Як адзначаецца ў Telegram-канале НАН, на сустрэчы прадэманстравалі песьні, створаныя пры дапамозе штучнага інтэлекту на беларускай мове, а дыялёг вялі як па-беларуску, гэтак і па-ангельску — у ім разам зь беларускімі ўдзельнічалі студэнты зь Нігеру, Зымбабвэ, Кітаю, Узбэкістану і іншых краін.
Прыклады сваіх песьняў, створаных пры дапамозе штучнага інтэлекту, прадэманстраваў галоўны рэдактар газэты «Навука» Сяргей Дубовік.
«Ёсьць штучны інтэлект, і калі яго, як таго каня лейцы, узяць у свае рукі, можна дасягнуць пэўных вынікаў», — сказаў ён у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Першы інфармацыйны».
Паводле яго, цяпер беларускамоўныя песьні ствараюцца пры экспэртнай падтрымцы Інстытуту мовазнаўства. «Рэч у тым, што ня ўсё ў нас вымаўляецца добра з штучным інтэлектам, вядома ж, трэба націскі расстаўляць уручную — з націскамі гэта яшчэ праблема. Неяк так бывае, калі Г вымаўляе як Ґ. Вось так прыкладна», — дадаў ён.
Сяргей Дубовік адзначыў, што стварэньне штучным інтэлектам песьні на беларускай мове становіцца папулярным. «Пасьля сустрэчы падыходзілі людзі, запытвалі, як стварыць самаму і колькі гэта каштуе. Гэта можа нічога не каштаваць, ёсьць бясплатныя тарыфы. А калі патрабуюцца пашыраныя магчымасьці, патрэбныя ўкладаньні», — сказаў галоўны рэдактар газэты «Навука».
Форум