Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тэгеране пачалося пахаваньне аяталы Алі Хамэнэі, ад уладаў Беларусі прыехаў Ігар Сергеенка. ФОТА

абноўлена
Падчас цырымоніі ў Тэгеране, 3 ліпеня 2026 году
Падчас цырымоніі ў Тэгеране, 3 ліпеня 2026 году

Цела Алі Хамэнэі і ягоных сямейнікаў, якія загінулі разам зь ім, перавезьлі ў тэгеранскі малітоўны комплекс для пахавальнай цырымоніі, яка працягнецца да 9 ліпеня.

Іранскія ўлады пачалі цырымоніі разьвітаньня і пахаваньня былога найвышэйшага лідэра дзяржавы аяталы Алі Хамэнэі праз больш чым чатыры месяцы пасьля таго, як ён быў забіты разам зь некалькімі паплечнікамі і сямейнікамі ў першы дзень вайны ЗША і Ізраілю з Іранам, паведамляе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Паводле іранскіх інфармацыйных агенцтваў, цела Хамэнэі перавезьлі ў галоўны малітоўны комплекс сталіцы Вялікая Мусала раніцай 3 ліпеня.

Труны забітага найвышэйшага лідэра Ірану Алі Хамэнэі і яго сямейнікаў у комплексе Вялікая Мусала ў Тэгеране, 3 ліпеня 2026 году
Труны забітага найвышэйшага лідэра Ірану Алі Хамэнэі і яго сямейнікаў у комплексе Вялікая Мусала ў Тэгеране, 3 ліпеня 2026 году

У паведамленьнях гаворыцца, што замежныя дэлегацыі, як чакаецца, «аддадуць даніну павагі былому лідэру Ісламскай Рэспублікі» пазьней у той жа дзень.

Замежныя высокапастаўленыя асобы прыбылі ў Тэгеран на цырымонію пахаваньня Алі Хамэнэі

Іранская дзяржаўная тэлевізія паведаміла, што замежныя высокапастаўленыя асобы прыбылі ў Тэгеран 3 ліпеня на афіцыйную цырымонію разьвітаньня з былым найвышэйшым лідэрам Ірану Алі Хамэнэі.

На фатаздымках бачныя дэлегацыі з Кітаю, Беларусі, Іраку і Туркмэністану, якія прыбылі ў Тэгеран.

Замежныя дэлегацыі на пахаваньні Алі Хамэнэі
Замежныя дэлегацыі на пахаваньні Алі Хамэнэі

Тыднёвая цырымонія пачнецца ў Тэгеране, затым працягнецца ў Куме і сьвятых гарадах Іраку Наджафе і Кэрбэлі, а яе кульмінацыяй стане пахаваньне Алі Хамэнэі ў храме Імама Рэзы ў яго родным горадзе Мэшхэдзе 9 ліпеня.

Праграма ўключае «разьвітаньне, пахавальную працэсію і пахаваньне» Алі Хамэнэі. Улады спадзяюцца, што «мільёны людзей» прымуць удзел у цырымоніі.

Публічнае зьяўленьне лідэра вартавых ісламскай рэвалюцыі

Кіраўнік Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі Ахмад Вахідзі ўпершыню з пачатку вайны з Ізраілем і ЗША зьявіўся публічна на пахаваньні Алі Хамэнэі ў Тэгеране.

Вахідзі, які з пачатку канфлікту трымаўся ў цені з прычыны таго, што найвышэйшыя іранскія камандзіры могуць стаць мішэньню для забойства, паклаў руку на труну Хамэнэі і памаліўся, як паказваюць здымкі, апублікаваныя паўафіцыйным інфармацыйным агенцтвам Fars.

Кіраўнік Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі Ахмад Вахідзі ля цела Алі Хамэнэі, Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году
Кіраўнік Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі Ахмад Вахідзі ля цела Алі Хамэнэі, Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году

Алі Хамэнэі кіраваў Іранам больш за тры дзесяцігодзьдзі. Гэты час для многіх іранцаў адзначыўся рэпрэсіямі, запалохваньнем, арыштамі, жорсткімі палітычнымі і сацыяльнымі абмежаваньнямі.

Пасьля паведамленьня пра сьмерць Алі Хамэнэі ў выніку амэрыканска-ізраільскіх авіяўдараў 28 лютага некаторыя іранцы публічна выказалі задаволенасьць гэтай навіной, што прывяло да арыштаў, суровых пакараньняў і да пагрозы сьмяротнаю караю.

Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году
Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году

Ад уладаў Беларусі прыбыў Сергеенка

Цырымонія разьвітаньня ў Тэгеране праходзіць з 3 па 9 ліпеня. На пахаваньні аяталы ад уладаў Беларусі ў Тэгеране прысутнічае старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка.


Ігар Сергеенка і Мухамад-Багер Галібаф. Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году
Ігар Сергеенка і Мухамад-Багер Галібаф. Тэгеран, 3 ліпеня 2026 году

Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, сёньня Ігар Сергеенка сустрэўся з старшынём Сходу ісламскай рады Ірану Мухамад-Багерам Галібафам і перадаў яму спачуваньні ад Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Сергеенка заявіў, што «Беларусь працягне аказваць Ірану ўсебаковую падтрымку ў абароне сувэрэнітэту і бясьпецы яго грамадзян».

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG