Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Je ne mange pas six jours». Як беларуская пэнсіянэрка пачала з нуля жыцьцё ў Бэльгіі

Былая менская настаўніца Ала ў бэльгійскім горадзе Намюр, дзе жыве пасьля ўцёкаў зь Беларусі
Былая менская настаўніца Ала ў бэльгійскім горадзе Намюр, дзе жыве пасьля ўцёкаў зь Беларусі

Расказваем гісторыю беларускай пэнсіянэркі Алы, якую ў Менску двойчы затрымлівалі і кідалі на Акрэсьціна. Яна зьехала ад перасьледу ў Бэльгію, дзе вывучыла з нуля францускую мову, ходзіць на аквааэробіку і дзе ўжо плянуе застацца жыць.

Але* (не называем прозьвішча на просьбу суразмоўцы. — РС) 66 гадоў. Яна расказвае, што скончыла Інстытут замежных моваў у Менску, валодае ангельскай і нямецкай мовамі. Працавала ў школе, выкладала ангельскую, выйшла на пэнсію. Пісала вершы, хадзіла на мітынгі й імпрэзы, якія ладзіў БНФ, хоць і не была ў партыі.

«Я лічу, што апагей майго жыцьця — 2020 год. Падпісалася і за Бабарыку, і за Ціханоўскую, была зь людзьмі. Выбух дзявятага, дзясятага (жніўня. — РС) для мяне быў поўнай нечаканасьцю. Сядзела ўвечары дома і чула: „Жыве Беларусь!“ Я проста не чакала. Раніцай даведваюся, што людзей б’юць, што кроў у цэнтры Менску. Я таксама пайшла», — кажа суразмоўца.

Ала ўспамінае, што ў 2020-м хадзіла на маршы тройчы на тыдзень: на агульныя па нядзелях, на жаночыя ў суботы і на маршы пэнсіянэраў у панядзелкі. Аднойчы яна нават выбралася з кватэры праз вакно, бо родныя прасілі яе ня ўдзельнічаць у мітынгах.

Марш пэнсіянэраў у Менску, 2 лістапада 2020 году.
Марш пэнсіянэраў у Менску, 2 лістапада 2020 году.

«Я дапамагала зьбіраць жанчын майго веку на агульных мітынгах, і мы хадзілі, карагоды вадзілі, „Касіў Ясь канюшыну“ сьпявалі. Хадзіла, хадзіла, пасьля дахадзілася», — узгадвае суразмоўца.

Два затрыманьні

8 лістапада 2020 году Алу ўпершыню затрымалі. Жанчына пасьля чарговага маршу зайшла ў храм на Нямізе памаліцца, паставіць сьвечку за бацькоў.

«Там вылезьлі хлопчыкі ў чорным (сілавікі. — РС). Самае непрыемнае, што сярод іх быў мой сусед, які рос побач. Гэта было вельмі непрыемна. Адна жанчына сказала: „Пагаварыце з гэтымі „чорнымі“. Трэба адправіць нашыя дадзеныя ў „Вясну“». Я і сказала «чорным»: «Вы такія сьмелыя, можаце толькі зь дзецьмі змагацца і з пэнсіянэрамі». Як ён ускочыў, як завёўся — і выскачыў з аўтазаку!» — успамінае суразмоўца.

Пасьля, зь ейных словаў, усім загадалі перайсьці ў іншы аўтазак. У невялікі «стакан» (малое аддзяленьне. — РС) у аўтазаку «загналі» 13 жанчын і пусьцілі газ. Адна з жанчын пачала задыхацца. Потым на некалькі хвілін сілавікі прачынілі дзьверы і далі дыхнуць паветрам. А пасьля зноў пусьцілі газ.

«Усе жанчыны, як потым прызнаваліся адна адной, ужо разьвітваліся з роднымі. Я таксама страчвала прытомнасьць», — расказвае пэнсіянэрка.

Іхнюю групу затрыманых завезьлі ў ізалятар у Жодзіна. Ала ўзгадвае, што іх прымушалі на ўваходзе прайсьці нагамі па бел-чырвона-белым сьцягу. Калі хтосьці яго абыходзіў — білі. Затым ім загадалі ісьці цугам у паўпрысядзе. Ала не магла гэтага зрабіць праз стан здароўя. Кажа, што на яе за гэта крычалі. З крану ў камэры, дзе сядзела пэнсіянэрка, ішла руда-чорная вада. Ежы ім не давалі.

«Я іх прасіла: „Дайце хоць скарынку хлеба“. Дыябэтыкам жа нельга бязь ежы. Гіпаглікемія — і ўсё, канец. Далі мне сухую скарынку. Потым прывезьлі жанчын, у іх нейкае печыва было, хоць салодкае, але мне палягчэла», — успамінае суразмоўца.

Пэнсіянэрку трымалі ў ізалятары адны содні, на судзе далі штраф. У 2020 годзе партал Tut.by унёс Алу у топ-10 неймаверных пэнсіянэрак за актыўны ўдзел у маршах.

Марш пэнсіянэраў у Менску, 12 кастрычніка 2020 году
Марш пэнсіянэраў у Менску, 12 кастрычніка 2020 году

Другі раз Алу затрымалі ў жніўні 2021 году, калі яна вярталася дадому з рынку, узгадвае жанчына далей.

«Двое хлопчыкаў, што мяне дапытвалі, сказалі мне падпісаць. Я ўзяла паперу і асадку, і папера ў мяне на падлогу ўпала. Яны мне напісалі ў прысудзе, што паводзіла сябе неадэкватна, кідалася паперамі і крэслам у сілавікоў. Вядома, гэтага не было. Я чалавек ураўнаважаны, працавала з падлеткамі. Кожны раз ідзеш на працу і ня ведаеш, што цябе будзе чакаць», — тлумачыць яна.

Але прызначылі 11 сутак арышту на Акрэсьціна. Празь пяць дзён ёй стала блага. Выклікалі хуткую дапамогу і на дзесяць дзён паклалі ў шпіталь. Пасьля выпіскі яна сама прыехала ў ізалятар, каб дабыць арышт.

«Калі я была ў шпіталі, зразумела, што мне трэба дабыць гэты тэрмін і зьехаць. Я сама прыйшла на Акрэсьціна. Гэта быў другі такі выпадак у іх. Першай была дзяўчына-карэспандэнтка, якая таксама прыехала сама, адседзела і зьехала», — расказвае жанчына.

Курсы францускай мовы

Увосень 2021 году Ала зрабіла візу і зьехала зь Беларусі ў Польшчу, працягвае яна аповед. Знайшла там працу на рыбным заводзе, папрацавала тры месяцы, але зразумела, што доўга там ня вытрымае. Пераехала ў Чарнагорыю, адтуль у Бэльгію. Там пасялілася ў лягеры для мігрантаў. Пражыла ў ім 2,5 году.

Жанчына расказвае, што ўмовы ў лягеры былі для яе складанымі. Беларусаў там было ўсяго двое. У пакоі з Алай жылі шэсьць чалавек, з розных культураў. Спалі на двухпавярховых ложках. Многія паводзілі сябе гучна, начамі тэлефанавалі родным.

«Мне было так цяжка, што я думала, што ня вытрымаю», — успамінае суразмоўца.

Пакой у бэльгійскім прытулку для уцекачоў. Архіўнае фота
Пакой у бэльгійскім прытулку для уцекачоў. Архіўнае фота

Ала хадзіла на канцэрты і з нуля пачала вучыць францускую мову. Пайшла на моўныя курсы, куды бралі бясплатна ўсіх мігрантаў. Для гэтага трэба было ўзяць дакумэнт з Чырвонага Крыжа.

«У мяне нязмушаная ангельская мова, нямецкая. А я трапіла туды, дзе француская мова, вельмі цяжкая, — усьміхаецца суразмоўца. — Было вельмі цяжка, шумна, крыкі вакол. Я купіла затычкі для вушэй і так вучыла».

Калі Ала яшчэ не валодала добра францускаю моваю, зь ёю здарыўся выпадак. Да яе падышла бяздомная жанчына і стала прасіць грошы.

«Я ўспомніла Ільфа і Пятрова і сказала: „Je ne mange pas six jours“ (фр. „Я ня еў шэсьць дзён“). Бяздомная зьдзівілася, паглядзела на мяне і мне самой аддае гэтую манэтку. Я ёй назад аддала, кажу: „Non, non, non, merci“ (фр. „Не, не, не, дзякуй“)», — сьмяецца Ала.

Панарама горада Намюр, дзе жыве зараз Ала. Фота гераіні публікацыі
Панарама горада Намюр, дзе жыве зараз Ала. Фота гераіні публікацыі

Нядаўна беларуска здала моўны экзамэн на ўзровень B1 (сярэдняе валоданьне мовай. — РС). На іспытах атрымала 90 і 76 балаў з ста. Лічыць гэта добрым вынікам для свайго ўзросту. Ала працявае вучыць францускую, каб лепш разумець бэльгійцаў, бо большасьць у ейным рэгіёне ня ведае ангельскае мовы.

«Я ўжо магу досыць доўга гаварыць на складаныя тэмы. Нам трэба было зрабіць прэзэнтацыю пра мастака сваёй краіны. Выбрала Юдаля Пэна. Я хадзіла ў мастацкі музэй у Менску, вельмі любіла яго карціны, яны так мяне радавалі. Усім прэзэнтацыя спадабалася. Ніхто ня ведаў, што Марк Шагал быў зь Беларусі, а Юдаль Пэн быў ягоным настаўнікам», — расказвае суразмоўца.

«Дзякую Богу, што я ў Бэльгіі»

Цяпер беларуска жыве ў горадзе Намюр, здымае кватэру, ёй аказвае дапамогу бэльгійскі ўрад. Ала на пэнсіі і ўжо ня мусіць працаваць. Яна ходзіць на заняткі аквааэробікі ў басэйн. Кажа, што у групе ў асноўным пэнсіянэркі.

«Якія яны жвавыя! Яны і скачуць, і танцуюць, як маладзенькія! Адзяваюцца як дзяўчаткі, у шорцікі. Пайшлі купілі, што ім падабаецца, і носяць. Фрызуры ў іх модныя. Касмэтыкай амаль ніхто не карыстаецца. Валасы большасьць не фарбуюць. Увечары пэнсіянэры зьбіраюцца і бегаюць — групамі, грамадой!» — захапляецца ладам жыцьця бэльгійскіх пэнсіянэраў беларуска.

Ала любіць гуляць па Намюры, бо ён зялёны, прыгожы, з мноствам ліпаў. Кажа, што гэты горад лічыцца самым рамантычным у краіне. У Намюры сыходзяцца дзьве шырокія ракі. Па іх можна плаваць на параходзе, можна назіраць за мноствам качак, гусей, лебедзяў. У Намюры жывуць больш за 100 тысяч чалавек, гэта адміністрацыйны цэнтар рэгіёну Валёнія.

Кватэра, у якой зараз жыве Ала. Фота з прыватнага архіву
Кватэра, у якой зараз жыве Ала. Фота з прыватнага архіву

«Людзі ў Бэльгіі жывуць багата. У іх цудоўныя дамы, добрыя машыны. Яны вандруюць шмат. Я кожны дзень прачынаюся і дзякую Богу, што я ў Бэльгіі. Тут людзі добразычлівыя, куртуазныя. Заходзіш у аўтобус, кажаш: „Bonjour“, і кіроўца таксама кажа. Выходзіш — „Merci, au revoir!“ Хоць у другой частцы Бэльгіі, Фляндрыі, такога няма. Тут, у Валёніі, людзі ветлівыя, прыязныя, культурныя, у аўтобусах любяць размаўляць між сабой», — заўважае беларуска.

Пасьля 2020 году Ала зразумела, што «беларусы — найлепшая нацыя ў сьвеце».

«Я ўспамінаю ўзаемадапамогу, калі мы, пэнсіянэркі, ішлі ад Чырвонага касьцёла да плошчы Якуба Коласа, да нас моладзь падыходзіла, прапаноўвалі і гарбату, і печыва, і цукеркі. Як мы ішлі, дзяўчаткі плакалі ў замілаваньні, што мы нешта робім. З намі хадзілі кабеткі з вазкамі, яны ледзь ішлі, вельмі хворыя былі. Калі мы даходзілі да плошчы Якуба Коласа, там моладзь сварылася: „Я гэтую бабульку завязу, а я вось гэтую“». — „Не, я зь ёй дамовіўся раней!“ — успамінае Ала.

Кветкі на бальконе ў Алы. Фота з прыватнага архіву
Кветкі на бальконе ў Алы. Фота з прыватнага архіву

Аднак беларуска плянуе застацца жыць у Бэльгіі. Успамінае, што ейныя суседзі ў Менску дапамагалі міліцыянтам яе затрымліваць, давалі ўчастковаму свой тэлефон, каб той патэлефанаваў пэнсіянэрцы, бо яна заблякавала нумар супрацоўніка міліцыі. Жыць побач з такімі суседзямі яна ня хоча.

«Я ўжо тут прывыкла, сяброў завяла. У маім узросьце гэта ўжо досыць цяжка. Хоць настальгія — рэч пакутлівая. Трэба прызвычаіцца, што ў бліжэйшы час я не змагу прыехаць дадому. Хочацца прыехаць, прайсьціся па сваёй вёсцы, у Менск прыехаць», — прызнаецца беларуска.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG