Эван Ньюман зьявіўся у Беларусі ў верасьні 2021 году. Паводле агучанай ім вэрсіі, амэрыканец трапіў у Менск праз Украіну. Ньмана шмат паказвалі на дзяржаўных телеканалах, менш чым праз год знаходжаньня ў Беларусі ён атрымаў тут палітычны прытулак.
На радзіме ў ЗША Эвана Ньюмана падазравалі ў 14 злачынных эпізодах, у тым ліку ў штурме Капітолія і нападзе на афіцэраў паліцыі. Неўзабаве пасьля атрыманьня статуса палітуцекача Ньюман асеў у Берасьці, дзе пачаў працаваць рэпэтытарам ангельскай мовы для дзяцей, а затым адчыніў рэстаран амэрыканскай кухні Route 66.
«Мяне зьдзівіла, якія ў вас чыстыя вуліцы і як усё дакладна арганізавана, — расказваў Ньюман у адным з інтэрв’ю беларускім прапагандыстам. — Аўтобусы езьдзяць пастаянна, цягнікі езьдзяць пастаянна. Гэта прыемна зьдзівіла».
Увосень 2024 году пасаду прэзыдэнта ЗША заняў Дональд Трамп, актыўным прыхільнікам якога зьяўляецца Ньюман. Зімой 2025 году Трамп памілаваў Ньюмана разам з іншымі ўдзельнікамі штурму Капітолія. Нейкі час пасьля гэтага амэрыканец заставаўся ў Берасьці. Але ўжо летам 2025 сацсеткі яго рэстарана Route 66 перасталі абнаўляцца, а па адрасе установы зьявіўся іншы рэстаран. «Яны закрыліся летам яшчэ», — расказалі там Свабодзе пра лёс берасцейскага бізнэса Ньюмана.
Як стала вядома Свабодзе, у цэнтры па вывучэньні ангельскай мовы, дзе амэрыканец працаваў пасьля атрыманьня палітычнага прытулку ў Беларусі, яго таксама больш няма. Некалькі крыніц пацьвердзілі, што неўзабаве пасьля памілаваньня Ньюман вярнуўся ў ЗША.
Падрабязьней даведацца пра тое, як склаўся лёс некаторых іншых вядомых перабежчыкаў з Захаду ў Беларусь, можна ў нашай публікацыі па гэтай спасылцы.
Форум