Таксама яго пакаралі штрафам у больш як 20 000 рублёў, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Алега Хаменку затрымалі летась 17 чэрвеня ў Менску. У ягонай кватэры правялі ператрус.
Спачатку на падставе адміністрацыйнага абвінавачаньня яго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. А напачатку ліпеня стала вядома, што супраць радыёвядоўцы распачалі крымінальную справу паводле артыкула 361–4 і перавялі ў сьледчы ізалятар № 1 у Калядзічах.
9 ліпеня 2025 года беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала Алега Хаменку палітычным вязьнем.
Хто такі Алег Хаменка
Алег Хаменка — адзін з самых вядомых беларускіх музыкаў. У 1992 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў гурту «Палац», які граў у наватарскім стылі фольк-мадэрн.
Першыя ж выступы засьведчылі цікавасьць як публікі, так і крытыкаў да новага праекту. Музыкаў запрашалі на ўсе значныя тагачасныя фэсты — «Басовішча», «Славянскі базар», «Маладэчна», «Магутны Божа».
Праз год гурт увайшоў у дзясятку найлепшых калектываў Усходняй Эўропы паводле вэрсіі Radio France International — трэцяя прэмія конкурсу «Discovery-93» за песьню «Русалкі».
«Палац» прадстаўляў Беларусь на шэрагу міжнародных фэстываляў: Tanz und Folkfest у Нямеччыне, «Країна Мрій» ва Ўкраіне, Suklegos у Літве, «Галасы Азіі» ў Казахстане і г.д.
На першых трох «Рок-каранацыях» гурт нязьменна станавіўся ляўрэатам у намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць». У творчым багажы «Палацу» восем музычных альбомаў, а таксама ўдзел у мностве тэматычных складанак у Беларусі і за мяжой.
Алег Хаменка таксама быў вядоўцам шматлікіх шоў і канцэртаў, аўтарскіх перадач на радыё і тэлевізіі, заснавальнікам фэсту «Bela Music».
Форум