Амэрыканскія вайскоўцы заявілі аб правядзеньні трэцяга раўнду «самаабарончых» удараў па іранскіх аб’ектах, у той час як Тэгеран раніцай 1 чэрвеня адказаў ракетнымі і бесьпілётнымі атакамі на хаўрусьніка ЗША ў Пэрсыдзкай затоцы — Кувэйт.
«Цэнтральнае камандаваньне ЗША (CENTCOM) нанесла ўдары з мэтай самаабароны па іранскіх радарах і пунктах камандаваньня і кіраваньня бесьпілётнікамі ў Гаруку, Іран, і на востраве Кэшм у гэтыя выходныя», — гаворыцца ў заяве амэрыканскага вайсковага камандаваньня, адказнага за дзеяньні на Блізкім Усходзе.
Гэтая апэрацыя стала прынамсі трэцім публічна абвешчаным амэрыканскім ударам па іранскіх цэлях з моманту ўступленьня ў сілу дамовы аб спыненьні агню ў пачатку красавіка.
Гэта адбываецца ў той час, калі амэрыканскія і іранскія чыноўнікі абменьваюцца чарадой прапановаў аб магчымасьці падаўжыць цяперашні рэжым спыненьня агню на 60 дзён, а таксама патэнцыйнага адкрыцьця Армускай пратокі і зьняцьця блякады іранскіх партоў сіламі ЗША.
Белы дом адмовіўся ад камэнтароў і накіраваў рэпартэра Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Цэнтральнае камандаваньне ЗША. Цэнтральнае камандаваньне заявіла, што ўдары былі прынамсі часткова адказам на зьбіцьцё амэрыканскага бесьпілётніка іранскімі войскамі. Цэнтральнае камандаваньне назвала ўдары ЗША «ўзважанымі і мэтанакіраванымі» Яны адбыліся ў суботу і нядзелю «ў адказ на агрэсіўныя дзеяньні Ірану, у тым ліку зьбіцьцё амэрыканскага бесьпілётніка MQ-1, які дзейнічаў над міжнароднымі водамі».
У заяве таксама гаворыцца, што амэрыканскія самалёты адказалі «зьнішчэньнем іранскіх сродкаў супрацьпаветранай абароны, наземнай станцыі кіраваньня і двух бесьпілётнікаў, якія несьлі відавочную пагрозу караблям, якія праходзілі праз рэгіянальныя воды». Паведамляюць, што ў выніку апэрацыі ніхто з амэрыканскіх вайскоўцаў не пацярпеў.
Іранскія дзяржаўныя СМІ цытуюць паведамленьне Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), які заявіў, што цэльлю іранскіх удараў была авіябаза, якую выкарыстоўвалі амэрыканскія войскі для апошніх нападаў, але не ўдакладніў, у якой яна краіне.
У той жа час кувэйцкія вайскоўцы заявілі, што іх супрацьпаветраная абарона сутыкнулася з «варожымі ракетнымі атакамі і атакамі бесьпілётнікаў», бо сырэны паветранай трывогі працавалі па ўсім Кувэйце. Гэтая невялікая краіна Пэрсыдзкай затокі часта станавілася мішэньню для ўдараў у адказ з боку Тэгерану, які сьцьвярджаў, што ўдары ЗША былі зьдзейсьненыя зь яе тэрыторыі.
7 траўня пасьля іранскіх нападаў на караблі ВМС ЗША з выкарыстаньнем ракет, бесьпілётнікаў і малых лодак амэрыканскія войскі нанесьлі ўдары ў адказ, а 25 і 27–28 траўня нанесьлі дадатковыя ўдары па ракетных абʼектах, караблях-мінавальніках і іншых ваенных цэлях, якія, з словаў Вашынгтону, пагражалі сілам ЗША і камэрцыйнаму суднаходзтву ў Армускай пратоцы.
Форум