Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зноў апусьцілася ў міжнародным рэйтынгу ўспрыняцьця карупцыі

Сымболіка арганізацыі Transparency International
Сымболіка арганізацыі Transparency International

Паводле дакладу Transparency International за 2025 год, індэкс успрыняцьця карупцыі ў Беларусі склаў 31 з 100 магчымых пунктаў.

Беларусь у міжнародным рэйтынгу ўспрыняцьця карупцыі апусьцілася ў 2025 годзе на 124-е месца сярод 182 краін сьвету (з 114-га месца ў 2024 годзе).

Як вынікае з адпаведнай справаздачы, падрыхтаванай арганізацыяй Transparency International за 2025 год, індэкс успрыняцьця карупцыі (CPI) у Беларусі склаў 31 пункт.

Беларусь аналізуюць як адну з краін рэгіёну Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе «слабыя інстытуты і адыход ад дэмакратыі прыводзяць да карупцыі і звужэньня грамадзянскай прасторы... У шасьці краінах справы моцна пагаршаюцца за дзесяцігодзьдзе заглохлых рэформаў і слабых інстытутаў», — піша Transparency International. Асобнай ацэнкі сытуацыі ў Беларусі няма.

«Каб аўтакратычным рэжымам утрымліваць уладу, яны зруйнавалі сыстэму стрыманьняў і процівагаў, што дазваляе разрастацца карупцыі. Гэта асабліва паказальна ў Расеі (паказьнік 22) і Беларусі (паказьнік 33), якія значна зьнізіліся з 2020 году. Ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну яшчэ больш умацавала аўтарытарызм, калі дзяржава прыціскае іншадумства, перанакіроўвае рэсурсы на падтрымку сваёй ваеннай павесткі і пазбаўляецца незалежных галасоў. Беларусь упала на 14 пунктаў за апошнія 4 гады і адлюстроўвае гэты рэгрэс — больш за 900 арганізацый было закрыта, рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Судовая ўлада таксама застаецца жорстка кантралюемай прэзыдэнтам, выключаючы любыя праверкі цэнтральнай улады», — пісалі арганізатары аналягічнага дасьледваньня за 2024 год.

Індэкс CPI вымярае не карупцыю як такую, ня колькасьць і памеры хабару, які даюць і бяруць у краіне, а менавіта яе ўспрыняцьце.

Індэкс успрыняцьця карупцыі вылічваецца на падставе апытаньняў міжнародных экспэртаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацый.

Калі гаварыць пра доўгатэрміновую дынаміку індэксу для Беларусі, то пэрыяд яго паляпшэньня супаў з пэрыядам паляпшэньня адносін з Захадам, пашырэньня эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяньня зь ім.

XS
SM
MD
LG