Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп намякае на новыя ўдары супраць Ірану, але выйсьця з крызісу ня бачна

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у Белым доме. 18 траўня 2026 году
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у Белым доме. 18 траўня 2026 году

Цягам двух дзён прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова згадваў, што спыненьне агню з Іранам можа быць сарванае новымі амэрыканскімі вайсковымі ўдарамі. Гэтыя заявы ўважліва аналізуюць экспэрты і палітыкі.

У допісе ў Truth Social 18 траўня Трамп паведаміў, што лідэры Катару, Саудаўскай Арабіі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў папрасілі яго адкласьці тое, што ён назваў «заплянаванай вайсковай атакай», прызначанай на 19 траўня, каб даць дыпляматыі больш часу.

19 траўня ён заявіў, што атака можа адбыцца «ў пятніцу, суботу, нядзелю, калісьці, можа, у пачатку наступнага тыдня», яшчэ больш узмацніўшы рыторыку адносна Ірану.

Празь некалькі гадзін у размове з Радыё Свабода кангрэсмэн Дон Бэйкан, уплывовы рэспубліканец у Камітэце Палаты прадстаўнікоў па ўзброеных сілах, сказаў, што далейшыя ўдары сапраўды могуць быць неабходныя.

«У іх ня можа быць ядзернай зброі, — сказаў ён. — Я думаю, што патрэбная вайсковая сіла».

Бэйкан падтрымаў ідэю, што Трамп павінен атрымаць дазвол Кангрэсу на новыя ўдары. Законапраект, які абавязаў бы яго зрабіць гэта, у той жа дзень прайшоў першае працэдурнае галасаваньне ў Сэнаце.

Сэнатар Ліндзі Грэм, блізкі саюзьнік Трампа, які галасаваў супраць патрабаваньня атрымліваць згоду Кангрэсу на працяг вайсковых дзеяньняў, таксама, выглядае, падтрымлівае магчымасьць новых удараў. Пасьля заяваў Трампа 19 траўня ён напісаў у сацыяльных сетках, што «[іранскі] рэжым меў месяцы, каб дамовіцца, але мне відавочна, што яны проста гуляюць у гульні».

Адмірал Брэд Купэр, кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША, якое кантралюе амэрыканскія сілы на Блізкім Усходзе, заявіў падчас слуханьняў у камітэце Кангрэсу па ўзброеных сілах: «Наша задача — быць гатовымі, і мы гатовыя».

Стратэгічная дылема

Але экспэрты, зь якімі паразмаўляла Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, адзначаюць, што хоць цяпер можа ўзьнікнуць новы імпульс для выхаду з тупіку ў адносінах з Іранам, сама стратэгічная дылема супрацьстаяньня ў Пэрсыдзкай затоцы не зьмянілася.

«Блякада нафты, якая выходзіць з затокі, і блякада матэрыялаў, якія паступаюць у Іран, ня могуць працягвацца бясконца», — сказаў РСЭ/РС Марк Канцыян, старэйшы дарадца Дэпартамэнту абароны і бясьпекі ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў.

«Няма сумневу, што адміністрацыя шукае выйсьце. Яны вельмі хочуць скончыць гэты канфлікт», — дадаў ён.

Дэні Цытрыновіч, старэйшы дасьледчык Ірану ў ізраільскім Інстытуце дасьледаваньняў нацыянальнай бясьпекі, адзначыў, што цяперашняя сытуацыя паказвае некалькі важных рэгіянальных тэндэнцыяў.

На яго думку, іранскае стрымліваньне ў адносінах да дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі працуе: урады рэгіёну ўсё больш зыходзяць з таго, што ні іхныя ўласныя вайсковыя магчымасьці, ні амэрыканская моц ня здольныя надзейна перадухіліць маштабны адказ Ірану.

Падчас вайны краіны затокі прынялі на сябе асноўны ўдар іранскіх атак, а Аб’яднаныя Арабскія Эміраты зазналі нават больш нападаў, чым Ізраіль, які непасрэдна ўдзельнічаў у вайне.

«У рэгіёне ўзрастае разуменьне таго, што іранскі рэжым перажыў цяперашнюю кампанію і што дадатковыя вайсковыя дзеяньні могуць не зьмяніць стратэгічную карціну ў прынцыпе», — напісаў ён.

Цытрыновіч адзначыў, што рашэньне Трампа адмяніць новыя ўдары 18 траўня «больш падобнае да тактычнай адтэрміноўкі, чым да стратэгічнага павароту», бо пры адсутнасьці «істотнага кампрамісу» на мірных перамовах «тая самая дылема, хутчэй за ўсё, вернецца да прэзыдэнта Трампа з яшчэ большай сілай».

Дыпляматыя сутыкаецца з перашкодамі

Падобную ацэнку даў і Алі Ваэз, кіраўнік Іранскага праекту ў Міжнароднай крызіснай групе. У інтэрвію Радыё Фарда (Іранская служба Радыё Свабода) ён сказаў, што ў другарадных пытаньнях, магчыма, назіраецца пэўнае збліжэньне пазыцыяў.

У прыватнасьці, ён зьвярнуў увагу на сыгнал міністра замежных спраў Ірану Абаса Арагчы падчас саміту BRICS на мінулым тыдні пра тое, што Тэгеран можа быць гатовы перадаць свае запасы ўрану, узбагачанага да 60 працэнтаў, трэцяй краіне, магчыма Расеі. Аднак Вашынгтон працягвае настойваць, каб гэты матэрыял быў перададзены Злучаным Штатам.

Але ў асноўных пытаньнях — шырэйшай ядзернай праблеме і лёсе Армускай пратокі — паміж бакамі застаюцца сур’ёзныя разыходжаньні.

На думку Ваэза, амэрыканская блякада іранскіх партоў наўрад ці стане тым вырашальным інструмэнтам, на які разьлічвалі яе прыхільнікі ў Вашынгтоне. Калі блякаду ўвялі ў красавіку, некаторыя прагназавалі, што Іран здасца цягам некалькіх дзён, але гэты прагноз аказаўся памылковым.

Паколькі Ісламская Рэспубліка ня мае ваганьняў у тым, каб перакладаць эканамічныя цяжкасьці на насельніцтва і здольная ўтрымліваць унутраны кантроль праз рэпрэсіі, сказаў Ваэз, нават эканамічны каляпс не абавязкова прывядзе да палітычнай капітуляцыі Тэгерану.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG