У выніковым ПіКу Свабоды мы спыталі літоўскага вайсковага экспэрта Даруса Антанайціса, ці можна гэта назваць адказам на разьмяшчэньне расейскага «Арэшніку» на тэрыторыі Беларусі, на нядаўнія расейска-беларускіх вучэньні з практыкаваньнямі ў выкарыстаньні ядзернай зброі?
— Пакуль што ідуць толькі дыскусіі пра тое, што ядзернае ўзбраеньне магло б быць разьмешчанае ў Літве. Якое менавіта ўзбраеньне, пра гэта пакуль не гавораць. Але калі мы гаворым пра Літву, то не павінны разглядаць толькі адну Літву. Мусім гаварыць пра краіны NATO і краіны ЭЗ. Таму, калі ідзецца пра разьмяшчэньне ядзернага ўзбраеньня на тэрыторыі Літвы, то гэта магчыма толькі ў выпадку крызісу або вайны. Напрыклад, калі б Расея вырашыла напасьці на Фінляндыю, натуральна, мы далі б сваю тэрыторыю для разьмяшчэньня такога ўзбраеньня. Тое ж самае датычыцца сытуацыі, калі б Расея рыхтавалася напасьці на краіны Балтыі, Польшчу або Фінляндыю. Але сьцьвярджаць, што гэта адказ на расейскі «Арэшнік» у Беларусі, я б ня стаў. Па-першае, разьмяшчаць такую ракету ў Беларусі асаблівага сэнсу няма. Наадварот, падобныя сыстэмы звычайна разьмяшчаюць як мага далей ад мяжы. Таму я ня думаю, што гэта адказ на расейскі «Арэшнік».
— Каб разьмяшчэньне ядзернай зброі стала магчымым, Вільня выказала гатоўнасьць перагледзець сваю Канстытуцыю, якая цяпер забараняе знаходжаньне зброі масавага зьнішчэньня на тэрыторыі краіны. Прэзыдэнт ужо падтрымаў магчымыя папраўкі, спаслаўшыся на праблемы бясьпекі ў рэгіёне. Наколькі хутка можа адбыцца працэс зьмены Канстытуцыі і калі, на ваш погляд, такая зброя магла б зьявіцца ў Літве?
— Абарона свабоды і незалежнасьці сваёй краіны — гэта найвышэйшы прыярытэт. Абараняць незалежнасьць трэба ўсімі магчымымі сродкамі. Каб зьмяніць Канстытуцыю, патрэбны час. Для гэтага трэба правесьці рэфэрэндум або знайсьці іншы праўны мэханізм, але хутчэй за ўсё гаворка ідзе менавіта пра рэфэрэндум.
Што да разьмяшчэньня ядзернага ўзбраеньня, то гэта не карабок запалак. Для гэтага патрэбныя інфраструктура, адпаведныя пляны, сыстэмы бясьпекі. Трэба таксама разьмясьціць падразьдзелы, якія будуць ахоўваць гэтыя аб’екты. У нашым выпадку гэта былі б амэрыканскія вайскоўцы. Такія працэсы не адбываюцца за месяц ці два. Але калі б пачаўся крызіс ці вайна, рашэньні маглі б быць прынятыя вельмі хутка — літаральна за некалькі дзён.
— Калі ядзерная зброя хаўрусьнікаў зьявіцца ў Літве, ці стане краіна больш абароненай або, наадварот, больш уразьлівай як патэнцыйная цэль для Расеі?
— Для Расеі мы ўжо ёсьць цэльлю — незалежна ад таго, ёсьць у нас ядзерная зброя ці няма. Мы добра ведаем сваю гісторыю. Мы разумеем, што такое Расея. Калі на тэрыторыі Літвы будзе разьмешчана ядзернае ўзбраеньне, гэта не пра Літву як такую. Гэта пра NATO і Эўрапейскі Зьвяз. Разьмяшчэньне такога ўзбраеньня азначае, што пры патрэбе яго было б зручней выкарыстоўваць з гэтага рэгіёну. Акрамя таго, Расея не разглядае Літву асобна. З гледзішча апэрацыйнага плянаваньня для Расеі ўсе краіны Балтыі становяць сабой адзін апэратыўны рэгіён.
— Як, на ваш погляд, Масква і Менск могуць адрэагаваць на ўзмацненьне ядзернай прысутнасьці NATO ў рэгіёне?
— Стандартна, як заўсёды. Будуць рабіць гучныя заявы, пагражаць. Але гэта ня зьменіць рэальнай сытуацыі.
— Як бы вы ацанілі грамадзкія настроі ў Літве? Наколькі людзі баяцца магчымага нападу Расеі і наколькі краіна гатовая да такога сцэнару?
— Узровень страху сёньня значна ніжэйшы, чым быў у 2022 годзе, калі Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну. Тады страх быў максымальны. Цяпер людзі спакайней ацэньваюць сытуацыю. Вайскоўцы і дзяржаўныя структуры рыхтуюцца да магчымых сцэнароў вайны Расеі супраць NATO. Грамадзтва неаднароднае. Ёсьць людзі, якія дагэтуль баяцца. Ёсьць тыя, хто спакойна рыхтуецца. Ёсьць і такія, хто пра гэта наагул ня думае. А ёсьць нават тыя, хто чакае такога разьвіцьця падзеяў. Літва — дэмакратычная краіна, таму ўсе думаюць па-рознаму. Але большасьць грамадзтва разумее магчымыя пагрозы і рыхтуецца да іх. Рыхтаваньне датычыцца ня толькі вайсковай сфэры. Мы рыхтуемся супрацьстаяць інфармацыйным атакам Расеі, кібэратакам, якія адбываюцца практычна безупынна. Мы рыхтуемся, бо добра ведаем сваю гісторыю.
— Якія пагрозы вы сёньня лічыце найбольш сурʼёзнымі для Літвы й іншых краін Балтыі: ваенныя, гібрыдныя, кібэратакі або нешта іншае?
— Пакуль Расея захрасла ў вайне супраць Украіны, наўпроставая ваенная атака выглядае малаімавернай. Але нават калі б вайны ва Ўкраіне не было, напад Расеі на NATO быў бы для яе фактычна самагубствам. Хоць мы таксама ведаем, што Расея не заўсёды дзейнічае рацыянальна. Сёньня асноўныя пагрозы — гэта дывэрсіі, падпалы стратэгічных абʼектаў, сабатаж, прапаганда і кібэратакі. Усё гэта адбываецца практычна штодня.
— Якую галоўную навуку Літва і іншыя краіны NATO ўжо вынесьлі з вайны Расеі супраць Украіны?
— Першая і галоўная навука — мы моцныя настолькі, наколькі мы разам. Таму найважнейшае — мець надзейных сяброў і хаўрусьнікаў. Цывілізаваныя краіны падтрымліваюць Украіну фінансавым, вайсковым, дыпляматычным чынам і ў сфэры аднаўленьня інфраструктуры. Адзін дасужы, ды ня дужы. Трэба быць часткай супольнасьці моцных дзяржаваў.
— Як вы лічыце, ці здольны Аляксандар Лукашэнка прымаць самастойныя рашэньні ў выпадку, калі ваенныя дзеяньні будуць весьціся з тэрыторыі Беларусі?
— Лукашэнка можа вырашаць, калі зьбіраць бульбу, але я ня думаю, што ён мае магчымасьць самастойна прымаць рашэньні наконт ваенных апэрацыяў за межамі Беларусі. Беларускае войска фактычна залежыць ад Расеі. Беларускія афіцэры вучацца ў Расеі. Расейскія вайскоўцы таксама знаходзяцца ў Беларусі. Беларускія ўзброеныя сілы цалкам інтэграваныя ў расейскую вайсковую сыстэму.
Форум