Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ пацьвердзіла пашкоджаньні на Запароскай АЭС, якія пакінуў бесьпілётнік

Запароская АЭС
Запароская АЭС

Запароская атамная электрастанцыя застаецца пад пагрозай праз баявыя дзеяньні. На гэтую хвіліну пра падвышэньне радыяцыйнага фону вакол станцыі інфармацыі няма. Гэта першая атака на пэрымэтры станцыі больш як за два гады.

Міжнародная агенцыя атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) атрымала інфармацыю пра тое, што 31 траўня бесьпілётнік ударыў па турбінным будынку на аб’екце, у выніку чаго ў яго сьцяне нібыта ўтварылася адтуліна. Генэральны дырэктар Рафаэль Гросі па атрыманьні паведамленьня выказаў «сур’ёзную заклапочанасьць» з нагоды здарэньня, якое паставіла пад пагрозу «як 7 неад’емных слупоў забесьпячэньня ядзернай бясьпекі падчас канфлікту, так і 5 канкрэтных прынцыпаў абароны АЭС», у якіх выразна гаворыцца, што «не павінна быць ніякіх нападаў з боку або супраць» станцыі.

Каманда МАГАТЭ на Запароскай АЭС запытала доступ для агляду пацярпелага турбіннага будынку. У арганізацыі заявілі, што гэта першая атака бесьпілётнікаў у межах пэрымэтру пляцоўкі ЗАЭС з красавіка 2024 году.

У выніку камандзе МАГАТЭ на ЗАЭС расейскія ўлады, якія кантралююць абшар вакол станцыі, далі дазвол на агляд. Каманда заўважыла пашкоджаньні вонкавага выгляду турбіннага будынку, які, паводле словаў кіраўніцтва станцыі, напярэдадні пашкоджаны бесьпілётнікам.

У час агляду месца аварыі каманда ўбачыла пашкоджаньні мэталічнага люку, разьмешчанага на некалькіх узроўнях вышэй у будынку, а таксама некалькі абломкаў і рэшткі абгарэлага аптычнага валакна на зямлі. Назіраньні адпавядаюць інфармацыі пра ўдар бесьпілётніка. МАГАТЭ таксама запытала доступ унутр будынка, адзначыўшы, што ён знаходзіцца непасрэдна побач з рэактарным блёкам 6, для далейшага агляду.

«У час агляду камандзе было загадана адправіцца ў сховішча, пасьля таго як яна пачула гук бесьпілётнікаў паблізу і стрэлы. Каманда ўсё яшчэ змагла пацьвердзіць з дапамогай свайго вымяральнага абсталяваньня, што ўзровень радыяцыі на аб’екце застаецца нармальным», — адзначыла МАГАТЭ ў заяве.

Генэральны дырэктар арганізацыі Рафаэль Гросі назваў удар «сур’ёзным здарэньнем, які паставіў пад пагрозу ключавыя прынцыпы ядзернай бясьпекі».

«Напады на ядзерныя аб’екты непрымальныя і павінны быць спыненыя, каб прадухіліць вельмі рэальную рызыку ядзернай аварыі, якая нікому не прынясе карысьці», — даў ён.

Чаму гэта важна?

Становішча на Запароскай АЭС надзвычай важнае для бясьпекі і жыцьця ў рэгіёне. Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.

Тэрыторыя станцыі пэрыядычна знаходзіцца пад абстрэламі, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.

У ліпені 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі. Расея праігнаравала ўсе патрабаваньні і рэзалюцыі.

Пры гэтым энэргіяй станцыю сілкуе Ўкраіна, а не Расея, якая акупавала Энэргадар. Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ўкраінскія энэргетыкі ўжо 42 разы аднаўлялі лініі электраперадач, якія падтрымліваюць забесьпячэньня Запароскай станцыі. У кастрычніку 2025 году Ўкраіна зноў аднавіла сілкаваньне ЗАЭС, якая месяц цалкам была адключаная ад электраэнэргіі.

Акрамя таго, вядома, што на Беларускай АЭС у Астраўцы на момант пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Ўкраіны працавалі прыблізна 30 адмыслоўцаў з Запароскай АЭС. Цяпер яны атрымліваюць беларускае грамадзянства або вяртаюцца на захопленую Расеяй атамную станцыю ў Энэргадар як супрацоўнікі карпарацыі «Расатам».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG