На 19 траўня 2026 году больш за 20 работнікаў лясной галіны праходзяць фігурантамі карупцыйных крымінальных справаў, паведаміла прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі пасьля паседжаньня камісіі супрацьдзеяньня карупцыі.
Пракурорскія праверкі ў 2022 і 2023 гадах у галіне выявілі адпаведна 21 і 20 карупцыйных злачынстваў, у 2024 і 2025 гадах — 10 і 14, гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У 2025-м у праваахоўныя органы ў такіх справах накіравалі матэрыялы на 45 службовых асобаў.
Што да сёлетняга году, то ведамства канстатуе, што ў сакавіку–красавіку таксама выкрыты «шэраг фактаў учыненьня службовымі асобамі галіны карупцыйных злачынстваў» — ужо больш за два дзясяткі.
Асноўную частку затрыманых фігурантаў абвінавачваюць у атрыманьні хабару ня толькі грашыма, «але і таварна-матэрыяльнымі каштоўнасьцямі». У прыватнасьці, кіраўнік аднаго з лясгасаў Віцебскай вобласьці ў леташнім чэрвені мінулага году узяў хабар часткаю сьвіной тушы. Некаторых падазраваных ужо звольнілі з працы, піша Позірк.
Чаму гэта важна
Узровень карупцыі ў Беларусі ацэньваецца як высокі. У Індэксе ўспрыманьня карупцыі ад арганізацыі Transparency International Беларусь стабільна займае нізкія радкі — нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка пазыцыянуе сябе як антыкарупцыйны палітык.
Асноўнымі фактарамі карупцыі ў Беларусі ёсьць манаполія дзяржавы і брак кантролю, калі выканаўчая ўлада кіруе эканомікай безь незалежнага кантролю з боку заканадаўчай і судовай сыстэмаў, што стварае спрыяльныя ўмовы для злоўжываньняў.
Беларуская дзяржава практычна не публікуе афіцыйныя справаздачы аб барацьбе з карупцыяй і адмаўляецца ад міжнародных праверак, напрыклад, ад супрацы з групай GRECO.
Спрыяе карупцыі і брак свабодных мэдыя ў краіне, бо пасьля 2020 году ўлады крыміналізавалі незалежную журналістыку, таму вядомымі становяцца толькі адзінкавыя факты карупцыі, а рэальныя маштабы карупцыйных схемаў і расьсьледаваньні ўлады прыхоўваюць.
Форум