Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі беларус Якаў Кудзялевіч выйшаў з комы, якая працягвалася 73 дні

Якаў Кудзялевіч у шпіталі пасьля комы
Якаў Кудзялевіч у шпіталі пасьля комы

Бацька Якава Дзьмітры Кудзялевіч расказаў Свабодзе пра абставіны лячэньня сына і ягоны юрыдычны статус.

23-гадовы беларус Якаў Кудзялевіч зь сярэдзіны красавіка быў у коме ў чэскім шпіталі. Ягоная спроба суіцыду, акрамя праблемаў у асабістым жыцьці (разьвітаньне з дзяўчынай) была зьвязаная з адмовай атрымаць міжнародную абарону ў Чэхіі і страхам дэпартацыі ў Беларусь.

Цяпер Якаў выйшаў з комы. І гэта было нечакана, кажа Свабодзе бацька Якава Дзьмітры Кудзялевіч.

Дзьмітры Кудзялевіч расказаў, што ў тым шпіталі цяпер знаходзіцца маці Якава. 24 чэрвеня яна яму нечакана патэлефанавала і сказала: «Дзьмітры, з табой хоча пагаварыць сын».

«Для мяне гэта было як гром сярод яснага неба. 73 дні сын знаходзіўся ў глыбокай коме. І калі я ўзяў тэлефон, ён кажа: „Добры дзень, тата“. Гэта цяжка перадаць, наколькі гэта было моцна і пранікліва».

Пасьля гэтага бацька рэгулярна гутарыць з сынам праз тэлефон, наведвае яго на выходных.

«Паедзем з дачкой наведваць нашага сына і падымаць яго, бо ён цяпер у прытомнасьці, мае зносіны, усё добра памятае, ніякага парушэньня гаворкі няма. Але ён не кіруе канцавінамі, рукамі, нагамі, зьнерухомлены, на жаль. Працягваецца інтэнсіўная тэрапія».

Бацька згадвае, што тымчасам сям’я чакае суду наконт міжнароднай абароны Якава. Ён моцна непакоіцца, якім будзе вынік.

«Я маю на ўвазе рашэньне чэскага суду аб абскарджаньні адмовы ў міжнароднай абароне. У нас вельмі моцная падтрымка. Я сёньня паглядзеў тыя лісты, якія нам даслалі ў падтрымку, і афіцыйныя лісты ёсьць, накіраваныя на адрас чэскага суду. Гэта і ад офісу Сьвятланы Ціханоўскай, і асобна ад офісу дэмакратычных сілаў у Чэхіі пад кіраўніцтвам Крысьціны Шыянок, якая ўвесь час з намі ў кантакце, нас выдатна падтрымлівае, дае нам розныя каналы для дапамогі — юрыдычнай і фінансавай. Асобна хочацца падзякаваць офісу дэмакратычных сілаў ва Ўкраіне, Сьвятлане Шацілінай. Яна таксама з намі ў кантакце рэгулярна. Украінскі фонд «Самостійна Україна», зь якім Якаў супрацоўнічаў, — яны таксама з намі ў кантакце. Каардынацыйная рада даслала нам ліст падтрымкі, экспэртную выснову — праваабарончы цэнтар «Вясна».

Асобна Дзьмітры Кудзялевіч адзначыў лекара Сяргея Юрчанку, беларуса, які кіруе аддзяленьнем інтэнсіўнай тэрапіі ў шпіталі, у якім знаходзіцца Якаў; Цэнтар беларускай салідарнасьці; беларускае студэнцтва ў Чэхіі.

Прагнозы наконт далейшага лячэньня ні лекары, ні бацька даваць не бяруцца:

«Гэта, вядома, цуд ня толькі для нас, родных і блізкіх, але і для лекараў, я так разумею, бо ніхто не чакаў, што будзе менавіта так. Таму ніякіх прагнозаў, бо неардынарная сытуацыя. Лекары вельмі асьцярожныя, усьміхаюцца. Я вам скажу так: у аддзяленьні, у шпіталі нават агульнае становішча зьмянілася», — кажа Дзьмітры Кудзялевіч.

Праблемы эміграцыі сям’і Кудзялевічаў

Бацька Якава Дзьмітры Кудзялевіч, адзін з колішніх лідэраў страйкаму «Беларуськалію», быў вымушаны ўцячы зь Беларусі ў 2020 годзе. Цяпер Дзьмітры Кудзялевіч разам з адвакатам спрабуюць абскардзіць адмову МУС Чэхіі надаць Якаву міжнародную абарону .

Якаў у 17-гадовым узросьце быў вымушаны зьехаць зь Беларусі пасьля 2020 году праз пагрозу рэпрэсіяў. Тры гады ён вучыўся ва ўнівэрсытэце ў чэскай Остраве на спэцыяльнасьці «біятэхналёгіі». Хлопец зразумеў, што гэтая спэцыяльнасьць не для яго, і яму давялося пакінуць унівэрсытэт.

Пасьля гэтага былі розныя працы, спробы пачаць вучобу ва ўнівэрсытэце ў Празе. Якаў сутыкнуўся з праблемай легалізацыі. Хлопец падаў заяву на міжнародную абарону, бо і ён, і бацька ўдзельнічалі ў пратэстах у Беларусі і былі вымушаныя пакінуць краіну. Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі адмовіла яму ў міжнароднай абароне.

Дзьмітры Кудзялевіч, які быў адным зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію», пасьля таго, як у жніўні 2020 году яго затрымаў КДБ, здолеў уцячы ва Ўкраіну. Цяпер ён жыве ў Польшчы.

Кудзялевіч згадвае, як у пачатку красавіка сын перастаў зь ім кантактаваць. Ён пачаў шукаць Якава празь ягоных знаёмых у Чэхіі. Сына знайшлі без прытомнасьці на падлозе ў ягоным пакоі ў прыёмным цэнтры для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне. Паводле дактароў, Якаў прыняў шэраг мэдычных прэпаратаў і знаходзіўся без прытомнасьці адзін каля содняў. Хлопца тэрмінова перавезьлі ў шпіталь.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG