Чорная майка з прынтом у жоўтых колерах, на ёй Дзед Барадзед — герой беларускай калыханкі, Паца-Ваца — культавы лялечны вядоўца, дзьве менскія прывакзальныя вежы, БелАЗ, шапік «Хутка-Смачна» і арханёл Міхаіл — абаронца Менску.
Гэта адзін з апошніх прынтоў брэнду LSTR Adzieńnie. 13 ліпеня яго ўласьнікі абвесьцілі ў сацыяльных сетках пра закрыцьцё без тлумачэньня прычынаў. Беларусы тут жа пачалі публічна выказваць шкадаваньне.
У брэнду багатая гісторыя і шмат прыхільнікаў. Расказваем, чым ён знакаміты і чаму людзі абіралі гэтае адзеньне.
Першы тавар — шапкі з «Калюмнамі». Крыху гісторыі
Брэнд LSTR Adzieńnie пачаўся ў 2011 годзе, а першым таварам, які вырашыў зрабіць заснавальнік, геоляг паводле спэцыяльнасьці Ільля Аксёнаў, былі шапкі з гербам «Калюмны» — геральдычным сымбалем ВКЛ. Пазьней у асартымэнце брэнду зьявіліся майкі, худзі, шкарпэткі, вокладкі на пашпарт, дажджавікі і многае іншае. Адзін з самых першых папулярных прынтоў — худзі з крылатымі гусарамі ВКЛ.
Сьпярша брэнд замаўляў рэчы ў падраднікаў, але з 2015 году стварылі ўласную вытворчасьць, расказваў заснавальнік брэнду Ільля Аксёнаў у 2018 годзе ў інтэрвію выданьню probusiness.io.
«У камандзе зараз восем чалавек. Я генэрую ўсе ідэі, адказваю за дызайн, брэндынг, чацьвёра працуюць на вытворчасьці, адзін займаецца дакумэнтамі і фінансамі, плюс у нас, вядома, працуе прадавец. Нядаўна да каманды далучыўся маркетоляг, які вядзе сацыяльныя сеткі і адказвае на паведамленьні пакупнікоў», — так заснавальнік апісваў працу каманды ў 2018 годзе.
Брэнд вырабіў шмат заўважных прынтоў: Paleśsie, худзі і майкі з надпісам Miensk у рознай стылістыцы, з стылізаваным зубром, пушчай, худзі зь менскім Цэнтральным унівэрсамам, выявамі вёскі, майкі з Дзедам Барадзедам.
Пазыцыя стваральніка была простай — вырабляць якасныя, на 100% беларускія рэчы, у друку — шаўкаграфія і водныя фарбы.
Вытворцы занялі амаль вольную на той час нішу на рынку дзякуючы пераасэнсаваньню нацыянальных сымбаляў, арнамэнту, гісторыі й культуры. У іх рэчы адзяваліся музыкі — NaviBand, спартоўцы — Віталь Гуркоў і Аляксандра Герасіменя, а таксама дызайнэры, гісторыкі, дактары, мэнэджары, фатографы — людзі абсалютна розных прафэсіяў і ўзроставых катэгорыяў.
Пэўны час брэнд меў сваю краму недалёка ад плошчы Якуба Коласа, пазьней — пункт выдачы ў гандлёвым цэнтры «Рыга». Апошнім часам пункт LSTR месьціўся ў гандлёвым цэнтры Coolman.
«У іх заўжды былі візуальна прыгожыя, яскравыя прынты»
Дызайнэр Уладзімер Маляўка сам стварае адзеньне пад брэндам Znivien. Ён называе рэчы LSTR «яскравымі і сучаснымі», асабліва жоўты дажджавік, які Ўладзімер насіў у 2019-м.
«Памятаю іхныя жоўтыя дажджавікі. Менск сам па сабе досыць шэры горад, а калі на табе такая яркая рэч, то глядзелася гэта вельмі файна. Гэта беларуска-арыентаваны брэнд з гісторыяй. Для мяне быў шок, што яны закрываюцца, бо яны столькі часу пратрымаліся. Невядома, чаму яны закрываюцца, але нашай уладзе невядома хто і невядома што можа перашкаджаць. Магу паверыць, што проста вырашылі зачысьціць гэтую пляцоўку, што мусіць застацца толькі „мэрч першага“», — разважае дызайнэр.
Былы палітзьняволены, арт-мэнэджар Уладзімер Булаўскі носіць у Польшчы майку з родным Віцебскам ад LSTR.
«Адзін з найцікавейшых брэндаў у пляне пераасэнсаваньня і папулярызацыі беларускіх сымбаляў і сэнсаў. Іхны дызайн і выкананьне заўсёды былі на найвышэйшым узроўні. І ўвогуле як падарунак, напрыклад, асабліва іншаземцам — быў шыкоўны варыянт. І вельмі клясна людзі за мяжой рэагавалі, на фэстах музычных, іхны мэрч заўсёды вылучаўся», — расказвае суразмоўца.
«Было крыўдна, што ў нас такога няма, а тут зьявілася…»
Яўген (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) сочыць за LSTR з 2011 году, як толькі яны зьявіліся, калі не было нават крамы.
«Калі я глядзеў адзеньне з нацыянальным пасылам ва Ўкраіне, у іншых краінах, мне было крыўдна — а чаму ў нас такога няма? Ёсьць жа свае героі: Слуцкі збройны чын, паўстанцы, гісторыя… А тут зьявіліся LSTR і адразу ў самы раз. У мяне было шмат рэчаў іхнай прадукцыі, і зараз некаторыя ёсьць. Быў рэдкі прынт — майка з чортам, які грае на дудзе. Пасьля на замежным фэсьце ў мяне іншыя цікавіліся, дзе такую можна ўзяць. А сьвітшотам з князямі ВКЛ я памяняўся на іншую байку з арганізатарам піўнога фэсту Žmogšala ў Літве, яму вельмі спадабалася. У іхных рэчах былі і нацыянальны пасыл, і ідэя, і душа», — расказвае суразмоўца.
Артур (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) носіць рэчы ад гэтага брэнду ўжо каля 10 гадоў.
«Першая была, відаць, байка з сонцам маладзіковым. На тле канкурэнтаў у іх было ўсё ў парадку і зь якасьцю, і з цэнамі, і з самімі прынтамі», — расказвае суразмоўца.
«Нашу некалькі гадоў — і як новыя»
Аліна (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) мае некалькі баек ад LSTR, таксама шкарпэткі і майкі. Суразмоўца кажа пра добрую якасьць тканіны і вышыўкі: не псуецца.
«Нашу гэта ўжо некалькі гадоў — і нічога зь імі не адбываецца, як новыя. Да таго ж гэта вельмі арыгінальныя рэчы. Цяжка сказаць, колькі разоў у мяне пыталіся, бачачы байку з вышыўкай „Беларусь“, у якіх дызайнэраў я яе купіла. А неяк прывезла ў падарунак сябрам байку з бульбачкай — з вышыўкай, і майку „Не чапай, бо лясьне“. Яны былі найперш уражаныя, калі ўбачылі бульбачку — наколькі дасканала вышытая гэтая бульбачка і якая ідэя ў малюнку ўвасобленая», — кажа суразмоўца.
Яшчэ цікавейшая гісторыя з майкай «Не чапай, бо лясьне». Сьпярша гэта быў плякат 10-гадовай школьніцы з Палесься Натальлі Хвацік, які яна намалявала на конкурс «Энэргетыка вачыма дзяцей». Малюнак так упадабалі інтэрнэт-карыстальнікі, што ён стаў мэмам, а пасьля і прынтом на майцы.
Цяпер сайт LSTR ужо не адкрываецца, дасяжныя толькі сацыяльныя сеткі. Раней пра сваё закрыцьцё абвесьціў таксама брэнд з нацыянальным калярытам Honar.by, іхная крама працуе да 19 ліпеня. Таксама пра закрыцьцё паведамілі заснавальнікі этна-крамы Ragna, застанецца працаваць толькі онлайн-крама. Аб прычынах, як і ў выпадку з LSTR, не паведамляюць.
Форум