Нафтавыя пазыкі
На аснове выцеку пэўных дакумэнтаў высьветлілася, што праз хабарніцтва, некампэтэнтнасьць і геапалітычныя авантуры Беларусь страціла сотні мільёнаў даляраў.
Як гаворыцца ў расьсьледаваньні, гісторыя «вэнэсуэльскага цуду» пачалася ў 2010 годзе, калі Беларусь дамовілася аб закупках нафты гатунку Santa Barbara. Умовы кантракту прадугледжвалі, што Менск аплачвае 80% кошту сыравіны на працягу 35 дзён, а астатнія 20% запісваюцца ў доўг. Меркавалася, што гэтыя 20% Вэнэсуэла «прабачыць» у якасьці братэрскай дапамогі.
Аднак вэнэсуэльская нафта сталася значна даражэйшай за рынкавую: пераплата за кожную тону склала больш за 50 даляраў. Толькі за два гады (2010–2011) Беларусь пераплаціла паўднёваамэрыканскай дзяржаве больш за 376 мільёнаў даляраў.
Калі ж у 2012 годзе беларускія чыноўнікі ўсьвядомілі стратнасьць схемы і спынілі закупкі, Вэнэсуэла запатрабавала вярнуць тыя самыя 20% доўгу. Беларускі бок, як адзначаюць у BelPol, «уключыў дурня» і адмовіўся плаціць, спасылаючыся на вусныя дамоўленасьці аб дапамозе. У выніку доўг перад Вэнэсуэлай па нафтавых кантрактах дасягнуў амаль 1,4 мільярда даляраў.
Няўдача з продажам тэхнікі
Акрамя таго, рэжым Лукашэнкі спрабаваў наладзіць у Вэнэсуэле зборку сваёй тэхнікі. Былі створаныя супольныя прадпрыемствы «МАЗ ВЕН», «ВенеМінск Тракторэс» і завод у зборцы тэхнікі «Амкадор». Аднак вынікі зусім слабыя:
- МАЗ замест заплянаваных 5000 грузавікоў на год за ўвесь час працы сабраў менш за 1500 машын;
- МТЗ замест 10 000 адзінак на год выпусьціў крыху больш за 2000 трактароў.
- вэнэсуэльскі завод «Амкадор» ператварыўся ў даўгабуд: з 30 пастаўленых машынакамплектаў сабралі толькі 24 адзінкі тэхнікі, а прадалі ўсяго тры.
Агульная запазычанасьць Вэнэсуэлы за пастаўленыя складнікі і абсталяваньне перавысіла 95 мільёнаў даляраў.
Аграгарадок-прывід
Яшчэ адным правалам рэжыму Лукашэнкі ў Вэнэсуэле стала будаўніцтва аграгарадка ў штаце Гуарыка. Беларускія будаўнікі павінны былі ўзьвесьці амаль 4500 жылых дамоў і ўсю патрэбную інфраструктуру. Аднак Вэнэсуэла спыніла фінансаваньне праекту, і будоўля, адпаведна, таксама спынілася.
У выніку на месцы меркаванага аграгарадку засталіся стаяць недабудаваныя дамы-скрынкі. Запазычанасьць вэнэсуэльскага боку па гэтым праекце склала 52 мільёны даляраў.
Больш за тое, высьветлілася, што з пастаўленых для будоўлі 442 адзінак тэхнікі амаль палова (199 штук) бясьсьледна зьнікла.
Паводле падлікаў BelPol, агульная сума запазычанасьці Вэнэсуэлы перад Беларусьсю па ўсіх праваленых праектах складае каля 200 мільёнаў даляраў. Вярнуць гэтыя грошы практычна нерэальна: эканоміка Вэнэсуэлы разбураная, а прапанаваныя варыянты аплаты Менск не задавальняюць, піша ініцыятыва.
Форум