Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран разьвітваецца з былым лідэрам, забітым яшчэ ў лютым. Чаго чакаць?

Падчас разьвітальнай цырымоніі ў Тэгеране 3 ліпеня 2026 году
Падчас разьвітальнай цырымоніі ў Тэгеране 3 ліпеня 2026 году

Цела вярхоўнага лідэра Ірану, аяталы Алі Хамэнэі, было выстаўлена для апошняга разьвітаньня ў Тэгеране 3 ліпеня.

Іранскія ўлады ладзяць амаль тыдзень пахавальных цырымоній для забітага, які кіраваў краінай больш за тры дзесяцігодзьдзі. У часе ягонага кіраваньня дзясяткі тысяч іранцаў загінулі ў выніку рэпрэсій, у тым ліку пакараньняў сьмерцю.

Замежныя высокапастаўленыя асобы пачалі прыбываць у Тэгеран раніцай напярэдадні афіцыйных жалобных цырымоній, заплянаваных на 4 ліпеня. Алі Хамэнэі быў забіты яшчэ 28 лютага ва ўзросьце 86 гадоў у выніку авіяўдараў ЗША і Ізраіля.

Няясна, ці будзе прысутнічаць на цырымоніях Муджтаба Хамэнэі, які быў прызначаны на пасаду, якую раней займаў ягоны бацька, але не зьяўляўся на публіцы пасьля бацькавай сьмерці.

«Гэта выходзіць за рамкі звычайнай пахавальнай працэсіі», — сказаў у інтэрвію Іранскай службе Радыё Свабода (Радыё Фарда) Бабак Дарбейкі, палітычны аналітык, які жыве ў Вялікай Брытаніі.

Паводле яго, пахаваньне Хамэнэі «выконвае паўнавартасную палітычную функцыю, функцыю легітымізацыі, і мае на мэце ўзмацніць іх уласную прапаганду».

Жанчыны з партрэтам Муджтабы Хамэнэі на цырымоніі ў Тэгеране 3 ліпеня 2026 году
Жанчыны з партрэтам Муджтабы Хамэнэі на цырымоніі ў Тэгеране 3 ліпеня 2026 году

Дзе і як будзе адбывацца разьвітаньне з Хамэнэі

Падчас кіраваньня Алі Хамэнэі Іран праводзіў палітыку, засяроджаную на канфрантацыі са Злучанымі Штатамі і Захадам, падтрымліваючы пры гэтым свае проксі-групоўкі ў рэгіёне. Такая палітыка неаднаразова ўзмацняла напружанасьць у адносінах са Злучанымі Штатамі, іншымі заходнімі краінамі і некаторымі суседзямі Ірану.

Труну Хамэнэі, а таксама труны некалькіх іншых ягоных сямейнікаў, якія загінулі ў выніку авіяўдараў, выставілі 3 ліпеня ў малітоўным комплексе Вялікая Масала, пабудаваным у гонар яго папярэдніка, аяталы Рухалы Хамэйні.

Паведамляецца, што ўлады краіны ціснуць на іранцаў, каб тыя прынялі ўдзел у пахавальных цырымоніях. Чакаецца, што мільёны людзей наведаюць цырымоніі і будуць удзельнічаць у працэсіях, калі цела забітага лідэра будуць будуць перамяшчаць з Тэгерану ў Кум, Наджаф і Кербалу, шыіцкія цэнтры Ірану і Іраку.

Цела Хамэнэі мае быць пахавана 9 ліпеня ў яго родным горадзе Мэшхэдзе, дзе знаходзіцца самая вялікая сьвятыня краіны, куды адбываюцца паломніцтвы.

Рэакцыі на сьмерць сярод іранцаў

Кіраваньне Хамэнеі адзначалася рэпрэсіямі, запалохваньнем, арыштамі і жорсткімі палітычнымі і сацыяльнымі абмежаваньнямі, таму некаторыя іранцы віталі навіну пра ягоную сьмерць, у тым ліку публічна. Гэта прывяло да арыштаў і суровых пакараньняў, ажно да пагрозы сьмяротнага пакараньня.

Адзін з жыхароў Ірану сказаў у інтэрвію Радыё Фарда, што ягонае дзіця загінула падчас дзяржаўных рэпрэсій і таму, пачуўшы пра сьмерць вярхоўнага лідэра, ён адчуў, што «справядлівасьць перамагла прыгнёт».

«Гэта суцешыла раны, якія маё сэрца насіла гадамі. Было адчуваньне, што ўва мне запалілася сьвятло надзеі на будучыню, свабодную ад страху і рэпрэсій», — сказаў ён.

На пачатку 2026 году іранскія сілы бясьпекі ўжылі жорсткія рэпрэсіі супраць людзей, якія пратэставалі супраць падзеньня ўзроўню жыцьця ў краіне, выкліканага палітыкай ураду. У выніку загінулі тысячы іранцаў — некаторыя групы сьцьвярджаюць, што загінула ад 35 000 да 40 000 чалавек, аднак гэтыя лічбы немагчыма праверыць.

Хто з замежных лідэраў наведае цырымоніі?

Узровень замежнага прадстаўніцтва на пахаваньні Хамэнэі, верагодна, будзе паказьнікам дыпляматычнага статусу Тэгерану пасьля нядаўняй вайны.

Міністэрства замежных спраў Ірану заяўляе, што ў пахавальных цырымоніях прымуць удзел восем кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, у тым ліку прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон, прэзыдэнт Іраку Абдул Латыф Рашыд, прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Кавелашвілі, прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэмʼер-міністар Пакістану Шэхбаз Шарыф.

Таксама паведамляецца, што на цырымоніі будуць прысутнічаць сьпікеры парлямэнтаў 12 краін, а іншыя краіны будуць прадстаўлены міністрамі або спецэыяльнымі пасланцамі.

Ад уладаў Беларусі прыбыў Сергеенка

Цырымонія разьвітаньня ў Тэгеране праходзіць з 3 па 9 ліпеня. На пахаваньні аяталы ад уладаў Беларусі ў Тэгеране прысутнічае старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка.


Ігар Сергеенка (у цэнтры) і Мухамад-Багер Галібаф (справа), Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году
Ігар Сергеенка (у цэнтры) і Мухамад-Багер Галібаф (справа), Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году

Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, сёньня Ігар Сергеенка сустрэўся з старшынём Сходу ісламскай рады Ірану Мухамад-Багерам Галібафам і перадаў яму спачуваньні ад Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Сергеенка заявіў, што «Беларусь працягне аказваць Ірану ўсебаковую падтрымку ў абароне сувэрэнітэту і бясьпецы яго грамадзян».

У Тэлеграм-канале Галібафа, у прыватнасьці цытуюцца наступныя словы Сергеенкі:

«Мы асуджаем атакі супраць народу і інфраструктуры Ірану і лічым, што сапраўдны сябра пазнаецца ў цяжкія дні. Іран быў, ёсьць і будзе нашым сябрам».

Ігар Сергеенка і Мухамад-Багер Галібаф. Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году
Ігар Сергеенка і Мухамад-Багер Галібаф. Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG