Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пацьвердзілі новыя ўдары па Іране і заявілі аб перахопе дронаў паблізу Армускай пратокі

Амэрыканскія вайсковыя караблі, травень 2026 году
Амэрыканскія вайсковыя караблі, травень 2026 году

Амэрыканскія войскі нанесьлі новыя ўдары па іранскім вайсковым аб’екце і перанялі некалькі бесьпілётнікаў паблізу Армускай пратокі.

Як паведамляе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, гэта адбылося нягледзячы на прагрэс у дыпляматычных намаганьнях дасягнуць угоды аб спыненьні канфлікту.

Паводле амэрыканскіх службоўцаў, якія гаварылі з рэпартэрамі пры ўмове ананімнасьці, аб’ект, па якім нанесьлі ўдар, ацэньваўся як патэнцыйная пагроза для амэрыканскіх войскаў і гандлёвага суднаходзтва ў раёне стратэгічнага воднага шляху.

Адзін службовец заявіў, што амэрыканскія войскі таксама зьбілі чатыры іранскія ўдарныя бесьпілётнікі і атакавалі наземны пункт кіраваньня ў паўднёвым партовым горадзе Бандар-Абас, дзе рыхтавалі да запуску пяты дрон.

Бандар-Абас знаходзіцца на паўднёвым узьбярэжжы Ірану ўздоўж Пэрсыдзкай затокі паблізу Армускай пратокі — аднаго з найважнейшых у сьвеце морскіх шляхоў, якім да пачатку вайны ў канцы лютага праходзіла прыблізна пятая частка ўсясьветнага транзыту нафты.

«Іранскія бесьпілётнікі несьлі пагрозу абшару вакол Армускай пратокі», — сказаў службовец і дадаў, што празь дзеяньні Ірану на водным шляху адбываліся безупынныя перабоі.

Паводле яго, дзеяньні амэрыканскіх войскаў былі «ўзважанымі, чыста абароннымі і скіраванымі на падтрыманьне спыненьня агню».

Цэнтральнае камандаваньне ЗША (CENTCOM) неўзабаве пацьвердзіла гэтыя ўдары. У заяве CENTCOM паўтараецца ацэнка гэтых дзеяньняў як абаронных і накіраваных на спыненьне агню.

Раней на гэтым тыдні ЗША заявілі, што нанесьлі «ўдары самаабароннага характару» па караблях, якія, як сказана, расстаўлялі морскія міны. Іран асудзіў гэтыя апэрацыі і назваў іх парушэньнем «крохкай дамоўленасьці аб спыненьні агню».

Апошнія абмены ўдарамі сьведчаць аб працягу нестабільнасьці ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі, нягледзячы на заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які намякаў на прагрэс у дыпляматычных захадах. Злучаныя Штаты і Іран абменьваліся прапановамі праз пакістанскіх пасярэднікаў.

Алекс Рауфоглу, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода


Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG