З 20 па 28 чэрвеня ў Стоўбцах пройдзе праваслаўная выстава-кірмаш «Кладезь». Арганізатары — Сьвята-Елісавецінскі манастыр і Праваслаўнае сястрыцтва (Менск). Выстава-кірмаш адбудзецца пры падтрымцы Стаўпецкага райвыканкаму і з блаславеньня біскупа Маладачанскага і Стаўпецкага Паўла.
Ініцыятыва «Хрысьціянская візія» заўважыла, што ў межах мерапрыемства пройдуць сустрэчы зь вядомымі сваімі ранейшымі работамі і заявамі распаўсюднікамі ідэалёгіі «русского мира».
У прыватнасьці, у праграме сустрэчы з расейскім гісторыкам Аляксандрам Гронскім, Аленай Ярашэвіч — прадстаўніцай фонду імя Аляксея Талая, які ўдзельнічаў у арганізацыі сыстэматычнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Таксама для гасьцей кірмашу выступіць пісьменьніца, паэтка і бард Тацьцяна Дашкевіч — ляўрэатка расейскай прэміі «Імпэрская культура».
Пройдзе выстава-кірмаш на плошчы перад рэстарацыяй «Нёман», а ўваход на мерапрыемствы будзе дармовым.
Яшчэ ў праграме штодзённыя паказы лялечных спэктакляў тэатру «Батлейка», творчыя майстар-клясы з гутаркамі, экскурсіі па экспазыцыях: «Воінства зямное і нябеснае», «Райскі сад», інтэрактыўная «Кніжная кавярня».
Што гэта значыць?
Сьвята-Елісавецінскі манастыр пад Менскам — даўно вядомы цэнтар распаўсюду ідэалёгіі так званага «русского мира» — прапаганды расейскага шавінізму, «трыадзінства народаў», расейскай мовы і вайны супраць праціўнікаў «славянскага братэрства» на чале з Масквою.
На фоне ціску на рэлігійных лідэраў краіны, у тым ліку праваслаўных, Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату адкрыта падтрымлівае Расею ў вайне з Украінай. Сьвята-Елісавецінскі манастыр рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях, якія ўхваляюць расейскую агрэсію.
Манашак адтуль часта заўважаюць на розных кірмашах у заходняй Эўропе. Нягледзячы на тое, што манастыр не запярэчвае датычнасьць да прасоўваньня расейскай прапаганды, манашкам рэгулярна выдаюць візы і яны актыўна выяжджаюць за мяжу. Яны езьдзілі ў Польшчу, Італію, Ірляндыю і іншыя краіны.
У 2024 годзе Міністэрства адукацыі зацьвердзіла вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Азбука маральнасьці» для школьнікаў 2–3 клясаў. Удзел у распрацоўцы курсу браў і Сьвята-Елісавецінскі манастыр.
Таксама манастыр ладзіць зборы «гуманітарнай дапамогі» самаабвешчаным «ЛНР» і «ДНР» — квазірэспублікам, якія паўсталі на тэрыторыях Украіны, акупаваных расейцамі.
Форум