У Горадні паводле 9 артыкулаў КК судзяць актывістку Навумаву
29 чэрвеня ў Горадзенскім абласным судзе пачалі судзіць Валянціну Навумаву. Працэс вядзе судзьдзя Мікалай Рачынскі, піша «Горадзенская праваабарона».
Жанчыне выставілі абвінавачаньні паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці». Яе затрымалі ў Горадні 5 верасьня 2025 году.
Улады прадалі сканфіскаваную кватэру журналіста і праваабаронцы
«Гарадзенская праваабарона» паведаміла, што ўлады прадалі сканфіскаваную кватэру журналіста і праваабаронцы Ўладзімера Хільмановіча.
Гэта адбылося 30 чэрвеня, з другой спробы. Раней улады прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і, а таксама лецішча ў Мастоўскім раёне.
19 жніўня 2024 году Горадзенскі абласны суд завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленьне волі тэрмінам на 5 гадоў у папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф — 40 тысяч беларускіх рублёў.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.