Пракуратура Горадзенскай вобласьці перадала ў суд крымінальную справу былога намесьніка старшыні Горадзенскага райвыканкаму, прозьвішча якога не называюць.
Экс-чыноўніка абвінавачваюць у неаднаразовым атрыманьні хабараў пры выкананьні службовых абавязкаў, паведамляе «Люстэрка».
Паводле сьледзтва, чыноўнік за матэрыяльную ўзнагароду прымаў рашэньні, якія ўваходзілі ў яго кампэтэнцыю. Са сьнежня 2023 года па ліпень 2025 года абвінавачаны нібыта атрымліваў ад прадстаўнікоў прыватных кампаній грашовыя сродкі і будаўнічыя матэрыялы за тое, што дапамагаў удзельнічаць і перамагаць у працэдурах закупак, а таксама забясьпечваў своечасовыя пералічэньне авансаў і аплату ўжо выкананых работ. За атрыманьне хабару (ч. 3 арт. 430 КК) былому чыноўніку пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Верагодна гаворка пра чыноўніка, аб затрыманьні якога 31 ліпеня 2025 году паведаміў МУС у сваім тэлеграм-канале. У інфармацыі расказвалася пра затрыманьне за хабар «службовай асобы аднаго з райвыканкамаў Горадзенскай вобласьці», які «курыраваў сфэру будаўніцтва» і садзейнічаў у «перамозе ў конкурсных працэдурах закупак».
Як сьведчыць статыстыка Вярхоўнага Суда Беларусі, з 304 асуджаных за карупцыю ў першым паўгодзьдзі 2025 году 104 асобы атрымалі адтэрмінаваньне пакараньня, якога яны ў выніку могуць і не адбыць. Яшчэ 80 асобаў атрымалі «хатнюю хімію», 7 — «хімію» з накіраваньнем у месца адбыцьця, 20 — умоўныя тэрміны, адзін чыноўнік абмежаваўся штрафам. Толькі каля чвэрці карупцыянераў (84 з 304) былі пакараныя рэальнымі тэрмінамі ў калёніях, заўважыў Белсат.
Форум