У Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі паведамілі аб укараненьні штучнага інтэлекту (ШІ) ў аўтаматызаваны пункт кіраваньня «Рось», які зможа выяўляць бесьпілётнікі, прагназаваць іх маршрут і выбіраць найбольш эфэктыўныя спосабы супрацьдзеяньня.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, ААТ «КБ Радар» завяршае распрацоўку адпаведнага аўтаматызаванага комплексу.
«Навінка прызначаная для аўтаматызаванага і неаўтаматызаванага кіраваньня сродкамі радыёманіторынгу і радыёпрыгнечаньня каналаў сувязі, перадачы зьвестак і спадарожнікавай навігацыі», — паведамілі ў ведамстве.
Пры дапамозе тэхналёгій штучнага інтэлекту гэты пункт можа выяўляць крыніцы радыёвыпраменьваньняў і пралічваць разьвіцьцё радыёэлектроннай абстаноўкі, аўтаматычна выбіраючы рэжымы падаўленьня бяз шкоды для сваіх каналаў сувязі.
«Комплекс у рэальным часе падладжваецца пад любыя зьмены радыёэлектроннай абстаноўкі, аптымальна разьмяркоўваючы нагрузку на каналы радыёпрыгнечаньня», — паведамілі ў камітэце.
У школах уводзяць факультатыў па штучным інтэлекце
У Міністэрстве адукацыі Беларусі паведамілі, што з наступнага навучальнага году для вучняў 8–11 клясаў уводзяць факультатыў «Прыкладныя тэхналёгіі штучнага інтэлекту».
Як вынікае з зацьверджанай праграмы, школьнікі будуць вывучаць прынцыпы работы сучасных ШІ-сэрвісаў і генэратыўных мадэляў, выкарыстаньне штучнага інтэлекту для аналізу зьвестак, стварэньня кантэнту і апрацоўкі інфармацыі, этычныя нормы і правілы бясьпекі пры працы з ШІ і гэтак далей.
У Міністэрстве адукацыі адзначылі, што неўзабаве праграмы такіх факультатыўных занятак апублікуюць.
Дзе яшчэ выкарыстоўваюць штучны інтэлект
У жніўні 2025 году стала вядома, што сама меней на двух газавых прадпрыемствах пачала працаваць робат-асыстэнтка Алена, створаная пры дапамозе штучнага інтэлекту.
У кастрычніку паведамілі, што ў Менску рынкавы кошт кватэраў будзе ацэньваць штучны інтэлект.
Перад гэтым, у красавіку 2025-га, разьвіцьцё штучнага інтэлекту ўключылі ў прыярытэтныя кірункі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці ў Беларусі на 2026–2030 гады.
Сёлета ў красавіку раённае выданьне «Крычаўскае жыцьцё» паведаміла аб залучэньні ў яго працу журналіста, створанага пры дапамозе штучнага інтэлекту, а ў дарожным прадпрыемстве «Белдарсувязь» аб стварэньні з выкарыстаньнем ШІ сыстэмы папярэджаньня аварыяў з удзелам дзікіх жывёлаў.
Форум