ЗША і Іран падпісалі дамову, накіраваную на спыненьне вайны. Армускую пратоку разблякавалі

Дональд Трамп у Францыі на саміце G7 17 чэрвеня 2026 году
Дональд Трамп у Францыі на саміце G7 17 чэрвеня 2026 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян падпісалі дамову, накіраваную на спыненьне трохмесячнай вайны на Блізкім Усходзе.

Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, абодва бакі пацьвердзілі факт падпісаньня.

«Я падпісаў яе ў Вэрсалі», — сказаў Дональд Трамп, які разам зь іншымі лідэрамі G7 (краін «Групы сямёх») удзельнічаў у саміце ў Францыі. Пазьней Белы дом пацьвердзіў падпісаньне дамовы.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Ірану Эсмаіль Багаі, якога цытуе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва IRNA, заявіў, што дакумэнт «быў замацаваны подпісамі прэзыдэнтаў».

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян дэманструе падпісаную дамову
Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян дэманструе падпісаную дамову

Прэм’ер-міністар Пакістану Шахбаз Шарыф, які быў ключавым пасярэднікам у перамовах, напісаў у сацыяльных сетках, што пагадненьне «набывае сілу неадкладна».

«У якасьці першага кроку Ісламская Рэспубліка Іран неадкладна адкрые Армускую пратоку, а Злучаныя Штаты Амэрыкі неадкладна здымуць морскую блякаду», — сказаў Шарыф.

Афіцыйная цырымонія падпісаньня мэмарандуму аб узаемаразуменьні паміж ЗША і Іранам мела адбыцца ў Жэнэве (Швайцарыя) 19 чэрвеня. Аб падпісаньні рамкавага пагадненьня ў электронным выглядзе абвясьцілі 15 чэрвеня. Іран заявіў, што асабовая цырымонія падпісаньня мэмарандуму больш не патрэбная. Але Шарыф сказаў, што 19 чэрвеня яна адбудзецца ў Швайцарыі і пачнуцца тэхнічныя перамовы.

Мэмарандум з 14 пунктаў, які служыць толькі часовай дамовай, заклікае да спыненьня баявых дзеяньняў на ўсіх франтах, у тым ліку ў Ліване, адкрыцьця Армускай пратокі для камэрцыйнай навігацыі і зьняцьця Злучанымі Штатамі морскай блякады з Ірану, паведамілі журналістам 17 чэрвеня амэрыканскія службоўцы.

Пасьля падпісаньня абодва бакі абавязаліся за 60 дзён дасягнуць канчатковага ўрэгуляваньня, што ўключае абмежаваньне ядзернай праграмы Ірану і зьняцьце санкцыяў ЗША з Ісламскай Рэспублікі, заявілі амэрыканскія службоўцы.

«У істоце гэта пагадненьне, якое дазваляе нам неадкладна адкрыць Армускую пратоку, абавязвае іранцаў зьнішчыць свой ядзерны арсэнал, а потым дае нам шанец», — сказаў адзін з высокапастаўленых амэрыканскіх службоўцаў.

Трамп раней заяўляў, што гатовы «бамбіць» Іран, калі той парушыць дамоўленасьці.

​
XS
SM
MD
LG