Злучаныя Штаты Амэрыкі й Іран дамовіліся спыніць узаемныя ўдары і працягнуць перамовы, як гэта прадугледжана падпісаным раней мэмарандумам аб узаемаразуменьні.
Як паведаміла выданьне Axios з спасылкай на крыніцы, бакі заявілі намер правесьці сустрэчу 30 чэрвеня ў сталіцы Катару горадзе Доха, каб урэгуляваць спрэчку вакол Армускай пратокі. Паводле амэрыканскага службоўца, пакуль што бакі спыняць атакі, а караблі змогуць свабодна перамяшчацца пратокаю.
«Мы вырашылі спыніць усю кінэтычную актыўнасьць», — працытавала выданьне свайго суразмоўніка, выкарыстоўваючы тэрмін, які звычайна датычыць авіяўдараў і іншых відаў атак.
Аналягічныя камэнтары апублікавалі некалькі ўплывовых заходніх выданьняў, у тым ліку Reuters, dpa, CNN, The New York Times, ABC і іншыя. Аднак Белы дом і ўлады Ірану афіцыйна гэтую тэму пакуль не камэнтавалі.
Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, спачатку сустрэча плянавалася на 28 чэрвеня, але яе скасавалі праз парушэньне ўмоваў, вызначаных мэмарандумам.
«Напрыклад, адна з прычын — праверка, ці маем мы доступ да размарожаных актываў. Калі доступу няма, то гэтая ўмова ня выкананая», — сказаў Мэхдзі Фазэйлі з офісу найвышэйшага лідэра Ірану.
Іншыя дэталі пакуль невядомыя.
Раней плянавалася, што 30 чэрвеня сустрэча для абмеркаваньня ядзернай праграмы Ірану адбудзецца ў Швайцарыі. Але праз эскаляцыю вырашылі перанесьці сустрэчу ў Катар, цяпер на ёй маюць абмяркоўваць сытуацыю ў Армускай пратоцы.
Іран, які прэтэндуе на кантроль над гэтым важным водным шляхам, абстрэльваў камэрцыйныя караблі ў пратоцы, што стала прычынай амэрыканскіх удараў па іранскіх прыбярэжных радарах і вайсковых аб’ектах.
На папярэдніх перамовах бакі дамовіліся стварыць супольную «гарачую лінію» для каардынацыі руху караблёў і іншых пытаньняў. Аднак 27 чэрвеня яна так і не пачала працаваць.
24 чэрвеня дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё выказаў думку, што далейшыя перамовы на тэхнічным узроўні магчымыя 29 або 30 чэрвеня і што яны, імаверна, адбудуцца ў Швайцарыі. Катар і Пакістан пасярэднічаюць паміж Вашынгтонам і Тэгеранам у цяперашнім раўндзе перамоваў.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.
Форум