Завочна судзяць беларуса, які больш за 20 гадоў жыве ў Польшчы
Горадзенскі абласны суд 6 ліпеня пачынае разгляд завочнай крымінальнай справы на Паўла Міцкевіча. Яму інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і арт. 369-1 («дыскрэдытацыя Беларусі») Крымінальнага кодэксу (КК), піша «Вясна».
Павел — заснавальнік, старшыня праўленьня і кіраўнік праектаў фонду Okno na Wschód. Да 2020 году фонд займаўся трансьмежавымі польска-беларускімі і польска-ўкраінскімі праектамі, зьвязанымі з адукацыяй і культурай. Апошнія гады адзін з асноўных кірункаў яго дзейнасьці — дапамога перасяленцам з Беларусі, Украіны і Расеі ў Беластоку й іх інтэграцыя.
Павал жыве за мяжой ужо больш за 20 гадоў.
Сілавікі затрымалі кампанію за пікнік у парку
Пра гэтую гісторыю расказаў карыстальнік Threads.
Паводле яго, сілавікі сказалі, што на пікнік трэба атрымліваць дазвол. Кампанію адвезьлі ў РУУС Першамайскага раёну Менска, дзе ў іх праверылі тэлефоны, а пасьля сказалі падпісаць паперу, не дазволіўшы яе прачытаць, піша «Вясна».
Міхалка будуць судзіць завочна
Сьпевака Сяргея Міхалка будуць судзіць завочна, на яго завялі крымінальную справу ў рамках так званага «спэцыяльнага вядзеньня», гэта значыць завочна.
Ягоную справу 29 ліпеня пачне разглядаць Менскі гарадзкі суд, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Як паведаміў Сьледчы камітэт, Міхалка абвінавачваюць паводле артыкулаў аб «распальваньні варожасьці» (артыкул 130 КК) і «абразе Лукашэнкі» (артыкул 368 КК).
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.
Форум