Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23-гадовы беларус у коме ў Чэхіі пасьля адмовы ў прытулку і пагрозы дэпартацыі

Дзьмітрый Кудзялевіч з сынам у шпіталі
Дзьмітрый Кудзялевіч з сынам у шпіталі

23-гадовы беларус Якаў зь сярэдзіны красавіка знаходзіцца ў коме ў шпіталі аднаго з чэскіх гарадоў. Ягоная спроба суіцыду, акрамя праблемаў у асабістым жыцьці (разьвітаньне з дзяўчынай) была зьвязаная з адмовай атрымаць міжнародную абарону ў Чэхіі і страхам дэпартацыі ў Беларусь, кажа ягоны бацька.

Бацька Якава, Дзьмітры Кудзялевіч, адзін з колішніх лідэраў страйкаму «Беларуськалія», быў вымушаны ўцячы зь Беларусі ў 2020 годзе. Цяпер Дзьмітры Кудзялевіч разам з адвакатам спрабуюць абскардзіць адмову МУС Чэхіі прадаставіць міжнародную абарону Якаву.

Якаў у 17-гадовым узросьце быў вымушаны зьехаць зь Беларусі пасьля 2020 году праз пагрозу рэпрэсій. Тры гады ён вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Остраве ў Чэхіі па спэцыяльнасьці «біятэхналёгіі». Хлопец зразумеў, што гэтая спэцыяльнасьць не для яго, і давялося пакінуць унівэрсытэт.

Пасьля гэтага былі розныя працы, спробы распачаць вучобу ва ўнівэрсытэце ў Празе. Якаў сутыкнуўся з праблемай легалізацыі. Хлопец падаўся на міжнародную абарону, паколькі і ён, і бацька ўдзельнічалі ў пратэстах у Беларусі і былі вымушаныя пакінуць краіну. Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі адмовіла яму ў міжнароднай абароне.

Дзьмітры Кудзялевіч, які быў адным з колішніх лідэраў страйкаму «Беларуськалію», пасьля затрыманьня КДБ у жніўні 2020 году здолеў уцячы ва Ўкраіну. Цяпер ён жыве ў Польшчы.

Кудзялевіч згадвае, як на пачатку красавіка сын перастаў зь ім кантактаваць. Ён пачаў шукаць Якава празь яго знаёмых у Чэхіі. Сына знайшлі без прытомнасьці на падлозе ў ягоным пакоі ў прыёмным цэнтры для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне. Паводле дактароў Якаў прыняў шэраг мэдычных прэпаратаў і знаходзіўся без прытомнасьці адзін каля сутак.

Хлопца тэрмінова перавезьлі ў шпіталь. Якаў дагэтуль знаходзіцца ў коме, падключаны да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Бацька асьцерагаецца, што хлопца могуць у такім стане дэпартаваць у Беларусь. Да таго ж празь няпэўны статус у яго можа скончыцца страхоўка, і за знаходжаньне ў шпіталі давядзецца плаціць.

Дзьмітры Кудзялевіч спачатку не агучваў тое, што здарылася з сынам, але потым вырашыў зрабіць гэтую трагедыю публічнай.

Свабода зьвязалася з адвакатам, які аказвае сям’і юрыдычную дапамогу. Адвакат падае пазоў, каб аспрэчыць рашэньне Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі аб адмове прадставіць міжнародную абарону. Адвакат, які папрасіў не называць ягонага імя, падзяліўся сваім бачаньнем сытуацыі:

«Вяртаньне ў Беларусь было для Якава больш страшным, чым сьмерць. Ціск з боку ўладаў Беларусі быў зьвязаны з жаданьнем узьдзейнічаць на яго бацьку, які ўцёк зь Беларусі праз палітычны перасьлед».

Што да магчымай дэпартацыі, то, паводле адваката, яна немагчымая, пакуль Якаў знаходзіцца ў коме.

Юрыст, сябра Чэскай палаты адвакатаў Алесь Міхалевіч падкрэсьлівае, што атрыманьне статуса ўцекача — гэта заўсёды пытаньне таго, наколькі добра краіна ведае ўнутраную сытуацыю ў Беларусі.

«Шмат краін, у тым ліку і Чэхія, і Нямеччына, патрабуюць, каб было паказана, чаму ў гэтым канкрэтным выпадку будзе чыніцца перасьлед. І далейшае вельмі часта залежыць ад рашэньня канкрэтнага супрацоўніка дэпартамэнту міграцыі Міністэрства ўнутраных справў, ці ў гэтым канкрэтным выпадку чалавеку штосьці пагражае ці не пагражае.

І безумоўна, калі гэта пытаньне перасьледу праз сваякоў, даказваць такі перасьлед заўсёды нашмат цяжэй. Таму з такой праблемай мы будзем сустракацца ўсё больш і больш. Таксама ёсьць праблема наяўнасьці інфармацыі пра Беларусь, бо для людзей, якія займаюцца Беларусьсю, ніякіх пытаньняў няма. І Чэхія ў гэтым пляне яшчэ сярод не найгоршых краінаў. Але калі чалавек, напрыклад, будзе падавацца ў Партугаліі, Гішпаніі, Італіі, там дастаткова часта інфармацыі пра Беларусь маюць нашмат менш, і трэба пачынаць даказваць увогуле па стандартнай схеме, што чалавек перасьледуецца, што менавіта яму канкрэтна пагражае.

Заўсёды гэта праблема, таму што часта на адміністрацыйным узроўні чыноўнік прымае рашэньне як чыноўнік: "Адмоўлю я на ўсялякі выпадак, няхай ён ідзе ў суд і там разьбіраецца"».

Крысьціна Шыянок, кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі, называе сапраўднай трагедыяй тое, што адбылося зь Якавам.

«Мы ўсе шчыра спадзяемся на яго выздараўленьне. Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі зь першых дзён на сувязі са шпіталём і з бацькам хлопца. Па яго просьбе мы дапамаглі арганізаваць дадатковыя мэдычныя кансультацыі і прыцягнулі дасьведчаных міграцыйных юрыстаў. Як высьветлілася, адзін зь іх ужо кансультаваў Якава раней, што дазваляе нам цяпер глыбей разумець юрыдычны бок справы.

На жаль, на этапе ўзьнікненьня праблем з дакумэнтамі Якаў не зьвяртаўся ў наш Офіс, таму мы ня мелі магчымасьці падтрымаць яго своечасова. Цяпер мы робім усё магчымае, каб дапамагчы сям’і ў гэты цяжкі час. Па дамоўленасьці з былым палітзьняволеным, які быў сутыкнуўся са складанасьцямі пры атрыманьні міжнароднай абароны ў Чэхіі (праз наяўнасьць украінскага грамадзянства), частка сабраных для яго сродкаў, якая не спатрэбілася, бо ён атрымаў статус, будзе накіравана на юрыдычную дапамогу Якаву».

Дзьмітрый Кудзялевіч зьвяртаўся па дапамогу праз Facebook-cуполку «Беларусы Чэхii / Bělorusové v ČR / Belarusians in the Czech Republic» і вельмі ўдзячны беларусам, якія адгукнуліся і падтрымалі яго з сынам.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG