Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вэнэсуэле тысячы людзей пацярпелі ў выніку наймагутнейшага за апошняе стагодзьдзе землятрусу. ФОТА

Наступствы землятрусаў у Вэнэсуэле. Каракас, 25 чэрвеня 2026
Наступствы землятрусаў у Вэнэсуэле. Каракас, 25 чэрвеня 2026

У Вэнэсуэле ўвечары 24 чэрвеня адбыліся два магутныя землятрусы. Шмат разбурэньняў і ахвяраў.

Як паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на амэрыканскія маніторынгавыя арганізацыі, сілай і наступствамі яны перавысілі землятрус 1900 году.

Параненага ў выніку землятрусу дастаўляюць у лякарню. Каракас, 25 чэрвеня 2026
Параненага ў выніку землятрусу дастаўляюць у лякарню. Каракас, 25 чэрвеня 2026

Паводле ўладаў, загінулі сама меней 32 чалавекі, ня менш за 700 атрымалі раненьні, тысячы чалавек засталіся бяз даху над галавой.

Папярэдне ацэньваецца, што патэнцыйных ахвяраў можа быць да 100 тысяч.

Пад заваламі застаюцца шмат людзей. Каракас, 25 чэрвеня 2026
Пад заваламі застаюцца шмат людзей. Каракас, 25 чэрвеня 2026

Эпіцэнтар першага землятрусу магнітудай 7,2 быў за 160 кілямэтраў на захад ад сталіцы Вэнэсуэлы Каракасу. Праз хвіліну адбыўся яшчэ адзін штуршок, сіла якога склала 7,5.

Працуюць ратаўнікі і мэдыкі. Вэнэсуэла, 24 чэрвеня 2026
Працуюць ратаўнікі і мэдыкі. Вэнэсуэла, 24 чэрвеня 2026

Часовая прэзыдэнтка Вэнэсуэлы Дэльсі Радрыгес паведаміла аб сваёй тэлефоннай размове зь дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіё і падзякавала яму за салідарнасьць і падтрымку народу Вэнэсуэлы.

Геалягічная служба ЗША назвала катастрафічнымі наступствы землятрусу. Паводле яе, колькасьць загінулых можа перавысіць 10 тысяч чалавек.

На шматлікіх відэазапісах, апублікаваных у сацыяльных сетках, можна пабачыць маштабныя разбурэньні жылых шматпавярховых дамоў, людзі застаюцца пад заваламі. Улады вядуць ратаўнічыя работы, галоўны аэрапорт краіны закрылі.

Аб гатоўнасьці дапамагчы Вэнэсуэле заявілі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, а таксама ўлады Гішпаніі, Кітаю і Індыі.

Колькі беларусаў можа быць у Вэнэсуле

У Вэнэсуэле няма сталай беларускай дыяспары.

У краіне жывуць некалькі сотняў грамадзян Беларусі — гэта пераважна прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, а таксама працаўнікі ў розных галінах.

На піку супрацы Беларусі і Вэнэсуэлы (2009–2013 гады) у апошняй налічвалася прыблізна 700 грамадзян Беларусі, у асноўным інжынэраў, будаўнікоў і вайсковых спэцыялістаў. Пасьля завяршэньня супольных інфраструктурных і энэргетычных праектаў іх колькасьць скарацілася да мінімуму, але афіцыйнай статыстыкі на гэты конт няма.

Сёлета ў студзені ЗША правялі ў Вэнэсуэле спэцыяльную апэрацыю, у выніку якой зрынулі рэжым Нікаляса Мадура, арыштавалі яго і вывезьлі ў ЗША.

Часовай кіраўніцай краіны стала віцэ-прэзыдэнтка і міністарка нафты Вэнэсуэлы Дэльсі Радрыгес.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG