Згодна з тэкстам законапраекту, амністыя будзе распаўсюджвацца, у прыватнасьці, на асуджаных паводле артыкулаў аб «тэрарызьме», «здрадзе Айчыне» і «распальваньні нянавісьці».
Пра гэта паведамляе DW.
Менавіта такія абвінавачваньні вылучаліся супраць апанэнтаў улады падчас знаходжаньня ва ўладзе ў Вэнэсуэле Нікаляса Мадура, а таксама яго папярэдніка Ўга Чавэса. Мадура быў захоплены ЗША падчас ваеннай апэрацыі ў студзені 2026 года.
«Мы просім прабачэньня і мы таксама павінныя дараваць», — заявіў у сувязі з рашэньнем парлямэнту яго старшыня Хорхэ Радрыгес.
Пляны масавай амністыі ў Вэнэсуэле
Масавую амністыю анансавала ў студзені Дэлсі Радрыгес, якая стала часовай прэзыдэнткай Вэнэсуэлы пасьля захопу арміяй ЗША Мадура. Паводле Радрыгес мэтай гэтай амністыі павінна стаць «лячэньне ранаў, якія сталі вынікам палітычнага супрацьстаяньня, якое падсілкоўваецца гвалтам і экстрэмізмам». Удакладняецца, што амністыя ня будзе распаўсюджвацца на злачынцаў, асуджаных за забойствы, наркагандаль і цяжкія злачынствы супраць правоў чалавека.
Як адзначае агенцтва AFP, знаходзячыся на пасадзе часовай кіраўніцы Вэнэсуэлы, Дэлсі Радрыгес імкнецца праводзіць курс на збліжэньне з Вашынгтонам. У Вэнэсуэле ўжо былі адпушчаны на волю сотні палітзьняволеных. Аднак яшчэ некалькі сотняў працягваюць заставацца ў турмах.
На патрабаваньне ЗША ў Вэнэсуэле таксама быў прыняты закон, які адкрывае нафтавы рынак гэтай краіны для прыватных інвэстараў. У сувязі з гэтым ЗША абвясьцілі аб зьмякчэньні санкцый супраць гэтай галіны.
Марыя Мачада аб новых выбарах у Вэнэсуэле
Тым часам адна зь лідэрак апазыцыі Вэнэсуэлы, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру Марыя Карына Мачада выказала меркаваньне, што цягам бліжэйшых дзесяці месяцаў у краіне магчыма будзе правесьці дэмакратычныя выбары.
«Думаю, што празь дзевяць-дзесяць месяцаў можна будзе правесьці сапраўдны празрысты выбарчы працэс», — заявіла яна ў інтэрвію амэрыканскаму выданьню Politico.
Мачада адзначыла, што не абмяркоўвала магчымыя тэрміны правядзеньня новых выбараў у Вэнэсуэле з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Апошні заявіў у студзені ў інтэрвію газэце The New York Times, што «толькі час пакажа», як доўга ЗША будуць ажыцьцяўляць назіраньне за кіраваньнем Вэнэсуэлай.
Форум