Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: колішняга старшыню Гомельскага гарвыканкама падазраюць у махінацыях з кватэрамі

Гомельскі гарвыканкам. Архіўнае фота
Гомельскі гарвыканкам. Архіўнае фота

Колішні старшыня Гомельскага гарвыканкаму Ўладзімер Прывалаў быў затрыманы паводле падазрэньняў у махінацыях зь перапродажам кватэр, пэўны час знаходзіўся ў Гомельскім сьледчым ізалятары і цяпер можа быць вызваленым пад падпіску аб нявыезьдзе.

Як паведаміла выданьне «Флагшток» з спасылкай на крыніцу, зьвязаную з выканаўчай уладай, у справе фігуруюць і іншыя чыноўнікі.

«Адразу пасьля адстаўкі Прывалаву прадказвалі павышэньне — сярод мясцовых чыноўнікаў хадзілі размовы аб тым, што яго забярэ ў адно зь міністэрстваў у Менск яго сябар. Але ўсё выйшла наадварот — замест высокай пасады экс-чыноўнік атрымаў абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве», — паведаміла выданьне.

Уладзімер Прывалаў кіраваў Гомелем з 2022 году. Сёлета ў траўні Аляксандар Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне Руслана Пархамовіча на пасаду старшыні Гомельскага гарвыканкаму.

Што папярэднічала

Сёлета адбылося шэрагу гучных затрыманьняў чыноўнікаў паводле падазрэньняў у карупцыйных злачынствах:

  • у лютым стала вядома аб перадачы ў суд крымінальнай справы былога намесьніка старшыні Горадзенскага райвыканкаму, якога, імаверна, затрымалі яшчэ ў ліпені 2025 году,
  • 12 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў аб затрыманьні міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі Сяргея Масьляка паводле падазрэньняў у хабарніцтве,
  • у траўні паведамілі, што больш за 20 работнікаў лясной галіны Беларусі праходзяць фігурантамі карупцыйных крымінальных справаў. Сярод найчасьцейшых абвінавачаньняў — хабарніцтва і «крадзеж драўніны шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі».

Чаму гэта важна

Узровень карупцыі ў Беларусі ацэньваецца як высокі. У Індэксе ўспрыманьня карупцыі ад арганізацыі Transparency International Беларусь стабільна займае нізкія радкі — нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка пазыцыянуе сябе як антыкарупцыйны палітык.

Асноўнымі фактарамі карупцыі ў Беларусі ёсьць манаполія дзяржавы і брак кантролю, калі выканаўчая ўлада кіруе эканомікай безь незалежнага кантролю з боку заканадаўчай і судовай сыстэмаў, што стварае спрыяльныя ўмовы для злоўжываньняў.

Беларуская дзяржава практычна не публікуе афіцыйныя справаздачы аб барацьбе з карупцыяй і адмаўляецца ад міжнародных праверак, напрыклад, ад супрацы з групай GRECO.

Спрыяе карупцыі і брак свабодных мэдыя ў краіне, бо пасьля 2020 году ўлады крыміналізавалі незалежную журналістыку, таму вядомымі становяцца толькі адзінкавыя факты карупцыі, а рэальныя маштабы карупцыйных схемаў і расьсьледаваньні ўлады прыхоўваюць.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG