Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Масквой і Кіевам. Ці дапаможа Пэкін Лукашэнку?

Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, 29 чэрвеня 2026
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, 29 чэрвеня 2026

Аляксандар Лукашэнка 29-30 чэрвеня знаходзіўся зь візытам у Кітаі, у часе якога сустрэўся зь яго лідэрам Сі Цзіньпінам. Расейская служба Радыё Свабода зьвярнула ўвагу на тое, што візыт у КНР не анансавалі, а ў Пэкін Лукашэнка накіраваўся адразу пасьля двухдзённай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.

Дагэтуль невядома, пра што два дні Лукашэнка і Пуцін гаварылі на Валдае. Магчыма, адной з тэмаў мог быць (ня)удзел Менску ў вайне Расеі супраць Украіны. Перад сустрэчай з Пуціным Лукашэнка публічна папрасіў не ўцягваць Беларусь у вайну, піша Расейская служба Радыё Свабода.

Апроч таго, Лукашэнка мог перадаць Пуціну пасланьне зь Кіева — 29 чэрвеня Insider UA з спасылкай на крыніцы ў офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведаміў, што Лукашэнка мог прапанаваць Пуціну пачаць мірныя перамовы. Пры гэтым у Крамлі заявілі, што Пуцін ніякага пасланьня не атрымліваў.

У Кітаі прагучаў сыгнал і для Расеі, і для Ўкраіны

Кітаіст Аляксей Чыгадаеў упэўнены, што візыт Лукашэнкі ў Кітай і яго сустрэча з Сі былі загадзя заплянаваныя. Але для яго было важна ня толькі пацьвердзіць эканамічныя дамоўленасьці, але і заручыцца палітычнай падтрымкай кітайскага лідэра.

Аляксей Чыгадаеў
Аляксей Чыгадаеў

«Палітычная плоскасьць важная: Кітай заявіў пра тое, што ён падтрымлівае сувэрэнітэт Беларусі. Адначасова гэта сыгнал Расейскай Фэдэрацыі: калі ласка, не чапайце Беларусь і не паглынайце яе. Гэта сыгнал Украіне пра тое, што напад на Беларусь Кітай будзе разглядаць як напад на свайго партнэра», — сказаў экспэрт.

Аляксей Чыгадаеў нагадаў, што для Кітая застаецца вельмі важным эканамічны праект «Адзін пояс — адзін шлях». «Беларусь — гэта важны лягістычны хаб для кітайскіх тавараў, вельмі вялікая частка тавараў, якія прыходзяць у Эўропу праз Польшчу, ідзе празь Беларусь. Крызіс з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і ўвогуле любая нестабільнасьць на мяжы Беларусі і Эўропы ўплываюць на кітайскія пастаўкі», — патлумачыў ён.

Паводле яго, гэта таксама вялікі сыгнал і Лукашэнку. «Тут узьнікае пытаньне, як Аляксандар Лукашэнка разыграе гэтыя карты. Ён сапраўды можа пайсьці да Пуціна і сказаць: паглядзі, са мной трэба дамаўляцца, таму што за мной стаіць Кітай. З гэтымі ж картамі ён можа пайсьці да Ўладзіміра Зяленскага і сказаць: на мяне ня трэба нападаць, каб не сварыцца з Кітаем. Аляксандар Лукашэнка — унікальны палітык, якога ўсе ненавідзяць, але прымудраецца з усімі дамаўляцца і доўга заставацца ва ўладзе», — сказаў Аляксей Чыгадаеў.

Крэмль зьняпраўджвае, што ўцягвае Беларусь у вайну з Украінай. Пра гэта заявіў Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна.

«Наўрад ці Кітай стане гарантам незалежнасьці Беларусі»

Палітоляг Кацярына Глод мяркуе, што заява Сі Цзіньпіна аб падтрымцы Беларусі не зьнімае з Лукашэнкі абавязкі быць ляяльным Пуціну.

Беларуская экспэртка Кацярына Глод
Беларуская экспэртка Кацярына Глод

«У прынцыпе, заява Кітаю аб падтрымцы сувэрэнітэту і незалежнасьці мы назіраем ня толькі датычна Беларусі. Таму я б не рабіла на гэтым вялікі акцэнт, але гэтая заява гучыць цяпер дастаткова сымбалічна.

Больш важна тое, што Лукашэнка ня можа не залежаць ад Пуціна. І я мяркую, што Кітай гэта цудоўна разумее і вядзе тут найбольш разумнейшую палітыку, падтрымліваючы Лукашэнку ў рыторыцы», — сказала Кацярына Глод.

Аднак, паводле яе, Лукашэнка ня можа цалкам пакладацца на Кітай.

«Калі Расея і Пуцін захочуць нейкага большага ціску на Лукашэнку, то я ня думаю, што Кітай будзе выступаць у ролі гаранта незалежнасьці Беларусі або ў ролі таго гульца, на якога Лукашэнка зможа абаперціся», — перакананая палітоляг.

Кацярына Глод таксама мяркуе, што Пуцін не губляе рычагі ўплыву на Лукашэнку, таму што палітычная выжывальнасьць ягонага рэжыму цалкам залежыць ад Крамля.

«Уладзімір Пуцін хоча ад Аляксандра Лукашэнкі поўнай падтрымкі на міжнародным узроўні. Ён хоча бачыць Беларусь дэ-факта прыдаткам Расеі ва ўсім, што тычыцца абароннай і вонкавай палітыкі, каб Беларусь заўсёды падтрымлівала пазыцыю Расеі па ўсіх пытаньнях», — мяркуе яна.

Паводле яе, Пуцін таксама хоча, каб Беларусь працягвала дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі, якія зьвязаныя з абаронным комплексам.

«Напэўна, найважней для Расеі і для Пуціна — каб Беларусь цалкам заставалася ў сфэры ўплыву Расеі, хоць дэ-юрэ Беларусь застаецца самастойнай дзяржавай. Мы бачым, як Беларусь выкарыстоўваецца як пляцдарм і ўмацаваны тыл Расеі для перадачы сыгналаў Захаду», — мяркуе Кацярына Глод.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

За час свайго кіраваньня Беларусьсю Лукашэнка 17 разоў наведаў Кітай. За некалькі тыдняў да цяперашняга яго візыту Беларусь наведаў намесьнік старшыні КНР Хань Чжэн, які прыехаў у Менск пасьля візыту ў Санкт-Пецярбург, дзе сустракаўся з Уладзімірам Пуціным. Пад візыт кітайскага госьця ўлады Беларусі прымеркавалі Беларуска-кітайскі форум прамысловага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва. Зь ім правялі перамовы Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер Аляксандр Турчын.

Сваімі частымі кантактамі з Кітаем Лукашэнка імкнецца паказаць, што Беларусь мае ня толькі расейскі, але і кітайскі вэктар, мае падтрымку такога глябальнага сілавога цэнтру, як Кітай. Гэта дазваляе яму дэманстраваць як унутры краіны, так і звонку, што краіна не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі.

Аднак, як сьцьвярджаюць аналітыкі, імкненьне Менску манэтызаваць сваю геапалітычную ляяльнасьць Кітаю не дае жаданага выніку. Можна сказаць, што беларуска-кітайскія адносіны разьвіваюцца ў дзьвюх паралельных плашчынях. Палітычныя дачыненьні на высокім узроўні, а вось што тычыцца эканамічных зносін, то тут цікавасьць Кітаю да Беларусі невялікая.

Кітай цяпер — другі гандлёвы партнэр Беларусі пасьля Расеі. Ягоная доля ў беларускім замежным гандлі складае 11%. За апошнія 10 гадоў, паводле ўладаў, Беларусь патроіла тавараабарот з Кітаем і падвоіла экспарт у гэтую краіну. Аднак імпарт кітайскіх тавараў і паслуг у Беларусь шматкроць перавышае экспарт беларускіх у Кітай. Дзесяць гадоў таму дэфіцыт у гандлёвых адносінах з КНР складаў $1,5 млрд, а за студзень–лістапад 2025 году ён ужо налічваў $5,5 млрд.

У апошнія тры гады Кітай стаў адным з найбольшых донараў Беларусі: кітайскі ўрад вылучае крэдыты і тэхнічную дапамогу ў розных сфэрах — ад IT-сэктару да лясной гаспадаркі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG