Запароская АЭС, бочкі з адпрацаваным палівам. Архіўнае фота
Міністар энэргетыкі Ўкраіны Сьвятлана Грынчук паведаміла, што аднаўленьне энэргазабесьпячэньня захопленай Расеяй Запароскай АЭС дазволіла вывесьці станцыю з рэжыму поўнага блэкаўту, які працягваўся цэлы месяц.
«Пасьля завяршэньня рамонту лініі 750 кВ „Дняпроўская“ працягваецца рамонт лініі 330 кВ „Ферасплаўная“. Увесь гэты час бясьпека найбольшай у Эўропе атамнай станцыі падтрымлівалася выключна за кошт работы аварыйных дызэль-генэратараў, што стварала беспрэцэдэнтную пагрозу ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы ня толькі Ўкраіны, аі ўсяго эўрапейскага кантынэнту», — напісала міністар энэргетыкі Ўкраіны Сьвятлана Грынчук на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яе, прычынай абясточваньня Запароскай АЭС сталі сыстэматычныя абстрэлы і пашкоджаньне ліній электраперадач з боку Расеі. Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ўкраінскія энэргетыкі ўжо 42 разы аднаўлялі лініі электраперадач, якія падтрымліваюць забесьпячэньня Запароскай станцыі.
Міністар энэргетыкі Ўкраіны перакананая, што адзіным шляхам да гарантаваньня доўгатэрміновай ядзернай бясьпекі зьяўляецца дэакупацыя, дэмілітарызацыя станцыі і вяртаньне яе пад поўны законны кантроль украінскага апэратара — кампаніі «Энэргаатам».
18 кастрычніка Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) паведаміла, што спэцыялісты-рамонтнікі былі дапушчаныя да аб’екта, дзякуючы дамоўленасьцям аб спыненьні агню, дасягнутым паміж Расеяй і Ўкраінай.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.
Тэрыторыя станцыі пэрыядычна знаходзіцца пад абстрэламі, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.
У ліпені 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі.
Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.
Форум