Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка павіншаваў лідэраў ЗША і Кітаю з днём народзінаў. Параўналі

Аляксандар Лукашэнка і яго малодшы сын Мікалай. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка і яго малодшы сын Мікалай. Ілюстрацыйнае фота

Дональд Трамп адзначыў сваё 80-годзьдзе 14 чэрвеня, а Сі Цзіньпіну 15 чэрвеня споўнілася 73 гады.

«Разьлічваю на давяральны дыялёг»

У віншаваньні лідэра Кітаю Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што Кітай, які мадэрнізуецца і працьвітае, стварае найвышэйшыя стандарты «глябальнага лідэрства».

«У многім гэта зьяўляецца вынікам вашага дальнабачнага кіраўніцтва, пасьлядоўнай палітыкі ўмацаваньня дзяржаўнасьці і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага прагрэсу краіны. Цяжка таксама пераацаніць ваш унёсак у пашырэньне міжнароднага супрацоўніцтва і забесьпячэньне стабільнасьці ў сьвеце», — гаворыцца ў віншаваньні.

Лукашэнка адзначыў «беспрэцэдэнтна высокі ўзровень» беларуска-кітайскіх дачыненьняў і «зь цеплынёй» згадаў супольныя леташнія «зьмястоўныя гутаркі».

«Разьлічваю на працяг давяральнага дыялёгу і зь нецярплівасьцю чакаю сустрэчы, якая мае адбыцца і без сумневаў надасьць чарговы імпульс двухбаковаму ўзаемадзеяньню Менску і Пэкіну», — адзначыў Лукашэнка і пажадаў Сі Цзіньпіну добрага здароўя і новых дасягненьняў на карысьць дружалюбнага кітайскага народу.

Што пажадаў Трампу — невядома

У паведамленьні аб віншаваньні Сі Цзіньпіна было пяць абзацаў, а пра віншаваньне Дональду Трампу — усяго два радкі, якія можна расцаніць як інфармацыю не пра віншаваньне, а пра ўзрост амэрыканскага прэзыдэнта.

«Прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу спаўняецца 80 гадоў», — паведаміла прэсавая служба і дадала, што Лукашэнка «павіншаваў амэрыканскага калегу зь юбілеем». Тэкст віншаваньня не апублікавалі.

На сайце Лукашэнкі няма навінаў аб ранейшых віншаваньнях цяперашняму прэзыдэнту ЗША з нагоды дня ягонага нараджэньня. У той жа час Лукашэнка даволі разгорнута віншаваў Дональда Трампа зь перамогамі на выбарах і зычыў яму «трапных палітычных рашэньняў».

У сваіх публічных выказваньнях Лукашэнка называў сябе «трампістам» і дазваляў сабе крытыкаваць палітыку амэрыканскага прэзыдэнта.

Адметна, што ў верасьні 2024 году сам Дональд Трамп парушыў дыпляматычны пратакол і праз свайго спэцыяльнага прадстаўніка перадаў Лукашэнку афіцыйны ліст зь віншаваньнем да дня нараджэньня і падарунак — запінкі з выявай Белага дому.

На сайтах Белага дому і Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША інфармацыю аб віншаваньнях замежных лідэраў не публікуюць.

У 2019 годзе Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з дарадцам прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джонам Болтанам папрасіў яго перадаць падарункі для амэрыканскай прэзыдэнцкай пары: Дональду Трампу — кордзік, Мэланіі Трамп — абрус з сурвэткамі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG