Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская балістыка: куды яна можа даляцець і ці здольная расейская супрацьпаветраная абарона яе зьбіць

Украінскі апэратыўна-тактычны комплекс «Сапсан». Ілюстрацыйнае фота
Украінскі апэратыўна-тактычны комплекс «Сапсан». Ілюстрацыйнае фота

Калі Ўкраіна сапраўды створыць балістычныя ракеты, ці дасягнуць яны акупаванага Расеяй Крыму? І ці ёсьць у расейскай СПА сродкі, каб іх зьбіць?

Гэта расьсьледаваў праект Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Крым.Рэаліі.

У нас пакуль няма балістычных ракет, але мы ўжо на шляху да гэтага. Мы вельмі блізкія
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сьцьвярджае, што Ўкраіна ўжо вельмі блізкая да стварэньня ўласных балістычных ракет. «У нас пакуль няма балістычных ракет, але мы ўжо на шляху да гэтага. Мы вельмі блізкія», — сказаў кіраўнік дзяржавы ў інтэрвію Sky News.

Украінскія мэдыя паведамляюць, што пачынаюцца выпрабаваньні новай балістычнай ракеты РК-9. Экспэрты адзначаюць яе дзеяньне на вялікай адлегласьци, што дазволіць ёй пацэльваць у аб’екты ў тыле Расеі і на ўсіх акупаваных расейскай арміяй тэрыторыях.

Галоўны вайскавод Узброеных сілаў Украіны Аляксандар Сырскі паведаміў, што «плянуецца завяршэньне распрацоўкі і далейшая сэрыйная вытворчасьць айчынных балістычных і крылатых ракет». Паводле яго, у спалучэньні з бесьпілётнымі сыстэмамі гэта дазволіць стварыць збалянсаваную сыстэму далёкага агню і забясьпечыць зьнішчэньне цэляў на адлегласьці да 2000 кілямэтраў.

Якія ракеты ўжо распрацоўваюць і выпрабоўваюць

Паводле авіяцыйнага экспэрта і аналітыка Канстанціна Крывалапа, ракеты FP-9 будуць мець далёкасьць палёту прыблізна 850 кілямэтраў і змогуць дасягаць шэрагу буйных гарадоў Расеі, у тым ліку Масквы, піша «Тэлеграф».

Канстанцін Крывалап паведаміў, што зэнітная ракета FP-7 зараз на стадыі лётных выпрабаваньняў. Адначасова ўжо распрацоўваюць больш магутную ракету FP-9. Абедзьве ракеты балістычныя.

FP-9 будзе мець заяўленую далёкасьць палёту 850 кілямэтраў
Канстанцін Крывалап

«Гэтая ракета пакуль ня выйшла на лётныя выпрабаваньні, бо на іх выйшла толькі FP-7, якая ляціць 200 кілямэтраў, і цяпер гэтую далёкасьць трэба пацьвердзіць. FP-9 будзе мець заяўленую далёкасьць палёту 850 кілямэтраў», — растлумачыў экспэрт.

Паводле яго ацэнак, лётныя выпрабаваньні могуць пачацца ўжо ў чэрвені–ліпені. Акрамя далёкасьці палёту ў 850 кілямэтраў, вядома, што хуткасьць ракеты можа складаць прыблізна 2200 м/с, дакладнасьць пацэльваньня — 20 мэтраў, а вага баявой часткі — прыблізна 800 кіляграмаў.

Пра тое, што Ўкраіна можа атрымаць уласную балістычную ракету ў бліжэйшыя месяцы, у этэры тэлеканалу «Апостраф» паведаміў экспэрт у авіяцыі, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музэю авіяцыі Ўкраіны Валер Раманенка.

Паводле яго, цяпер да заключнага этапу выпрабаваньняў і далейшай сэрыйнай вытворчасьці рыхтуюцца дзьве ракетныя праграмы — комплекс «Сапсан» і ракета FP-7 ад кампаніі Firepoint.

Ён паведаміў, што праект «Сапсан» распрацоўваюць ужо шмат гадоў, але расейскія войскі наносілі ўдары па яго вытворчых магутнасьцях.

Пры гэтым ракета FP-7 ужо прайшла лётныя выпрабаваньні на далёкасьці прыблізна 100 кілямэтраў, вынікі апраўдалі чаканьні распрацоўнікаў. Цяпер рыхтуюць сэрыйную вытворчасьць.

Паводле Раманенкі, пэрспэктыўная ракета FP-9 можа пераўзысьці расейскі комплекс «Іскандэр» у далёкасьці і магутнасьці.

«FP-9 значна больш магутная за балістычны „Іскандэр“ як у далёкасьці, так і ў баявой частцы. Там баявая частка ўжо дасягае прыблізна 800 кіляграмаў, а далёкасьць — 900 кілямэтраў. Менавіта гэтым комплексам кіраўнік FirePoint пагражаў Маскве. Бо далёкасьцю ён накрывае ўсю Маскву. Гэта значыць, „Іскандэр“ знаходзіцца ў прамежку паміж FP-7 і FP-9. Але калі ўзяць „Сармат“, то далёкасьцю і іншымі характарыстыкамі гэтыя ракеты падобныя», — адзначыў экспэрт.

У лістападзе 2025 году суўладальнік і галоўны канструктар FirePoint Дзяніс Штылерман расказаў пра распрацоўку балістычных бесьпілётнікаў.

Штылерман заявіў, што кампанія завяршыла стварэньне першага балістычнага бесьпілётніка FP-7 і плянуе паставіць яго на ўзбраеньне да канца году. Паводле яго, FP-7 пабудаваны на базе савецкай сыстэмы С-400. Праблемныя пытаньні, якія спрабуюць вырашыць канструктары, — гэта рухавік ракеты, а таксама навігацыйная сыстэма. FirePoint таксама працуе над балістычным бесьпілётнікам FP-9, які можа паступіць на ўзбраеньне да чэрвеня 2026 году.

FP-7 прызначаны для паражэньня цэляў на адлегласьці да 200 кілямэтраў, у той час як FP-9 мае далёкасьць дзеяньня да 855 кілямэтраў, паведаміў галоўны канструктар FirePoint.

Крым у зоне паражэньня

Вайсковы экспэрт з Крыму, колішні ўкраінскі афіцэр, падпалкоўнік запасу, расказаў праекту «Крым. Рэаліі» на ўмовах ананімнасьці, што ракеты FP-7 змогуць паражаць цэлі ў некаторых раёнах Крыму залежна ад месца запуску.

Далёкасьць дзеяньня ракет FP-7 — да 200 кілямэтраў

«Далёкасьць дзеяньня ракет FP-7 — да 200 кілямэтраў. З улікам гэтых характарыстык у выпадку пускаў з Ачакава-Мікалаеўскага раёну будзе „накрытае“ паўночна-заходняе ўзьбярэжжа паўвострава, дзе знаходзіцца шмат аб’ектаў супрацьпаветранай абароны, а таксама базы Чарнаморскага флёту. А ў выпадку пускаў, напрыклад, з правага берагу Дняпра, зь Сьнегуроўкі або Вялікай Аляксандраўкі, пад абстрэлам апынуцца ўсе населеныя пункты на поўначы Крыму аж да Джанкою», — сьцьвярджае экспэрт.

Зона пацэльваньня ў Крыме для ракет FP-7. Скрыншот мапы Яндэксу
Зона пацэльваньня ў Крыме для ракет FP-7. Скрыншот мапы Яндэксу

Афіцэр запасу адзначае, што ўмоўныя пункты запуску выбралі прыблізна за 40-50 кілямэтраў ад лініі баявога судакрананьня — для бясьпекі ракетных пускавых установак. Але камандзіры выбіраюць канкрэтныя месцы залежна ад баявой абстаноўкі, выведнай інфармацыі і пастаўленых задач.

А вось для балістычных ракет FP-9, паводле яго, абмежаваньняў зонаў пацэльваньня на акупаваным паўвостраве ня будзе.

«Пры заяўленай далёкасьці 900 кілямэтраў гэтыя ракеты можна запускаць, напрыклад, з раёнаў Кіева, Жытоміра або Хмяльніцкага. FP-9 мае хуткасьць два махі — гэта ўдвая больш за хуткасьць гуку, 2200 кілямэтраў на гадзіну. Ракеты дасягнуць самых аддаленых цэляў у Крыме — у Севастопалі або Керчы — менш чым праз паўгадзіны, за 25 хвілін. З скарачэньнем далёкасьці запуску скароціцца і час палёту», — растлумачыў вайсковы экспэрт.

Ці мае Расея абарону ад украінскіх балістычных ракет

Балістычныя ракеты — складаныя цэлі для супрацьпаветранай абароны, тлумачыць вайсковы экспэрт з Крыму.

Траекторыю палёту ракеты ўмоўна можна падзяліць на тры часткі: узьлёт і разгон; палёт па-за шчыльнымі пластамі атмасфэры, дзе ракета набірае найбольшую хуткасьць; спуск і паражэньне цэлі.

«Вышыня, на якую падымаецца ракета, можа быць рознай, але часьцей за ўсё гэта прыблізна 100 кілямэтраў. Напрыклад, ракеты расейскага комплексу „Іскандэр“ падымаюцца на вышыню 100–150 кілямэтраў. Для FP-9 такіх лічбаў пакуль няма, але, мяркую, яны таксама ў гэтым дыяпазоне. Супрацьпаветраная абарона (СПА) можа зьбіць ракету толькі на канчатковым участку, і ў гэтым выпадку застаецца вельмі мала часу на выяўленьне цэлі, разьлік яе траекторыі і траекторыі палёту ракеты СПА. Напрыклад, нямецкая сыстэма СПА IRIS-T спраўляецца з гэтым у сярэднім за 10 сэкундаў, а амэрыканская Patriot — за 8–15 сэкундаў», — патлумачыў падпалкоўнік запасу.

Паводле экспэрта, у Расеі асноўным комплексам, які б’е па балістычных цэлях, ёсьць сыстэма СПА С-400 «Трыюмф».

Зэнітны ракетны комплекс С-400 «Трыюмф» у Крыме. Архіўнае фота
Зэнітны ракетны комплекс С-400 «Трыюмф» у Крыме. Архіўнае фота

«Яго радыёлякацыйная станцыя раньняга выяўленьня 91Н6Э мае інструмэнтальную далёкасьць дзеяньня да 600 кілямэтраў. Паводле тактыка-тэхнічнай інфармацыі, межы зоны прыкрыцьця на адлегласьці ад балістычных ракет складаюць ад 5 да 60 кілямэтраў. Аднак няма зьвестак аб яе рэальным выкарыстаньні ў баявых умовах супраць балістычных ракет, хоць гэтая сыстэма СПА знаходзіцца на ўзбраеньні шэрагу краін», — канстатаваў вайсковы экспэрт.

Ён адзначыў, што супраць балістычных ракет могуць выкарыстоўвацца і старыя комплексы С-300В або самыя сучасныя С-500 «Прамэтэй». Адрозьненьне толькі ў далёкасьці выяўленьня і далёкасьці паражэньня цэлі.

Расейскі вайсковы экспэрт Віктар Літоўкін расказаў газэце «Известия» пра мэтад паражэньня балістычных цэляў расейскімі ракетамі. Для зьнішчэньня зэнітнай ракеты яны «бʼюць у галаву цэлі». Паражаюць цэль шротам дзякуючы яго колькасьці. Такім чынам мае быць зьнішчана баявая частка ракеты. Радыюс дзеяньня ракеты рэзка скарачаецца — з 380 кілямэтраў да 15 — пры перахопе іншых аэрадынамічных цэляў.

Аднак, на думку прафэсіяналаў, гэты мэтад зьнішчэньня балістычных цэляў неэфэктыўны.

Так, напрыклад, у Defense Express зьвярнулі ўвагу на тое, што калі сапраўды няма кінэтычнага падрыву балістычнай цэлі, то эфэктыўнасьць паражэньня шротам будзе вельмі нізкай. Розьніца ў тым, што толькі фізычна ўрэзаўшыся ў цэль, можна гарантаваць яе нэўтралізацыю. У іншых выпадках ракета можа працягнуць курс, бо перахоп звычайна адбываецца ў другой палове палёту ракеты.

«Раней прынцып паражэньня шротам выкарыстоўвалі і амэрыканскія комплексы Patriot, але яго прызналі неэфэктыўным. Цяпер ракеты MSE паражаюць цэлі, урэзаўшыся ў іх», — патлумачыў экспэрт з Крыму.

Таму, як мяркуе афіцэр запасу Ўзброеных сілаў Украіны, расейская СПА ў Крыме можа мець праблемы з адбіцьцём украінскіх балістычных ракет.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG