Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Ваданосава ахвяравала экс-палітвязьням грошы, сабраныя на лячэньне маці, якая заўчасна памерла

Кацярына Ваданосава, архіўнае фота
Кацярына Ваданосава, архіўнае фота

Тэлевядоўца і сьпявачка Кацярына Ваданосава, якая жыве за межамі Беларусі, ахвяравала 10 тысяч эўра на падтрымку вызваленых палітвязьняў.

Грошы пойдуць для палітзьняволеных, вызваленых 19 сакавіка, паведамляе дабрачынная арганізацыя BySol:

«Кацярына зьбірала грошы праз BySol на лячэньне маці. Але цуду, на жаль, не адбылося. Сабраныя грошы пайшлі на аплату пахаваньня і ўшанаваньня памяці. У сваім зборы Кацярына дэкляравала, што калі ня ўсе сродкі будуць выкарыстаныя, то яна ахвяруе іх на іншыя зборы на BySol. З сабранай сумы засталося 10 тысяч эўра, гэтыя сродкі Кацярына пералічыла на пільны збор для вызваленых палітвязьняў».

Учора быў апошні дзень, каб падтрымаць былых палітзьняволеных на плятформе BySol. З заяўленых 250 тысяч сабралі 102 тысячы эўра.

Кацярына пацьвердзіла сваё рашэньне і паведаміла Свабодзе:

«У мамы ўчора быў бы дзень народзінаў — 75 гадоў. Думаю, яна была б радая майму ўчынку».

У 74-гадовай Нэлі Ваданосавай 26 сьнежня адбылося кровазьліцьцё ў мозг, яе шпіталізавалі, правялі апэрацыю.

Заяўленая сума на дапамогу маці Кацярыны Ваданосавай 15 тысяч эўра была сабрана за няпоўныя тры дні. На 2 студзеня было ахвяравана больш за 16 тысяч.

39-гадовая Кацярына Ваданосава — беларуская тэлевядоўца, блогерка, сьпявачка, гісторык паводле адукацыі. У выніку палітычна матываванага перасьледу змушана пакінула зь сям’ёй Беларусь. Цяпер жыве ў Польшчы. У эміграцыі перанесла анкалягічнае захворваньне.

  • Кацярына — сябра Каардынацыйнай рады («Каманда Латушкі і Рух «За свабоду»).
  • У 2024 годзе да маці Ваданосавай у Менску прыходзілі сілавікі, пасьля чаго ў той здарыўся інфаркт. Пазьней маці пераехала да дачкі, чакала ў Польшчы атрыманьня міжнароднай абароны.
  • Аднак празь некаторы час Упраўленьне ў справах іншаземцаў спыніла вядзеньне справы і пастанавіла перадаць Ваданосаву-старэйшую ў Літву паводле Дублінскага рэглямэнту — бо яна выяжджала зь Беларусі зь літоўскай візай.
  • Рашэньне аспрэчылі ў судзе. У кастрычніку 2025 году Адміністрацыйны суд Варшавы стаў на бок заяўніцы, улічыўшы індывідуальныя абставіны — яе ўзрост, стан здароўя, а таксама тое, што адзіныя яе блізкія жывуць у Беластоку.
  • Нэлі Ваданосава змагла застацца ў Польшчы.
  • У Беларусі завялі справу супраць Кацярыны Ваданосавай, якая жыве за мяжой, нібыта за «рэабілітацыю нацызму».
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG