Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод будзе адключаны як мінімум на шэсьць месяцаў пасьля таго, як зазнаў значныя пашкоджаньні ад удараў украінскіх бесьпілётнікаў, паведамілі агенцтву Reuters дзьве крыніцы.
Настолькі доўгае спыненьне буйнога заводу яшчэ больш ускладняе намаганьні Расеі вырашыць праблемы недахопу паліва, што ўжо ня можа схаваць крамлёўская прапаганда.
НПЗ, разьмешчаны на паўднёвай ускраіне расейскай сталіцы, — найбуйнейшы пастаўнік паліва ў Маскоўскую вобласьць. У гэтым месяцы завод двойчы атакавалі ўкраінскія бесьпілётнікі, што прымусіла яго спыніць працу.
«Газпром нафта», якая кіруе заводам, не адказала журналістам на просьбу аб камэнтары.
Чаму гэта важна?
Украіна ўзмацніла напады на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй бесьпілётнікамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наогул прывяло да спыненьня продажаў паліва людзям.
Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі буйны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячэрскай лаўры.
Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.
Маскоўскі завод, які неаднаразова зазнаваў нападаў, у 2024 годзе перапрацаваў 11,6 мільёна тонаў нафты, вырабіўшы 2,9 мільёна тонаў бэнзіну і 3,2 мільёна тонаў дызэльнага паліва, паказваюць апошнія даступныя зьвесткі.
Што зьбіраецца рабіць Крэмль?
Сутыкнуўшыся з паліўным крызісам, Расея разглядае магчымасьць забароны экспарту дызэльнага паліва, заявіў 23 чэрвеня віцэ-прэм’ер Аляксандар Новак. Тым часам газэта «Ведомости» паведаміла, што разглядаецца пытаньне імпарту паліва для вырашэньня праблемы дэфіцыту, асабліва ў Крыме, дзе продаж бэнзіну насельніцтву прыпынены.
Раней расейскія кампаніі пачалі скупляць тавары на беларускай таварнай біржы. Таксама было вядома пра тое, што Беларусь пачала прадаваць паліва ў Расею. Аднак беларускае паліва не закрые ўсіх патрэбаў расейскай дзяржавы, таму наступствы недахопу вельмі істотныя.
Форум