Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шрайбман: За ўсе гады кіраваньня Лукашэнкі такой сытуацыі яшчэ не было

Арцём Шрайбман. Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйны каляж.
Арцём Шрайбман. Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйны каляж.

Чаму ўлады па-рознаму адрэагавалі на ўдары дронаў па беларускіх аўтобусах? Якія прыватныя і палітычныя вынікі паездкі Лукашэнкі ў Расею, Кітай, Інданэзію і Мьянму? У «ПіКу Свабоды» абмеркавалі з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.


— Украіна наносіць удары пераважна па інфраструктуры, перадусім па нафтаперапрацоўчых заводах. Гэта вельмі мэтавыя атакі, не скіраваныя супраць цывільнага насельніцтва. Якіх удараў Украіны па Беларусі найбольш баіцца Лукашэнка?

— Найперш ён баіцца эскаляцыі. Спачатку адбываецца кропкавы ўдар па нейкім аддаленым аб’екце, напрыклад, па вузьле сувязі. Потым удары могуць перайсьці да больш значных абʼектаў. Далей пачынае працаваць супрацьпаветраная абарона, яе аскепкі падаюць на жылыя кварталы. Мы ўжо бачылі ў Расеі выпадкі, калі ракета СПА трапляла ў уласныя абʼекты. Напрыклад, вядомы выпадак пад Масквой, калі пасьля перахопу ракеты яе абломкі пашкодзілі рэзэрвуар з нафтай. Ці можна сьцьвярджаць, што беларуская СПА будзе працаваць значна дакладней? Ніякіх падстаў для гэтага няма. Акрамя таго, мы з вамі зыходзім з таго, што ўкраінскі бок не наносіць наўмысных удараў па цывільных абʼектах. Але ці ўпэўнены ў гэтым сам Лукашэнка? Думаю, што не. Ён можа дапускаць і ўдары па адміністрацыйных будынках. У прынцыпе, магчымы і сцэнар, падобны да іранскага. Менск знаходзіцца вельмі блізка да мяжы, як і раён Драздоў.

Нават страта аднаго нафтаперапрацоўчага завода без чалавечых ахвяр стала б для Беларусі калясальнай эканамічнай шкодай. А яшчэ ёсьць рызыка, што пасьля такіх удараў істотна павялічыцца расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі, што для Лукашэнкі таксама не выглядае добрым сцэнарам. Таму сукупнасьць рызык настолькі вялікая, што спадзявацца выключна на дакладнасьць або стрыманасьць украінскай арміі ён проста ня можа.

— Шмат гадоў Аляксандр Лукашэнка спрабуе сумяшчаць, здавалася б, несумяшчальнае: падтрымліваць Крэмль, але не ўступаць непасрэдна ў вайну; пазьбягаць поўнага разрыву з Захадам; захоўваць каналы сувязі з украінскім кіраўніцтвам; падтрымліваць адносіны з Кітаем і краінамі Глабальнага Поўдня. Ці не распаўзаюцца цяпер гэтыя «крэслы», на якіх ён спрабуе сядзець?

— У трохкутніку Менск — Масква — Кіеў яны сапраўды распаўзаюцца. Галоўная прычына ў тым, што Расея ўжо не выглядае такім надзейным гарантам бясьпекі, як раней. Раней Лукашэнка разумеў, што сама прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі і пагроза адкрыцьця паўночнага фронту стрымлівалі Ўкраіну. Менавіта таму Кіеў падтрымліваў зь ім кантакты і не быў зацікаўлены ў рэзкім абвастрэньні адносін. Цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася. Расейская армія і сыстэмы СПА ўжо не дэманструюць ранейшай надзейнасьці нават пры абароне самой Расеі. Адпаведна, для Беларусі яны выглядаюць яшчэ менш пераканаўчым гарантам бясьпекі.

Таму сёньня бясьпеку даводзіцца забясьпечваць ужо праз уласнае балянсаваньне. Калі раней балянсаваньне служыла перадусім эканамічнай і палітычнай дывэрыіфікацыі, то цяпер яно стала інструмэнтам ваеннай бясьпекі. За ўсе гады кіраваньня Лукашэнкі такой сытуацыі яшчэ не было. Раней яму ніхто не пагражаў непасрэднымі ваеннымі ўдарамі. Гэта новы этап, дзе стаўкі значна вышэйшыя. Пры такіх стаўках балянсаваць становіцца нашмат цяжэй.

Гэта бачна нават па рыторыцы беларускіх уладаў. Калі верыць дзяржаўнай прапагандзе, нядаўна ўпершыню былі пашкоджаны два беларускія грамадзянскія аўтобусы. Але нават у гэтай сытуацыі ўлады імкнуліся не называць Украіну вінаватай. Гэта сьведчыць пра новую ступень асьцярожнасьці і трывогі за ўласную бясьпеку.

Што датычыцца Кітая і іншых краін, то тут, наадварот, у Лукашэнкі становіцца яшчэ больш стымулаў для дывэрсыфікацыі. Калі Расея перастае быць надзейным тылам, натуральна ўзрастае імкненьне аднаўляць кантакты з Захадам, Эўрапейскім саюзам, ЗША і суседнімі краінамі. Гістарычна Лукашэнка заўсёды рабіў гэта тады, калі ўзьнікалі праблемы ў адносінах з Масквой.

— Ці можна сказаць, што ў сёньняшняй сытуацыі асабістыя інтарэсы Лукашэнкі і інтарэсы Беларусі супадаюць?

— Яны сапраўды супадаюць у адным галоўным пытаньні — ня быць уцягнутымі ў вайну. Думаю, гэта пазыцыя пераважнай большасьці беларускага грамадзтва. І Лукашэнка таксама зацікаўлены ў гэтым, бо вайна стварае пагрозу і ягонай уладзе. Але гэта не азначае, што ён стаў найлепшай магчымай альтэрнатывай. Наадварот, многія сёньняшнія рызыкі — вынік менавіта яго ўласных рашэньняў. Пасьля 2020 года ён сьвядома пайшоў на разрыў адносін з Захадам, узмацненьне рэпрэсій, міграцыйны крызіс, падтрымку расейскай вайны. Гэта быў яго выбар. Таму сьцьвярджаць, што сёньня ён стаў аптымальнай фігурай для Беларусі, я не магу. Нават аўтарытарны кіраўнік, які больш асьцярожна ацэньваў бы рызыкі і актыўней падтрымліваў традыцыйную шматвэктарную зьнешнюю палітыку, мог бы не давесьці краіну да такой сытуацыі.

— Сяргей Навумчык напісаў у сваім фэйсбуку, што яму “сьмешна чытаць разважаньні некаторых нашых бліскучых (кажу без іроніі) аналітыкаў пра “транзіт улады”. Лукашэнка нікому ўладу пры жыцьці не аддасьць, перакананы Навумчык. А вось пасьля транзіту на той сьвет, на гэтым сьвеце могуць быць самыя розныя варыянты. Іх сапраўды трэба аналізаваць, і да іх, безумоўна, варта рыхтавацца. Каму варта рыхтавацца да розных варыянтаў? У каго будуць найбольшыя шанцы ўплываць на сытуацыю?

— Калі казаць пра ўнутраную сытуацыю, то рыхтавацца павінны ўсе. Але практыка падобных рэжымаў паказвае, што без падтрымкі сілавога блёка транзыт улады амаль ніколі не адбываецца. Таму чалавек або група, якія будуць прэтэндаваць на ўладу пасьля Лукашэнкі, абавязкова павінны будуць заручыцца падтрымкай сілавых структур. Гэта аснова існаваньня падобных сыстэм. Рэжым сам па сабе не стане дэмакратычным толькі таму, што Лукашэнка сыдзе. Так адбывалася і ў Савецкім Саюзе, і ў краінах Цэнтральнай Азіі: перамагаў той, на чыім баку аказваліся сілавыя структуры.

Калі казаць пра зьнешні фактар, то роля Расеі застанецца вельмі значнай. Беларусь настолькі залежыць ад Масквы эканамічна і ў ваеннай сфэры, што нават пераемнікі Лукашэнкі будуць вымушаныя з гэтым лічыцца. Расея, хутчэй за ўсё, будзе вызначаць межы дапушчальнага: якіх кандыдатаў яна гатовая прыняць, а якіх — не. Гэта не абавязкова будзе прамое права вета, але ўплыў будзе вельмі істотным. Іншая сытуацыя магчымая толькі ў тым выпадку, калі сама Расія сурʼёзна аслабне — напрыклад, апынецца ў крызісе, падобным да таго, які перажывала ў 1990-я гады. Тады ў беларускай эліты пасьля Лукашэнкі можа зьявіцца значна больш свабоды для дыстанцыяваньня ад Масквы. Гістарычныя прыклады вядомыя: менавіта так у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў паводзілі сябе краіны былога Варшаўскага дагавора.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG