Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 30 чэрвеня: у Горадні затрымалі ўкраінца, які ехаў транзытам праз Беларусь

абноўлена
Суд у Менску, архіўнае фота
Суд у Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Затрымалі ўкраінца, які ехаў транзытам праз Беларусь

Грамадзяніна Ўкраіны Багдана Герыша амаль два месяцы ўтрымліваюць у горадзенскім ІЧУ. Родныя ня ведаюць, у чым яго абвінавачваюць, піша «Вясна».

Багдана Герыша затрымалі 6 траўня на мяжы пры выезьдзе з Беларусі, аднак прычыны ўтрыманьня пад вартай дагэтуль невядомыя. Родныя ня маюць інфармацыі пра ягоны стан, адвакатка не змагла дамагчыся сустрэчы зь ім.

29-гадовы Багдан пастаянна пражывае і зарэгістраваны ў Рыме (Італія), дзе афіцыйна працуе. Апошні раз сваякі размаўлялі з ім 8 траўня. Тады Багдан патэлефанаваў з ізалятара і паведаміў, што яго арыштавалі на 15 дзён — да 22 траўня. Пасьля гэтага сувязь зь ім перапынілася.

Паводле інфармацыі, якую сям’і ўдалося атрымаць, цяпер Багдан утрымліваецца ў Кастрычніцкім ІЧУ Горадні. Пры гэтым адвакатка не змагла атрымаць дазвол на наведваньне падабароннага і высьветліць, з чым зьвязана яго зьняволеньне.

У Багдана забралі дзейны італьянскі від на жыхарства. Партнэрка Багдана, што цяпер знаходзіцца ў Польшчы, цяжарная.

Перасьлед грамадзян Украіны ў Беларусі працягваецца ўжо некалькі гадоў. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны праваабаронцы рэгулярна фіксуюць затрыманьні ўкраінцаў паводле палітычных матываў. Некаторых зь іх месяцамі ўтрымліваюць у ізалятарах часовага ўтрыманьня без прадʼяўленьня абвінавачваньняў.

Затрымалі ўдзельнікаў музычнага рэйву пад Стоўпцамі

Падчас канцэрту пад Стоўпцамі (Менская вобласьць) да месца яго правядзеньня прыехалі сілавікі з службовымі сабакамі.

Яны пачалі хапаць кожнага, хто трапляўся ім пад руку. АМАПаўцы патрабавалі спыніць музыку, расказала крыніца «Белсату». Калі машыны з затрыманымі ад’ехалі, канцэрт працягнуўся.

Сярод затрыманых апынуліся музыкі, у тым ліку выканаўцы аўтарскіх песень, а таксама непаўналетнія. Пасьля допыту на ўсіх затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы. Пакуль невядома, паводле якіх артыкулаў.

«Рэпартэры бязь межаў» патрабуюць вызваленьня журналіста Кірыла Пазьняка і яго дачкі Яніны

Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) заклікала неадкладна вызваліць беларускага журналіста Кірылу Пазьняка і яго дачку Яніну Пазьняк. Пра гэта паведамляе Telegram-канал RSF.

«RSF асуджае прысуд да 3,5 года пазбаўленьня волі, вынесены журналісту Кірылу Пазьняку, заснавальніку выданьня Platform 375, якое рэжым прызнаў „экстрэмісцкім“. Яго дачка Яніна Пазьняк таксама знаходзіцца ў зьняволеньні за стварэньне TikTok-акаўнта гэтага мэдыя. Яны павінны быць неадкладна вызваленыя», — заявіла арганізацыя.

Кірылу Пазьняка і яго дачку Яніну Пазьняк затрымалі 3 верасьня 2025 году. Іх вінавацяць паводле двух крымінальных артыкулаў: 361–1 КК — «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім» і 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

4 верасьня 2025 году YouTube-канал «Плятформа 375» быў абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваньнем», Кірыла Пазьняк быў названы датычным да гэтага рэсурсу. Рашэньне прыняў КДБ Беларусі.

YouTube-канал «Плятформа 375» зарэгістравалі ў красавіку 2021 году. У 2021–2022 гадах канал правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанэнтамі, якія вымушана зьехалі з краіны. Апошні эфір адбыўся 3 сьнежня 2022 года з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня») — у Менску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядоўца, шоўмэн) — у Варшаве.

17 верасьня 2025 года праваабарончая супольнасьць прызнала журналіста Кірыла Пазьняка палітычным зняволеным. 23 студзеня 2026 года праваабарончая супольнасьць Беларусі заявіла аб прызнаньні палітычнай зьняволенай дачкі журналіста Яніны Пазьняк.

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 12 чалавек.

  1. Лідзія Атаманюк
  2. Дзмітрый Вялаў
  3. Таццяна Корсакава
  4. Дзмітрый Корсакаў
  5. Мікалай Ланевіч
  6. Андрэй Латышэвіч
  7. Варвара Латышэвіч
  8. Віктар Нікіфараў
  9. Мікалай Пашкоў
  10. Алег Стэфановіч
  11. Ігар Сутырка
  12. Андрэй Сяргееў

Як піша «Вясна», Дзьмітрыя Вялава асудзілі паводле арт. 130, 367, 361-4 Крымінальнага кодэкса па абвінавачаньні ў садзейнічаньні экстрэмісцкаму фармаваньню, распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці і паклёпе на А. Лукашэнку да чатырох гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі.

Андрэя Сяргеева — паводле арт. 361-3 ч. 1 і 361-4 ч. за ўдзел у абароне Ўкраіны ад расейскай агрэсіі і садзейнічаньне “экстрэмісцкаму фармаваньню” да пазбаўленьня волі.

Алега Стэфановіча — паводле арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў) і арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) да пазбаўленьня волі.

За праваабарончую дзейнасьць па абароне правоў дзяцей, закранутых узброеным канфліктам, пад варту па адвольных абвінавачаньнях у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах зьмясьцілі Лідзію Атаманюк, Віктара Нікіфарава, Мікалая Ланевіча, Андрэя Латышэвіча, Барбару Латышэвіч, Мікалая Пашкова.

Ігара Сутырку зьмясьцілі ў СІЗА па адвольным абвінавачаньні ў здрадзе дзяржаве па арт. 356 КК.

Тацьцяну і Дзьмітрыя Корсакавых асудзілі па абвінавачаньні ў здрадзе дзяржаве, незаконным перамяшчэньні церазь мяжу і іншыя незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў па арт. 356, 295, 333-1 КК да адпаведна 12 і 14 гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабаронцы адзначаюць, што адвольныя абвінавачаньні ў асабліва цяжкіх злачынствах супраць дзяржавы працягваюць выкарыстоўвацца ў інтарэсах падаўленьня правоў і свабод і за цалкам правамерныя дзеяньні. Улады эксплюатуюць недасканалыя, празьмерна размытыя фармулёўкі і вяртаюць юрыдычныя практыкі ў самыя змрочныя часы сталінскай дыктатуры.

Цяпер у Беларусі 863 палітычныя вязьні, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны».

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG