Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцу, які ўцёк у Беларусь з ЗША, выставілі абвінавачаньні ў справе штурму Капітолію


Эван Ньюман

Грамадзяніну Злучаных Штатаў, які ўцёк у Беларусь, на радзіме выставілі абвінавачаньні ў нападзе на паліцыянтаў і ў іншых злачынствах, зьвязаных зь беспарадкамі 6 студзеня ў Капітоліі ЗША.

Эвану Ньюману 10 сьнежня ў Вашынгтоне выставілі абвінавачаньні ў 14 крымінальных правапарушэньнях. Абвінаваўчы акт дапаўняе абвінавачаньні, якія перш былі ў крымінальнай справе, распачатай супраць 49-гадовага Ньюмана ў сакавіку.

Офіс пракурора ў Вашынгтоне паведаміў, што на момант падачы першай скаргі Ньюман ужо ўцёк са Злучаных Штатаў і зараз, як мяркуюць, знаходзіцца ў Беларусі. Справу расьсьледуе ФБР, на арышт мужчыны ўжо ёсьць ордэр, гаворыцца ў заяве.

Паводле абвінавачаньня, падчас беспарадкаў у Капітоліі Ньюман засунуў мэталічную перагародку ў шэраг афіцэраў і ўдарыў некалькіх зь іх перагародкай і кулаком. У інтэрвію беларускай дзяржаўнай тэлевізіі ў лістападзе Ньюман адпрэчыў абвінавачаньні, назваўшы іх «палітычным перасьледам».

У ЗША няма дамовы аб экстрадыцыі зь Беларусьсю. У мінулым месяцы Дзяржаўны дэпартамэнт адмовіўся камэнтаваць справу, спасылаючыся на законы аб канфiдэнцыйнасьцi.

Пасьля беспарадкаў больш за 700 чалавек былі арыштаваныя за злачынствы, зьвязаныя з нападам на Капітолій у ЗША, у тым ліку больш за 220 чалавек, якіх абвінавачваюць у нападзе ці перашкодах дзейнасьці праваахоўных органаў.

15 жніўня Ньюмана затрымалі беларускія памежнікі пасьля нелегальнага пераходу мяжы. Ён сьцьвярджае, што ва Ўкраіне за ім цікавала СБУ і ад перасьледу ўкраінскіх спэцслужбаў ён вырашыў схавацца ў Беларусі і прасіць палітычнага прыстанішча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG