкі, што сьпіс складаў чалавек, вельмі слаба знаёмы з музыкай ці асоба, якая не валодае лацінскім пісьмом. Напрыклад, Jowwa, а не IOWA. N.R.N., а не N.R.M. Lincoln Park замест Linkin Park.
Акрамя іх, у сьпісе забароненых апынуліся беларускія выканаўцы Іскуі Абалян, Анжаліка Агурбаш, Ганна Шаркунова, Бі-2, Дай Дарогу! , Зьміцер Вайцюшкевіч, Дзьмітры Калдун, Крама, Крамбамбуля, Ксенія Сітнік, Лепрыконсы, Макс Корж, Палац, Саша Нэма, Ціма Беларускіх і іншыя. Некаторыя зь іх раней выступалі на «Славянскім базары».
З замежных зорак забароненыя ў беларускіх караоке Верка Сярдзючка, Lady Gaga, Николай Басков, Rammstein, Нойз МС, Сафія Ратару і шэраг іншых.
Форум